Год гэты знамянальны для ўсіх народаў, якія перамаглі фашызм у Вялікай Айчыннай вайне. Сімвалізм святой для нас даты - 65-годдзя Перамогі - знайшоў сваё ўвасабленне і ў праграме першага вечара "Славянскага базару ў Віцебску-2010". Сімвалічна для ўсіх нас, беларусаў, ды, зрэшты, і для многіх іншых нашых сяброў у свеце, што спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" сёлета ганаруецца імя народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Мулявіна і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". Сімвалічна і значна, бо ўжо больш за чвэрць стагоддзя праграма калектыву "Праз усю вайну" хвалюе нашы сэрцы, адбіваецца рэхам болю страт і радасцю, мужна здабытай у баях Перамогі.
З Памяццю пра Подзвіг народа знітаваны творчы лёс яшчэ аднаго Майстра, натхнёнага Музай зямлі беларускай. І зусім не выпадковым, сімвалічна напоўненым бачыцца тое, што на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю пачэсную прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 - 2010 гг. Прэзідэнт нашай краіны ўручае народнаму мастаку Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Леаніду Шчамялёву...
Сёння канцэнтрацыя зорак на віцебскім небасхіле ўражвае. А некалькі дзён таму многія з тых артыстаў, чые выступленні цяпер упрыгожваюць сцэну Летняга амфітэатра, віталі гледачоў ля стэлы "Мінск - горад-герой" гордымі словамі: "Беларусь - гэта мы!". Яны праходзяць сёлета рэфрэнам праз усе знакавыя і значныя падзеі ў айчыннай культурнай прасторы. І ў дзень галоўнага дзяржаўнага свята нашай Радзімы - Дня Незалежнасці - мы паядналіся, спяваючы гімн разам. Магутным акордам у Памяць гадавіны Вызвалення Беларусі і ўслаўлення Незалежнасці прагучалі ва ўсіх абласцях краіны грандыёзныя салюты. Водгулле іх пачулі і на абедзвюх плошчах Перамогі - у Віцебску і Мінску. "Самае галоўнае - кожны з нас адчувае сябе свабодным грамадзянінам свабоднай краіны. І гэтае пачуццё літаральна акрыляе, натхняе на здзяйсненні і пераўтварэнні", - сказаў беларускі Лідэр 3-га ліпеня на мінскай плошчы Перамогі.
"На Беларусі Бог жыве..." - так кажа народ і так напісаў класік. Каб уславіць памяць воінаў нашай зямлі, стваральнасць і духоўнасць дзён сённяшніх, паўстаў у сталіцы Храм-Помнік у гонар Усіх Святых і бязвінна забітых у Айчыне нашай. "Знаходзячыся ў гэтым
свяшчэнным месцы, мы нібыта стаім на скрыжаванні часоў і ацэньваем мінулае, каб паспрабаваць разабрацца ў сучасным і зазірнуць у будучае", - падкрэсліў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця велічнага храма.
Так, беларусы ўпэўнены ў мірнай, стваральнай сваёй будучыні. Творчая будучыня ёсць і ў "Славянскага базару ў Віцебску". І сёння, на дзевятнаццатым па ліку форуме мастацтваў, мы ўзіраемся ў яго наступнасць...