Нюансы ўваходжання ў прафесію: куды знікаюць рэжысёры з дыпломамі?
Праверка спектаклем
Каб даведацца аб прафесійным узроўні таго або іншага рэжысёра, варта наведаць ягоныя спектаклі - аксіёма настолькі відавочная, што, здавалася б, не мае патрэбы ў чарговым згадванні. А між тым, вельмі часта ў дачыненні да маладых рэжысёраў акурат нагляднасці проста катастрафічна бракуе. У сваіх творчых рэзюме яны пішуць, што з'яўляюцца пастаноўшчыкамі n-най колькасці спектакляў, да якіх залічваюць свае эцюдныя ўрыўкі паводле тых або іншых драматургічных твораў, студэнцкія курсавыя і дыпломныя работы, створаныя ў пераважнай большасці на сцэне Студэнцкага тэатра Акадэміі мастацтваў альбо ў рамках эксперыментальных паказаў Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Ды толькі ўбачыць гэта "простаму смяротнаму" дырэктару, што шукае для тэатра перспектыўныя кадры, наўрад ці магчыма: падобныя прагляды, як правіла, носяць аднаразовы характар, збіраюць пераважна кола родных і сяброў, рэдка калі выходзячы на больш шырокую аўдыторыю.
А, між іншым, у савецкія часы малады рэжысёр не мог атрымаць дыплом, калі на выпуску ён не абараняўся спектаклем, пастаўленым не ў эксперыментальна-лабараторных умовах, а на прафесійнай сцэне з прафесійнымі акцёрамі. Лічылася - і цалкам справядліва - што толькі праца ў рэальных умовах можа прадэманстраваць, наколькі ён гатовы перайсці са статуса паслухмянага вучня ў катэгорыю творцы, які ўжо самастойна будзе арганізоўваць працэсы па стварэнні спектакля. "Экзаменавала" яго ўжо не адно толькі інстытуцкая камісія, але і сам тэатр, пачынаючы ад акцёраў і заканчваючы вытворчымі цэхамі, і галоўны "цэнзар" - глядач. Фармальна малады рэжысёр і сёння мусіць выносіць на абарону сваю практычную работу, але ўзровень крытычнасці ў стаўленні да яе значна зніжаны. Пры аналізе спіса дыпломных спектакляў, з якімі за апошнія пяць гадоў выйшлі на абарону выпускнікі-рэжысёры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, бачна, што больш за палову з іх ажыццёўлены ў рамках вучэбнага або лабараторнага працэсу. А значыць, лёс іхні завяршыўся пасля аднаго-двух, у самым лепшым выпадку - дзесяці паказаў. Ды і сярод астатніх спектакляў, якім пашчасціла з'явіцца на прафесійнай сцэне, рэдкая "птушка" пражыла больш за сезон.
За гэты час, бадай, адзіным дыпломным спектаклем маладога рэжысёра, які не проста затрымаўся ў рэпертуары прафесійнага тэатра, але і прыцягнуў да сябе ўвагу тэатральнай грамадскасці, у тым ліку і на міжнародным узроўні, сталася "Сталіца "Эраунд" С.Гіргеля ў пастаноўцы Сары Токінай на сцэне РТБД. Рэжысёр заявіла свае творчыя пазіцыі смела, ярка, выклікаўшы своеасаблівую творчую дыскусію ў колах айчынных тэатралаў і вакол самога твора маладога драматурга, і вакол пошукаў актуальных форм акцёрскага сцэнічнага існавання. Вынікам гэткага яркага старту сталася тое, што сёння Сара Токіна, як і шэраг іншых ейных калег-папярэднікаў, з'яўляецца магістранткай Цэнтра імя У.Мейерхольда ў Маскве. І невядома, ці будуць яе далейшыя творчыя планы і праекты звязаны з беларускім тэатрам...
Праз "браму неўміручасці" або...
Яшчэ адна праблема, якая ўзнікае, мусіць, перад кожным выпускніком-рэжысёрам, - сутыкненне ўласных творчых амбіцый з рэаліямі рэпертуарнага тэатра, дзе многія аспекты існавання дыктуе не палёт ідэі, а - вытворчая неабходнасць. Неаднойчы даводзілася чуць ад дырэктараў тэатраў, што пачаткоўцы проста не могуць падладзіцца да таго, што выпуск спектакля - гэта не толькі работа з акцёрамі, а і вялікі вытворчы працэс, дзе заняты ўсе службы тэатра. Яны ж прыходзяць з трывалай устаноўкай, што ў тэатры "займаюцца творчасцю". У сваю чаргу, і маладыя рэжысёры, адзначаючы гэты самы момант як важны для ўласнага прафесійнага станаўлення, сцвярджаюць: падобнае ўваходжанне ў тэатр праз "браму неўміручасці" рэпертуарнай сцэны не дае ім магчымасцей, каб прадэманстраваць уласную адметнасць і той патэнцыял, што, на іх думку, здольны будзе ў далейшым стаць іх аўтарскім почыркам.
Які ж з двух бакоў мае рацыю ў гэтым пытанні? Нават на прыкладзе апошняга дзесяцігоддзя практыка паказвае: насамрэч актуальнымі і цікавымі рэжысёрамі, у тым ліку і для маладога пакалення, сталі тыя, хто ў свой час адважыўся адмовіцца ад звыклых штатных стасункаў з тэатрамі і прапанаваў публіцы ўласныя творчыя ідэі і праекты. У шэрагу такіх маладых пастаноўшчыкаў можна назваць Кацярыну Агароднікаву, Кацярыну Аверкаву, Яўгена Карняга, Алега Кірэева... І хаця многія з іх не пазіцыянавалі сябе як альтэрнатыву тэатрам рэпертуарным і не парывалі з імі прафесійных стасункаў, іхнія імёны "засвяціліся" менавіта ў аўтарскіх праектах.
Факт гэты сам па сабе не можа не радаваць. Але ўслед за ім паўстае наступнае пытанне: ці пажадаюць гэтыя маладыя людзі, якія практыкай даказалі ўласную жыццяздольнасць у прафесіі, уласнаручна "закуць" сябе ў ранг чарговага штатнага рэжысёра? Думаю, адказ на яго відавочны...
"Патэнцыйныя" спецыялісты?
Падтрымліваючы ідэю таго, што кожны творца мусіць сам выбіраць шляхі і формы ўласнай рэалізацыі, прапаную ўсё ж звярнуцца да статыстыкі. За апошнія пяць выпускаў са сцен Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выйшла ні многа ні мала - паўсотні спецыялістаў з дыпломамі рэжысёраў. Нават з улікам тэорыі аб тым, што з часам у тэатры застаецца працаваць усяго толькі 30 працэнтаў выпускнікоў, на 29 айчынных калектываў усё роўна атрымліваецца даволі вялікая лічба. Дзе ж хаваюцца гэтыя патэнцыйныя спецыялісты? Чаму дыялектычны закон пераходу колькасці ў якасць у дачыненні да рэжысёрскіх кадраў да гэтага часу ніяк не спрацоўвае?
Прыадкрыю адзін тэатральны сакрэт: калі ў адносінах да акцёраў, якія час ад часу бяруцца за пастановачную работу, існуе нават спецыяльны тэрмін - "акцёрская рэжысура", то адваротная з'ява пакуль што свайго асэнсавання ў сучасным тэатразнаўстве яшчэ не знайшла. А, між тым, рэжысёрскае акцёрства, што сёння ўсё больш распаўсюджваецца ў айчынным тэатры, мае ўсе падставы для таго, каб ператварыцца ў яшчэ адну тэндэнцыю, не вельмі спрыяльную для творчасці.
Расквітнела яна ў сувязі з размеркаваннем выпускнікоў у тэатры. Прафесійны недавер да маладых спецыялістаў дырэктары нават не хаваюць і адкрыта кажуць, што "не могуць падстаўляць калектыў" і ставіць работу тэатра ў залежнасць ад таго, наколькі справіцца са сваімі службовымі задачамі той або іншы малады чалавек, які яшчэ, фактычна, не нюхаў прафесійнага "пораху". Фармальна яны залічваюць выпускнікоў у трупу, але - у якасці акцёраў "з правам пастаноўкі". Гэткая хітрая фармуліроўка нібыта абяцае маладым спецыялістам магчымасць ажыццяўляць свае творчыя праекты. Але ж - у вольны ад асноўнай работы час (бо, згодна з кантрактам, яны - усё-такі акцёры), і - калі на тое будуць дадатковыя магчымасці і імпэт у самога тэатра. Як правіла, іх не аказваецца: за апошнія гады з тых, каму гэтае "права пастаноўкі" было паабяцана, не магу ўзгадаць ніводнага, хто ім скарыстаўся б у сапраўднасці. Што ж атрымліваецца: маладыя спецыялісты ідуць працаваць не па спецыяльнасці, адначасова дэвальвуючы ажно дзве прафесіі - рэжысёрскую, якая дзякуючы гэтаму застаецца толькі фармальным запісам у дыпломе, і акцёрскую, якой яны, па сутнасці, валодаюць на ўзроўні хобі?
Яшчэ адна катэгорыя дыпламаваных рэжысёраў, фактычна не задзейнічаных у бягучым тэатральным працэсе, - акцёры, што ў свой час адчулі ў сабе імкненне да пастановачнай дзейнасці і вырашылі набыць адпаведныя веды ў гэтым накірунку. Як правіла, большасць з іх працуе ў рэгіянальных тэатрах і не на словах сутыкаецца з адсутнасцю штатнай рэжысуры ў сваіх калектывах. Жадаючы нейкім чынам пераламіць гэтую сітуацыю адсутнасці пастановачных кадраў, здольных фарміраваць рэпертуарныя прапановы з улікам уласных акцёрскіх амбіцый і патрэб канкрэтнага творчага калектыву, яны імкнуцца да рэжысёрскай адукацыі. Аднак, атрымліваючы адпаведныя дыпломы, з самых розных прычын так і не трапляюць у катэгорыю патэнцыйных рэжысёраў, якія, добра ведаючы калектыў знутры, маглі б паспрабаваць выбудаваць яго работу больш дакладна, чым запрошаныя на гэтую пасаду "гастралёры". Прычын тут шмат: ад звычайнага непрыняцця ўнутры калектыву іх у новай якасці да ігнаравання падобных ідэй на ўзроўні кіраўніцтва тэатра: маўляў, наяўнасць рэжысёрскай адукацыі - гэта твая асабістая справа, а згодна са штатным раскладам ты як быў акцёрам, так ім і застанешся. Але ж у рэжысуры - як у спорце: без штодзённых профільных трэніровак ты наўрад ці доўга пратрымаеш сваю "спартыўную форму" - дастаткова ўсяго некалькі гадоў, каб страціць прафесійныя навыкі і адпаведную кваліфікацыю.
***
Дык як жа зрабіць так, каб затраты на падрыхтоўку рэжысёраў усё-такі акупляліся іх прафесійнымі здзяйсненнямі? Як забяспечыць не ім самім - тэатрам пэўныя гарантыі таго, што малады спецыяліст з рэжысёрскім дыпломам не будзе фармальна "адседжваць" свае два гады размеркавання ў трупе? Думаецца, самая галоўная задача, якую неабходна вырашыць у гэтым накірунку, - пазбавіць тэатры падстаў для "страху" ў дачыненні да маладых спецыялістаў. А для гэтага яшчэ на ўзроўні падрыхтоўкі дыпломных работ замацаваць выпускнікоў за канкрэтнымі тэатрамі, каб абодва бакі мелі магчымасць пазнаёміцца і адшукаць агульную мову ў справе. Бо, як пафасна гэта ні гучыць, але толькі гарантыі канкрэтнай работы (і ў пэўнай ступені - абавязацельствы як ад тэатраў, так і з боку саміх маладых спецыялістаў) здольныя забяспечыць працэс пераходу маладых рэжысёраў з "тэарэтыкаў" у практыкі.