Многа ці мала?
Як паведаміла начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Шмакава, фактычныя лічбы прыёму ў ВНУ галіны за кошт сродкаў бюджэту склалі — 1000 чалавек, у тым ліку на дзённую форму атрымання адукацыі — 694 чалавекі, на завочную — 306. Многа гэта ці мала — можна падлічыць самастойна: у параўнанні з тым, што ў 2007 годзе агульны конкурс на ўсе спецыяльнасці ВНУ складаў 2,5, у 2008 г. — 2,4, сёлета на вучобу ў профільных установах адукацыі прэтэндавалі 2,7 чалавека на месца. Калі ж браць кожную ВНУ паасобку, то самы высокі конкурс у цэлым па ўстанове адукацыі традыцыйна трымала Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў: 4,5 чалавека на месца (для параўнання: у 2008 г. ён складаў 3,7, у 2007 г. — 5,1). Іншыя ж установы прадэманстравалі крыху меншы паказчык, у параўнанні з папярэднімі гадамі: у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на месца прэтэндавалі 1,4 чалавека (у параўнанні з 1,5 цягам двух гадоў запар), у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — 2,3 чалавека (у 2008 г. — 2,5, у 2007 г. — 3,6).
Вектар прафесійнага прэстыжу
Калі агульныя лічбы даюць уяўленне пра інтарэс да творчых прафесій увогуле, дык дэталёвы разгляд самых папулярных спецыяльнасцей стварае больш глыбокую карціну бачання сучаснымі маладымі людзьмі — будучымі кадрамі галіны — тых вектараў, дзе прыкладанне намаганняў выглядае для іх не толькі цікавым, але і перспектыўным. Згодна з данымі, прадастаўленымі ўпраўленнем навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры, самыя высокія конкурсы ў нашых ВНУ склаліся наступным чынам. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў самай вялікай папулярнасцю карысталіся такая спецыяльнасць дзённай формы, як “дызайн”. Конкурс па колькасці чалавек на месца па розных спецыялізацыях разгарнуўся наступным чынам: “дызайн віртуальнага асяроддзя” — 8,0, “дызайн графічны” — 5,3, “дызайн прадметна-прасторавых комплексаў: экспазіцыйны дызайн” — 5,3, “дызайн прадметна-прасторавых комплексаў: дызайн інтэр’ераў” — 4,8. Акрамя гэтага, папулярнасцю сярод абітурыентаў карысталіся “акцёрскае майстэрства (драматычны тэатр і кіно)” — 5,5 і “рэжысура кіно і тэлебачання (гукарэжысура)” — 7,7 (завочная форма). Па Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі конкурсная сітуацыя склалася наступным чынам: “спевы (жаночыя галасы)” — 3,2 чалавека на месца, “балалайка” — 2,0, “баян — акардэон (спецыялізацыя)” — 1,9, “цымбалы” — 1,5, “флейта”, “габой”, “кларнет”, “фагот”, “саксафон” (агульны конкурс) — 1,45. А сапраўдным лідэрам па папулярнасці сярод абітурыентаў ВНУ галіны культуры стала такая спецыяльнасць Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, як “менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы”: яна сабрала конкурс у 18,3 чалавека на месца — на завочную форму навучання і 12,2 — на дзённую! За ёю ідуць “менеджмент міжнародных культурных сувязей” — 8,8 (дзённая форма), “мастацтва эстрады (спевы)” — 6,2 (дзённая форма), “інфармацыйныя сістэмы ў культуры” — 5,6 (завочная форма), “народныя рамёствы” — 5,2 (завочная форма), “народная творчасць (тэатральная)” — 5,1 (дзённая форма), “эстрадны танец” — 4,8 (дзённая форма). А таксама даволі высокі конкурс склаўся на ўпершыню адкрытую спецыяльнасць — “сацыяльна-культурная дзейнасць”: 4,5 (завочная форма) і 2,35 (дзённая форма).
Слабае звяно?
Нягледзячы на тое, што абітурыенцкі імпэт маладых людзей у жаданні асвоіць вышэйзгаданыя прафесіі можа толькі радаваць, варта больш пільна звярнуць увагу і на тыя спецыяльнасці, якія сабралі самы нізкі конкурс. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў гэта — “мастацтвазнаўства (арганізацыя тэатральнай дзейнасці)” — 1,7 чалавека на месца, “скульптура” — 2,0, “акцёрскае мастацтва (музычны тэатр)” — 2,2, “рэжысура тэатра (драматычны тэатр)” — 2,3. Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў у самым канцы спіса — па 1 чалавеку на месца — пакінуў спецыяльнасці “кампаратыўнае мастацтвазнаўства (дзённая форма)”, “сусветная і айчынная мастацкая культура”, “харавая музыка народная”, акрамя гэтага, “бібліятэказнаўства і бібліяграфія. Беларуская мова і літаратура” сабралі 1,1, “духавыя інструменты (народныя)” — 1,2. Меней чым 1 чалавек на месца (0,8) склаўся конкурс у БДУКіМ на скарочаны тэрмін навучання па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”. Прычынай гэтага стала тое, што частка выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў аддала перавагу не атрыманню вышэйшай адукацыі, а працы па размеркаванні ці вучобе на завочнай форме. Па аналагічнай прычыне не адбыўся набор і на спецыяльнасць “мастацтва эстрады (спевы)”. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, нягледзячы на тое, што заявы былі пададзены на ўсе спецыяльнасці, разам з тым, па 5 спецыялізацыях БДАМ і ў філіяле Акадэміі ў Маладзечне конкурс таксама не перавысіў аднаго чалавека на месца (“музычная беларусістыка”, “арфа”, “гітара”, “домра”, агульны конкурс: “валторна”, “труба”, “трамбон”, “барытон”, “туба”). Да таго ж, падалі дакументы і не з’явіліся на іспыты без паважлівых прычын 5 чалавек. Такім чынам, па выніках уступных экзаменаў у БДАМ вакантнымі засталіся 5 месцаў, у тым ліку ў філіялах на базе Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча — 2, Гомельскага каледжа мастацтваў — 1, Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы — 1.
Сёлетнія адметнасці
Калі гаварыць пра прафесійны эксклюзіў, які прапанавалі ў 2009 годзе вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы Міністэрства культуры, безумоўным лідэрам тут можна назваць Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў: сёлета яна ажыццявіла набор на шэраг спецыяльнасцей, падрыхтоўка па якіх адбываецца далёка не кожны год. Гэта, у прыватнасці, — “акцёрскае мастацтва (музычны тэатр)”, дзе набор адбываецца 1 раз на 4 гады, “рэжысура кіно і тэлебачання (кінадакументалістыка)” — набору не было больш за 10 гадоў, “мастацтвазнаўства (арганізацыя тэатральнай дзейнасці)” і “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з керамікі)”, дзе набор праводзіцца 1 раз на 5 гадоў. Яшчэ адной важнай і, безумоўна, пазітыўнай асаблівасцю, адзначанай пад час прыёмнай кампаніі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, стаўся той факт, што абазначыўся больш высокі ўзровень падрыхтоўкі да паступлення сярод абітурыентаў з сельскай мясцовасці. Прахадны бал для іх па некаторых спецыяльнасцях быў відавочна на карысць вяскоўцаў. На спецыяльнасць “менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы”, конкурс на якую, як адзначалася вышэй, склаў 12,2 чалавека на месца на дзённай форме навучання і 18,3 — на завочнай, прахадны бал па конкурсе для сельскіх абітурыентаў склаў 336, у той час як для гарадскіх — 279, на “менеджмент міжнародных культурных сувязей” — 339 і 301 адпаведна, на “інфармацыйныя сістэмы ў культуры” — 290 і 271. І, канешне ж, традыцыйна ва ўсіх галіновых ВНУ тыя студэнты, якія паспяхова здалі ўступныя экзамены, але не прайшлі па конкурсе на дзённую альбо завочную формы навучання за кошт сродкаў бюджэту, маюць магчымасць быць залічанымі на абраныя імі прафесіі на платнай аснове. Сёлета 1073 абітурыенты пажадалі атрымаць адукацыю на ўмовах аплаты (для параўнання: у 2008 г. гэтая лічба склала 829 чалавек, у 2007 г. — 674), а гэта нават больш, чым бюджэтнікаў. А значыць, атрыманне прафесіі ў галіне культуры і мастацтва не толькі не губляе актуальнасці і прэстыжнасці, але і мае шырокі патэнцыял у вачах маладых хлопцаў і дзяўчат — будучага нашай краіны.