Вікенцій АДАМОВІЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама:
— У нашым раёне з вялікім піетэтам ставяцца да народнай спадчыны. Сведчаннем таму — захаванне старадаўняй традыцыі ткацтва паясоў, аднаўленне мясцовых строяў. Паясы ж у нас, на Валожыншчыне, адметныя тэхналогіяй ткацтва “на ніту” — спосабам замацавання нітак падчас вытворчага працэсу. Сёння валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю, у тым ліку ў час правядзення вясельных абрадаў. Калі ж казаць пра далейшае захаванне традыцыі, то цяпер у раёне дзейнічаюць гурткі па ткацтве для дзяцей.
Далучаны да захавання і папулярызацыі традыцыі ткацтва паясоў і мясцовы музей. Турыст там заўсёды можа знайсці і набыць абраны паясок на памяць, гэтаксама, як на свае вочы ўбачыць традыцыю ткацтва пад час экскурсійных праграм.
Вялікую ролю ў захаванні традыцыі ткацтва адыгрывае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” Раённага цэнтра культуры. У ім, да слова, дзейнічае салон, дзе можна набыць не толькі паясы, але і вырабы ганчароў, саматканыя ручнікі. Зразумела, кошты на такія аўтарскія рэчы — адпаведныя. Але ж галоўнае, што сёння ці не ў кожным СДК раёна рамёствы культывуюцца.
Ігар ЛЯБЕЦКІ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама:
— Гродзенскі раён адметны на аб’екты нематэрыяльнай спадчыны. Так, у г.п. Сапоцкін захавалася лакальная традыцыя роспісу велікодных яек — адзін з найстаражытных відаў народнага мастацтва. Што вельмі важна, мясцовыя жанчыны не толькі карыстаюцца традыцыйнай тэхналогіяй роспісу, але і дзеляцца сакрэтамі з дзецьмі мясцовай школы, гасцямі Сапоцкіна, у тым ліку праз майстар-класы і семінары, заняткі ў гуртках раённага Дома рамёстваў. Таксама далёка за межамі нашага раёна славіцца творчасць майстра па вырабе духавых і ўдарных музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча з вёскі Адэльск. Вядома ж, адметнасць яго майстэрства ў выкарыстанні народнай традыцыі і ўласных ведаў.
Такія народныя традыцыі — прэстыж для раёна. А таму і Сапоцкін, і Адэльск даўно ўключаны ў нашы турыстычныя маршруты. Безумоўна, маецца выгада і для саміх народных майстроў — іх сувенірная прадукцыя надзвычай запатрабавана. Акрамя таго яна прадстаўлена ў нашым спецыялізаваным салоне-краме, а таксама рэалізуецца ў санаторыях раёна.