Дзмітрый Шабеця служыць у Вялікім тэатры Беларусі трэці сезон, выконвае ўсе вядучыя тэнаровыя партыі рэпертуару. Таксама з’яўляецца запрошаным салістам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музыкальнага тэатра і Музычнай капэлы “Санорус”. Скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Сакалоўскага па спецыяльнасці “акадэмічныя спевы”, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру пры ёй. Лаўрэат Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Мастацтва XXI стагоддзя” (Кіеў, 2015), Х Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў “Санкт-Пецярбург” (2021), дыпламант Міжнароднага конкурсу вакалістаў — выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell’Opera-2022, дзе пасля трох тураў з 600 прэтэндэнтаў у фінал патрапілі ўсяго 12 салістаў.
На рэалізацыю аўтарскага праекта "Беларускія прэм'еры", скіраванага на далейшае развіццё і папулярызацыю беларускай культуры, Дзмітрый Шабеця атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта дало магчымасць прэзентаваць праграму па ўсёй краіне і нават за яе межамі: канцэрты прайшлі ў музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку, у Лідскім замку, у музычным каледжы імя М.Глінкі, а таксама ў Маскве. Не абмінуў спявак і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.
— Дзмітрый, што натхніла вас на стварэнне такога творчага праекта?
— Калі рыхтаваў партыю Рамана для оперы “Сівая легенда”, проста ўлюбіўся і ў гэтую музыку Дзмітрыя Смольскага, і ў гэтыя словы, створаныя Уладзімірам Караткевічам. А калі пазней пачаў працаваць над вобразам Дубатоўка ў “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Солтана, таксама паводле Караткевіча, гэтая опера дадала мне яшчэ больш натхнення сваёй неверагоднай прыгажосцю, моцай, талентам. Мабыць, тады і ўзнікла жаданне больш шырока папулярызаваць нашу беларускую музыку.
— З чаго пачалася праца?
— З музыкі... І сустрэчы са старшынёй Беларускага саюза кампазітараў Аленай Атрашкевіч. Я ехаў да яе і не разумеў яшчэ, ці спрацуе мая ідэя, ці атрымаецца нешта з задуманага. Падаецца, сам адносна нядаўна скончыў нашу Акадэмію музыкі, вывучаў гісторыю беларускай музыкі, выконваў беларускія творы, прадугледжаныя праграмай. Але ж беларускіх рамансаў напісана так шмат, і так шмат выдатных, якія павінны гучаць і даходзіць не толькі да знаўцаў, але і да самай шырокай аўдыторыі слухачоў. З той сустрэчы я вёз з сабой вялікі стос нот: Алена Віктараўна падарыла мне і свае творы, і працы калег. Я адразу ж накіраваўся да нашай “фартэпіяннай феі” — канцэртмайстра Юліі Шчарбаковай. І пачалася праца: усё сыграць, паслухаць, выбраць, не ўпусціць чагосьці сапраўды важнага. Імкнуліся скласці праграму так, каб новыя творы (дарэчы, самага рознага характару — сумныя, вясёлыя, гуллівыя) лагічна скрыжоўваліся з класічнымі беларускімі рамансамі і народнымі песнямі. Таму з’явіліся такія хіты, як “Не за вочы чорныя” Юрыя Семянякі, “Я люблю” Уладзіміра Алоўнікава — дарэчы, абодва рамансы на словы Адама Русака.
— Астатнія творы — сапраўды прэм’еры?
— Гэтыя рамансы альбо ўвогуле не выконваліся, альбо іх чулі літаральна адзінкі. Таму так, сапраўды прэм’еры. Ужо ёсць і наступныя творы, што пішуцца спецыяльна для гэтага праекта. Таму ў новым тэатральным сезоне праграму абавязкова дапоўнім.
— Пакуль жа яна застаецца нязменнай на ўсіх выступленнях?
— Не, крыху змяняецца і вар’іруецца ў залежнасці ад таго, хто разам са мной прымае ў ёй удзел. Безумоўна, упрыгожаннем канцэртаў становяцца мае калегі: народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, салісты оперы Марыя Галкіна, Вольга Маліноўская, Андрэй Сялюцін, канцэртмайстры Юлія Шчарбакова, Анастасія Дубоўская. Так, у Мінскім музычным каледжы інструментальныя творы кампазітараў выканаў струнны Vivat-quartet артыстаў аркестра нашага Вялікага тэатра. Гэты ж калектыў прыме ўдзел і ў канцэрце ў Тэатральнай зале Нясвіжскага палаца.
— Так, вы правялі ўжо не адзін канцэрт. Які з іх стаў для вас асабліва запамінальным?
— Мабыць, у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Глінкі. На сцэнах навучальных устаноў увогуле выступаць вельмі адказна. Дарэчы, у нашага праекта ўжо ёсць свае ўдзячныя прыхільнікі, якія чакаюць кожнага наступнага паказу. Заўсёды прыемна бачыць у зале знаёмыя твары. Але на гэтым канцэрце яшчэ прысутнічалі кампазітары, чые творы ўвайшлі ў праграму: Аліна Безянсон, Кацярына Гігевіч, Вячаслаў Пяцько. Было неверагодна прыемна, калі яны падышлі і падзякавалі. Сказалі, што рэдка можна пачуць, каб новыя беларускія рамансы выконваліся ў такім пазітыўным ключы і такімі моцнымі прыгожымі галасамі. Віртуальнае прывітанне перадаў нам і кампазітар Уладзімір Браілоўскі. Чуць “Брава!” ад прафесіяналаў удвая кранальна. З аднаго боку, мы натхнілі кампазітараў на стварэнне новых шэдэўраў, а з другога — натхніліся самі і, мяркуючы па рэакцыі з залы, натхнілі гледачоў. Значыць, нас чакаюць новыя цудоўныя творы, што павінны не сумаваць на бібліятэчных паліцах, а існаваць у нашай культурнай прасторы, гучаць як мага больш шырока. Спадзяюся, у хуткім часе ў праграму ўвойдзе і твор легендарнага Яўгена Глебава. Мы былі ў гасцях ва ўдавы народнага артыста СССР — Ларысы Васілеўны Глебавай, на свае вочы ўбачылі, дзе жыў і тварыў Яўген Аляксандравіч, паглядзелі на вялізны архіў, паслухалі некаторыя запісы. Так што працуем... Дзякуючы гэтаму праекту мне неверагодна пашанцавала пазнаёміцца з дзівосна таленавітымі людзьмі, надзеленымі асаблівым дарам. Я з дзяцінства сачыняю і вершы, і музыку. Можа, менавіта таму мне так цікава паглыбіцца ў гэты свет. Магчыма, калі-небудзь і сам што-небудзь напішу — для гэтага ці новага праекта.
— А сёння ці ёсць твор, які неяк па-асабліваму вас кранае?
— Іх многа. Магу расплакацца, калі чую “Пакаяльную малітву” Аліны Безянсон. Гэта вельмі глыбокі кампазітар, яе творы выклікаюць асаблівыя эмоцыі. Адны з самых меладычных рамансаў — у Алены Атрашкевіч. Я б ужыў у дачыненні да іх слова “папсовыя”, але выключна ў добрым сэнсе: яны адразу западаюць у душу, іх хочацца назаўжды ўзяць у сваю творчую скарбонку. Дый сама Алена Віктараўна — на дзіва адкрыты чалавек, які гарыць працай і запальвае ўсіх навокал. Твор Кацярыны Гігевіч “Ой, вы, думкі” на словы Якуба Коласа — вельмі прыгожы, тут ёсць дзе прадэманстраваць свае здольнасці і спеваку, і канцэртмайстру. Так, сачыненне даволі складанае для выканання, але такія кінутыя вакалісту выклікі заўсёды цікава пераадольваць.
— Вось мы і да цяжкасцей дайшлі. Баюць, сучасныя творы ўвогуле голас псуюць.
— Сучасныя беларускія рамансы — карысныя для спевака, выконваць іх проста неабходна, на такой музыцы ты расцеш як вакаліст. Але складанасць у тым, што рамансы ў маёй праграме вельмі розныя па дыяпазоне. Пасля такога канцэрта стамляешся, нібы пасля паўнавартаснага спектакля ці праграмы оперных арый. Але ўсё ж арыі, якімі б складанымі яны ні былі, напісаны выключна для тэнара, а тут ёсць нюансы. Ідэальны варыянт — калі кампазітар стварае штосьці для канкрэтнага выканаўцы і можа як мага больш поўна раскрыць яго магчымасці.
— Упэўнена, творы, прысвечаныя Дзмітрыю Шабецю, абавязкова з’явяцца. А пакуль — з якім настроем едзеце ў Нясвіж?
— Фестываль у замку Радзівілаў — гэта лета, музыка, мастацтва, гэта заўсёды асабліва прыўзняты настрой. І вось гэтую цудоўную атмасферу мы будзем дарыць нашым гледачам. Прыязджайце, прыходзьце — абяцаю, што абыякавым не застанецца ніхто, бо гэта ўсё наша, роднае, беларускае. Хаця б раз у жыцці, але гэтыя прыгожыя творы трэба пачуць. А пачуўшы аднойчы, захочацца слухаць яшчэ.
Дарэчы, прэзентацыя праграмы “Беларускія прэм’еры” непасрэдна ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі адбудзецца 5 ліпеня — у Камернай зале імя нашай легендарнай прымадонны Ларысы Пампееўны Александроўскай.
Алена БАЛАБАНОВІЧ