Творчым нашчадкам Уладзіміра Мулявіна застаўся Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры". Кіраўніку калектыву Вячаславу ШАРАПАВУ пашчасціла працаваць з Вялікім Артыстам.
- Уладзімір Мулявін, безумоўна, быў кумірам - у лепшым сэнсе гэтага слова. Калі я задумваюся, як ён змог стварыць такі надзвычай прыцягальны сцэнічны вобраз, дык разумею: ён не "адыгрываў ролю", а насамрэч быў такім. І як артыст увасабляў сабой квінтэсенцыю беларуса. Дый голас ягоны - вельмі "свой", цёплы, быццам табе не "вяшчаюць" з трыбуны, а з даверам размаўляюць сам-насам. Ва ўсім гэтым быў, да таго ж, нейкі магнетызм, які распаўсюджваўся і на паплечнікаў, сяброў Мулявіна, і на публіку, што ў зале, і на тых гледачоў і слухачоў, якія знаходзіліся "па той бок" тэлеэкрана, радыёпрыёмніка... На першы погляд, крыху замкнёны, Уладзімір Георгіевіч валодаў цудоўным пачуццём гумару, уменнем адбудаваць узаемаадносіны з музыкантамі. Ягоны талент зіхацеў не толькі як асобны дыямент, але і як сонечны прамень. Ён не толькі блішчыць-пераліваецца сам, але і асвятляе ўсё наваколле. Мне неаднойчы даводзілася быць сведкам, як нечакана, быццам бы спантанна, прыходзіла да яго свежае рашэнне, якое станавілася для той або іншай песні абсалютна натуральным, а не "наўмысна прыдуманым". У побыце ж - гранічная сціпласць, непераборлівасць, затое - увага да кожнага, хто побач.
- Успаміны пра Мулявіна быццам "ажыўляюць" яго ўвекавечаны помнік. Але ж перад ансамблем "Песняры" стаіць яшчэ больш складаная задача: перадаць нашчадкам музычны вобраз Песняра - зноў-такі, не "збранзавелы", а жывы, які знаходзіцца ў руху, у далейшым развіцці. Ці ўдаецца вам гэта?
- "Песняры" ўжо амаль сем гадоў жывуць і працуюць без Уладзіміра Георгіевіча, але - з Мулявіным у сэрцах. Абнаўляецца склад, мы шмат эксперыментуем. За гэты час былі разгледжаны і апрабаваны некалькі прынцыпова адрозных варыянтаў самой канцэпцыі далейшага існавання калектыву і працягу мулявінскіх традыцый. У прыватнасці, мы спрабавалі адаптаваць ранейшы рэпертуар "Песняроў" да сучаснасці: зрабіць новыя аранжыроўкі, праспяваць тыя кампазіцыі па-свойму. Потым аналізавалі, што атрымалася, унікалі ва ўсе тонкасці і дэталі, абмяркоўвалі, што працягваць, а што, можа, і прыглушыць. Спрабавалі і іншы падыход - непарушнага аднаўлення былых традыцый. У выніку працэс інтэрпрэтацыі ператварыўся ў гэткае творчае даследаванне дзейнасці мулявінскіх "Песняроў" як культурнай і, шырэй, грамадскай з'явы. У выніку мы прыйшлі да высновы, што самым, бадай, прадуктыўным перыядам сталіся 1970-я, калі маладыя, энергічныя, вясёлыя, з добрым пачуццём гумару "Песняры" літаральна перавярнулі музычны свет і само стаўленне да беларускай песеннай спадчыны. Пазней, у 1980-я, прыйшоў напружаны пошук, пастаяннае вынаходніцтва новых музычна-драматургічных паваротаў, асабліва - на шляху да буйной формы. У рэшце рэшт мы, як нам здаецца, намацалі галоўную ідэю, якой жыў Уладзімір Мулявін і яго "Песняры": не гнацца за модай, а заўсёды заставацца самімі сабой.
Час інфармацыйнага голаду, якімі нам сёння ўяўляюцца 1970-я - 80-я гады, змяніўся часам інфармацыйнага шквалу. І толькі сёння, мабыць, становіцца цалкам зразумелай творчая і ідэйная спадчына Мулявіна. Ягонае "заставацца самім сабой" у перыяд глабалізацыі набывае новае гучанне, распаўсюджваецца не толькі на творчую асобу або калектыў, але і на ўсю нацыю, на яе ўменне захоўваць, аднаўляць і перадаваць з пакалення ў пакаленне духоўныя здабыткі ўсяго народа. Такая задача стаіць і перад намі: быць беларусамі.
- А як жа параўнанні з тым, што было пры Мулявіне? Вам гэтага ніколі не пазбегнуць.
- І не трэба! Мы павінны былі паспрабаваць усё, каб абраць, нарэшце, сваю дарогу, якая не перакрэслівала б шлях, пракладзены Мулявіным, але і не паўтарала яго крок у крок. Крытыкі на наш адрас было шмат, і мы заўсёды прыслухоўваліся да пазітыўных прапаноў, навучыўшыся не звярта
ць увагі на прыкрыя нападкі. А дзяржаўная падтрымка - залог далейшых творчых перамог. І - вялікай адказнасці за тое, што мы робім.
***
Калі фотакар газеты "Культура" наведаў адно з прадпрыемстваў па апрацоўцы каменю ў Мінску, там віравала праца. Пад ціскам у тры тысячы атмасфер у пліце з іменем Уладзіміра Мулявіна і ягоных "Песняроў" рабіўся контур надпісу, які золатам заззяе на віцебскай Алеі зорак.
Ювеліры! Толькі гэтак і хочацца назваць рабочых, што працавалі над адказным і пачэсным заказам. Зрэшты, і самі яны прызнаваліся: з "Песнярамі" звязана не толькі гісторыя культуры нашай краіны, але і гісторыя жыцця кожнага з нас. "Як там у Мулявіна? "Мне не забыцца песні той даўняе вясны..." - працытаваў задуменна ў кароткім перапынку адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.
Цяпер зорка Мулявіна заззяе і ў валошкавым Віцебску, там, дзе Муза Песняра лунала па-над святочным горадам і кранала сэрцы, дакраналася да душ...
Фота Юрыя ІВАНОВА