Сцэна са спектакля. / Фота прадастаўлена аўтарам
Эскізы для спектакля "Шматочкі па закуточках".
Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” вырашыў парадаваць маленькіх гледачоў спектаклем “Шматочкі па закуточках” па п’есе расійскага пісьменніка Рыгора Остэра, вядомага дзіцячаму чытачу, у тым ліку і бацькам, сваім дасціпным цыклам кніг пад назвай “Шкодныя парады”. Для пастаноўкі спектакля з Мінска быў “выпісаны” творчы “дэсант” на чале з рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандрам Янушкевічам. Мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян прыдумала сюррэалістычныя дэкарацыі, якія аддалена нагадалі мне каменныя груды Стоўнхэнджа. І, калі прызначэнне гэтага будынка да канца не разгадана, то ў “Стоўнхэнджы” лялечнага тэатра асобныя элементы дэкарацыі выконваюць функцыю ўмоўных хатак, дзе жывуць персанажы казкі. Артыст адкрывае патаемныя “дзверцы”, за якімі хаваецца лялька, — гэта і ёсць яе жытло. Па гэтых дзіўных фігурах у пачатку спектакля ўніз спускаюцца белыя колы, імітуючы сход снегу, а напрыканцы яго, нібы ў цыркавым фокусе, на іх з’яўляюцца ды расцвітаюць белыя рамонкі, што азначае канчатковы прыход вясны. Па ходзе спектакля гэтыя ж дэкарацыі рухаюцца па крузе, змяняючы месца дзеяння. Неабходныя для новай сцэны пабудовы выязджаюць з-за куліс, а лішнія, наадварот, з’язджаюць туды. У адладжаным працэсе руху заняты ўсе артысты спектакля, якія старанна хаваюцца ад гледачоў за гэтымі сюррэалістычнымі фігурамі.
Ільвіная доля поспеху лялечнага спектакля залежыць ад фантазіі мастака-пастаноўшчыка і ад таго, якімі характэрнымі рысамі ён надзеліць лялечных персанажаў. Гэтая праца падобная да працы мастака анімацыйных фільмаў. Драпежнікі са спектакля хоць і з ікламі, аднак зусім не нагадваюць драпежнікаў у прамым разуменні. Адбываецца гэта яшчэ дзякуючы акцёрскай гульні і падачы. Мае асабістыя глядацкія сімпатыі выклікала візуальнае рашэнне вобраза Зайца.
Сюжэт казкі просты. З надыходам вясны ледзяная хатка, у якой жыла Ліса, растала. Заяц прапануе ёй падзяліць сваё жыллё. Ліса ж з дапамогай няхітрых маніпуляцый выжывае Зайца з уласнага дома, і той, спрабуючы аднавіць справядлівасць, заклікае ў выратавальнікі спачатку Ваўка, потым Мядзведзя, Быка... І толькі Певень прыдумляе адзіна верны спосаб, як дапамагчы Зайцу вырашыць яго праблему. Перыпетыі сюжэта знайшлі свой водгук у зале ў асобе хлапчука, што сядзеў побач са мной. На чарговы маналог Зайца, які галасіў, юны глядач напаўголасу выгукнуў: “Дык знайдзі сабе іншы домік!” Потым ён секунду памаўчаў і па-філасофску дадаў: “Сваё жыллё абараняць трэба!”
У спектаклі мінскай каманды ёсць свае цікавыя знаходкі. Напрыклад, белае футра Зайца, якое ён здымае з сябе на пачатку казкі, каб праветрыць, перш чым адправіць на захоўванне ў шафу да надыходу зімы. Або “раздваенне” галоўнага героя: на сцэне адначасова дзейнічаюць дзве лялькі — рэальны персанаж і яго двайнік, якога Ліса, апраўдваючыся перад Ваўком, надзяляе адмоўнымі рысамі. Або Мядзведзь: гэта адзіны персанаж, вырашаны як роставая лялька, у сярэдзіне якой працуе акцёр. Прыдумана гэта, каб падкрэсліць фізічную моц звера, у візуальную процівагу іншым персанажам — пальчаткавым лялькам.
Мне падалося, што дзеі бракуе дынамікі. Адбываецца гэта з-за перамяшчэння элементаў дэкарацыі на сцэне. Вельмі цікавую і самадастатковую музыку да спектакля напісаў кампазітар Аляксандр Літвіноўскі. Яна, безумоўна, трапляе “ў яблычак”, і яе характар адпавядае атмасферы пачатку ды фіналу спектакля. Не стае ж мінорных тэм, якія маглі б падкрэсліць драматычныя моманты казкі.
Пад час прагляду нараджаліся думкі: фізічна моцны і дужы — не значыць смелы і адважны (Бык). На жаль, у жыцці існуе катэгорыя людзей, якія дзеля сваіх карыслівых мэт здольныя ўзвесці паклёп на кагосьці іншага, і нечая адкрытасць, даверлівасць для іх — добрая глеба.
Пра што спектакль у цэлым? Пра момант справядлівасці. І тут я прывяду словы аднаго персанажа казкі: “Справядлівасці на свеце не “колькі хочаш” — яе “колькі можаш”. Колькі яе сам зробіш — столькі яе на свеце і будзе!”
Галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў паведаміў, што “Шматочкі па закуточках” заяўлены ў праграме Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, які пройдзе ў Мінску з 15 па 19 мая.