Від з гарадзішча Радагошча
Гэтым разам мы вырашылі зрабіць матэрыял, у якім гаворка ідзе пра гарадзішча, што прэтэндуе на пачэснае месца ў радаводзе Наваградка і дзе б была дарэчная дапамога талакі. Бо амаль што занядбанае гарадзішча Радагошча з цягам часу можа пераўтварыцца ў месца турыстычнага паломніцтва.
ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА
Свой першы візіт на Радагошчу, які адбыўся ў 2007 годзе, мне, пэўна, не забыць ніколі. Гэта была адна з маіх першых “сам-насам” вандровак па памятных мясцінах. Цэлы дзень ішоў вясновы дождж, што моцна запавольвала мой рух. Часам даводзілася літаральна несці ровар на плячах праз гразкія мясціны, якіх на “Шляху Адама Міцкевіча” не бракавала. Выязджаючы з Баранавічаў, я яшчэ не ведаў, што гэтая вандроўка зменіць маё жыццё і прымусіць заняцца даследаваннем радаводаў згаданых вышэй беларусаў, маіх землякоў. Але так сталася менавіта дзякуючы Радагошчы, пра якую я на той момант ведаў вельмі мала.
За спінай ужо былі Сталовічы (раней Стваловічы), Завоссе (сядзіба Міцкевічаў), Арабаўшчына (раней Арабінаўшчына), Гарадзішча, Свіцязь — мясціны, добра вядомыя з дзяцінства. І тут раптам нейкая Валеўка. Збочыўшы з шашы ў левы бок, на гару, неўзабаве я ўбачыў старыя ліпавыя прысады, якія вялі да колішняга маёнтка Чомбраў. Сядзіба Карповічаў была спаленая ў часы вайны, на яе месцы стаяла звычайная сучасная хата. Ад гаспадарчых пабудоў засталіся толькі руіны бровара, зарослыя клёнам. Іншымі словамі, глядзець не было на што, таму я рушыў на гарадзішча, да якога было каля ста крокаў.
Адноўленая капліца Карповічаў, фота 2020 года.
НА КРАІ ЗЯМЛІ
Незадоўга да майго візіту нехта спаліў на полі старую траву. Агонь, перакінуўшыся праз два валы і равы, пабываў і на самім гарадзішчы. Вакол роўнай, як стол, пляцоўкі гарадзішча стаялі старыя раскідзістыя дубы. Было бачна, што гарадзішчам нехта апякуецца, бо хмызняк быў прыбраны і спалены. Але ўразіла не гэта. Гарадзішча гэтае мысавога тыпу. Ад поля яно было прыкрытае сістэмай валоў, а з другога боку яго надзейна бараніла дваццаціметровае крутое урвішча. Цяжка перадаць словамі неверагодны краявід, які раскрыўся вачам вандроўніка. Наперадзе, у дымцы, бачыліся рачулка, вёска, гайкі на пагорках. Унізе, пад гарадзішчам, вілася мокрай змейкай дарога і бліскацела цяжкай свінцовай кропляй невялічкая сажалка. Не ведаю, колькі часу я прастаяў на гары, але ў Наваградак прыехаў ужо ў поўнай цемры. Ад таго часу я пабываў на Радагошчы безліч разоў. І сам, і ў кампаніі сяброў. І ведаю гісторыю гэтых мясцін значна лепей, чым у час знаёмства. Таму ёсць пра што распавесці. Але спярша пра тое, як нарадзілася ідэя талакі.
ПАХНЕ ЧАБОР
Улетку 2021 года, падчас падрыхтоўцы да вечарыны памяці беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, якую мы меліся правесці ў Райцы, нарадзілася прапанова пабываць у Радагошчы. Гаспадары сядзібы ў Райцы мінскія мастакі Аляксандр і Вера Салдатавы, хоць і жылі не так далёка ад Валеўкі, ніколі на гарадзішчы не былі.
Залітае сонцам гарадзішча, пясчаны круты адхон, старыя дубы, пах квітнеючага чабору — вось якая карціна сустрэла нас, калі надвячоркам працоўнага дня мы высадзіліся з машыны. Гарадзішча з боку поля за прамінулыя гады так шчыльна парасло кустоўем, што прайсці там было амаль што немагчыма. Ды і сама пляцоўка гарадзішча амаль патанула ў зялёным “моры-акіяне”.
Напатоліўшы вочы краявідамі, мы спусціліся ўніз, дзе пазнаёміліся з мясцовай ураджэнкай, якая сёння жыве ў Наваградку. Яна распавяла нам гісторыю вёскі Радагошча і пра тое, як раней, калі на вёсцы было значна больш людзей, выглядала гарадзішча. Менавіта ад яе мы пачулі, што ў 1991 годзе тут было праведзена “Першае Рэспубліканскае Купалле”. Даведаўшыся, што я з “К” і што мяне таксама хвалюе лёс гарадзішча, яна выказала ідэю правесці талаку, у якой маглі б прыняць удзел прадстаўнікі ўладаў, мясцовыя жыхары і прыезджыя валанцёры. І зерне ідэі трапіла на ўрадлівую глебу. Калі ж мае адбыцца талака? Аб гэтым напрыканцы артыкула. А пакуль што — кароткая гісторыя Радагошчы.
ДВА БЕРАГІ НЁЎДЫ
Уласна кажучы, Радагошча — гэта невялічкая вёска. Ад гарадзішча, што не мае афіцыйнага назову, вёска аддзеленая рачулкай Нёўдай, якая бярэ вытокі пад самым Наваградкам. Як засведчылі археолагі, першыя тутэйшыя жыхары пасяліліся на гарадзішчы яшчэ ў неаліце. У пазнейшы час гарадзішча засялялася яшчэ двойчы. Апошні раз гарадзішча “жыло” ў VIII—XI стагоддзях. Як мяркуе беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі, які кіраваў раскопкамі ў 1998—2002 гадах, гэта было адно з першых славянскіх паселішчаў у Нанямонні. І, верагодна, гарадзішча выконвала функцыю свяцілішча. Цікава, што “назва вёскі сугучная з назвай знакамітага свяцілішча палабскіх славян-люцічаў”. Люцічы былі адным з самых ваяўнічых славянскіх плямёнаў паўночнай Нямеччыны і даўжэй за ўсіх супраціўляліся нямецкай экспансіі. Аб тым, што на тэрыторыю Беларусі магла адбыцца міграцыя ўцекачоў славян-люцічаў, пісалі многія даследчыкі. Падчас раскопак быў выяўлены скарб бронзавых бранзалетаў, падобныя на тыя, якія знаходзяць ва ўсходнелітоўскіх курганах. Разглядаецца гэтае гарадзішча і як адзін з прэтэндэнтаў на статус родапачынальніка сённяшняга Наваградка.
АПОШНІ НАЕЗД У ЛІТВУ
Калі побач з гарадзішчам узнік маёнтак Чомбраў, дакладна невядома. Напрыканцы XVIII стагоддзя ён становіцца ўласнасцю Юзафа Вузлоўскага. Недзе ў гэты час да іх трапляе на службу шляхціц Мацей Маеўскі. Думаю, чытачы “К” адразу ўзгадаюць гэта імя, бо гэты Маеўскі — дзед Адама Міцкевіч па кудзелі. Яго дачка Барбара была сяброўкай і памочніцай у хатніх справах гаспадыні маёнтка Анэлі Вузлоўскай (з Вярэйскіх). Калі ў Барбары і Мікалая Міцкевічаў нарадзіўся сын Адам Бернард (імя далі ў гонар Адама Бернарда Абуховіча, хроснага), то Анэля Вузлоўская стала Адасю хроснай маці. Зразумела, што малы Адам не раз бываў у гэтым маёнтку ў хроснай і, пэўна, як і мы, углядаўся ў далечыню з радагоскага урвішча. Стаўшы паэтам, Адам Міцкевіч увёў Чомбраў у паэму “Пан Тадэвуш”, бо менавіта тут адбыўся той самы наезд, які згадваецца ў паэме. Уласна праз яго Вузлоўскія і страцілі свой маёнтак. Так Чомбраў перайшоў да Карповічаў (сваякоў Яна Чачота). У 1929 годзе ў мясцінах Міцкевіча здымаўся мастацкі фільм “Пан Тадэвуш”. Сядзіба і гарадзішча Радагошча сталі дэкарацыяй для дзеі, а гаспадары — акторамі. На жаль, сёння не ўбачыць сядзібы, але радагоскі краявід такі самы, як і сто год таму. Ці будзе адноўленая сядзіба Вузлоўскіх-Карповічаў і ці будзе ў ёй створаны музейчык паэмы “Пан Тадэвуш”, падаецца, пытанне часу. Але месца карысталася б вялікім попытам у турыстаў. Асабліва ў беларусаў, бо, як ні круці, “Пан Тадэвуш” зусім не пра Польшчу. Ён пра Беларусь, пра нашых продкаў, якія жылі сотні год таму ў трохкутніку Баранавічы—Навагрудак—Мір. І таму пра нас сённяшніх.
ВЯРТАЮЧЫСЯ ДА ІДЭІ ТАЛАКІ
Вызваленае з хмызовага палону гарадзішча магло б выкарыстоўвацца як месца правядзення мясцовых, раённых і рэспубліканскіх свят. А таксама мастацкіх пленэраў. Бо вёска Валеўка (а з ёй і Радагошча) знаходзяцца на скрыжаванні двух важных шляхоў — Баранавічы—Навагрудак і Дзятлава—Карэлічы. А колькі ў гэтых мясцінах гістарычных цікавостак — Райца, Варонча, Туганавічы… не злічыць. Ды й да Свіцязі нейкія два кіламетры.
Вось улічваючы ўсё сказанае, ці можна пакінуць Радагошчу ў спакоі? Дазволіць ёй парасці непралазным лесам і пераўтварыцца ў рай для камароў і кляшчоў, месца нашага забыцця? Думаю, не. А як думаеце вы, нашы чытачы?
P.S. Прапанова нашай газеты аб правядзенні суботніка на Радагошчы была станоўча разгледжаная кіраўніцтвам Навагрудскага раёна. Непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве возьмуць прадстаўнікі Навагрудскага райвыканкама, Валеўскага СПК, журналісты нашай газеты і ўсё ахвочыя. Адбудзецца яно 11 чэрвеня, пачатак а 10-й гадзіне раніцы. Запрашаем да ўдзелу!