Марыя Сыракваш — Смаляны. Прывід (2021)
Я даволі часта бываю на мастацкіх выставах. Але, калі па-шчырасці, вельмі рэдка творы нашых сучаснікаў пакідаюць мяне ўражаным. Іншая справа — працы Марыі Сыракваш. За апошнія два гады я бачыў яе творы ў Палацы мастацтва і Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. І кожны раз яны прымушалі мене спыніцца побач. Часам гэта былі велізарныя лінарыты, часам — акварэльныя пейзажы або нацюрморты. Працуе аўтар і ў інсталяцыі і алейным жывапісе.
ДаведкаМарыя Сыракваш скончыла Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў. У 2019 годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на аддзяленне графікі. Удзельніца і пераможца тэматычных конкурсаў. У 2022 годзе па выніках рэспубліканскай выставы “Графіка года’21” атрымала дыплом першай ступені.
Мастацтвазнаўцы акрэсліваюць яе творчасць такімі словамі: “Бязважкасць, свежасць, атмасфернасць і празрыстасць уласцівы акварэлям мастачкі. Яе асаблівая палітра — жывапісныя колеры, упэўненыя лініі, абстрактныя вобразныя элементы, эмацыянальны кантэкст. Уяўны парыў ветру, рух травы, гульня святла на вежах, сакавітыя фарбы — акварэльныя пейзажы нібыта матэрыялізуюцца ў паветры і ўяўленні, прымройваюцца гледачам — настолькі насычаная кожная выява”.
Чым жа мяне ўразіла персанальная выстава і чаму б я параіў яе наведаць? Усё проста. Тут прадстаўлена каля 30 пейзажаў 2019—2021 гадоў. Гэта і старыя замкі, палацы, сядзібы, храмы і вёсачкі, прычым многія з іх добра вядомыя беларусам. Прыкладам, Крэўскі, Гальшанскі і Смалянскі замкі, касцёл у Івянцы, флігель у Медзвядцы (ледзь не адзінае, што засталося ад сядзібы, дзе 220 год таму нарадзіўся славуты навуковец-геолаг Ігнат Дамейка), сядзіба ў Грушаўцы (дзе нарадзіўся не менш вядомы гістарычны дзеяч часоў ВКЛ Тадэвуш Рэйтан) і многае іншае можна ўбачыць на выставе. Геаграфічна тут — уся Беларусь, Міншчына, і Гарадзеншчына, Берасцейшчына і Віцебшчына. Марыя Сыракваш — чалавек, якога без сумневу можна назваць “апантаны Бацькаўшчынай”.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №15 за 9 красавіка.