Ініцыятарам і адным з галоўных арганізатараў гэтага творчага праекта выступіў калектыў гэтай установы — аркестр народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова.
— Такі форум ладзіцца ў нас упершыню, — распавяла напярэдадні дырэктар аркестра Алена Фядзькова. — У яго праграме — круглы стол, прысвечаны актуальным пытанням развіцця сучаснага аркестравага народна-інструментальнага выканальніцтва, майстар-класы і семінар-практыкум вядучых расійскіх спецыялістаў, два канцэрты нашага аркестра імя Іванова і адкрытая рэпетыцыя аднаго з іх. Ідэя такога праекта сыходзіла ад мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора нашага творчага калектыву Дзяніса Чэрты і была падтрыманая філармоніяй, упраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама. Форуму папярэднічаў Рэспубліканскі анлайн-конкурс імя Леаніда Іванова, які сабраў 11 аркестраў рускіх народных інструментаў музычных каледжаў і каледжаў мастацтваў з усёй краіны. Журы ўзначальваў прафесар Віктар Акуловіч з Санкт-Пецярбурга, у склад “судзейскай калегіі” ўвайшлі таксама Уладзімір Шкуроўскі з Масквы, Эльвіра Тахірава з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і згаданы Дзяніс Чэрта. Усе яны — самыя актыўныя ўдзельнікі цяперашняга форуму: менавіта іх сіламі ладзяцца творчыя сустрэчы і абмеркаванні. Што ж да канцэртаў, дык на першым прэзентуецца ўласная праграма аркестра — “Сусветныя хіты. Дзеці”. Назва невыпадковая: з нашым аркестрам выступяць юныя выканаўцы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Другая вечарына ўяўляе сабой гала-канцэрт: там можна будзе ўбачыць усіх дырыжораў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе. Па ўмовах творчага спаборніцтва кожны калектыў павінен быў выканаць тры творы, з іх Дзяніс Чэрта абіраў адзін, каб скласці праграму цяперашняга гала-канцэрта. Некаторыя з тых твораў ужо былі ў нашым рэпертуары, астатнія развучваліся спецыяльна да гэтага форуму, каб са славутым прафесійным калектывам выступілі дырыжоры з усёй Беларусі. На гэтай заключнай вечарыне форуму будуць, нарэшце, аб’яўлены пераможцы анлайн-конкурсу.
Сапраўды, правядзенне конкурсу і форуму — гэта цудоўная магчымасць з’яднаць дырыжорскае братэрства, падзяліцца вопытам, падвесці вынікі сучаснага стану аркестраў народных інструментаў, зацікавіць калектывы і кіраўнікоў у далейшым развіцці іх выканальніцкага майстэрства. Адно шкада: форум ахапіў пакуль толькі частку вучэбных калектываў, а менавіта — аркестры рускіх народных інструментаў. А ў нас жа багата калектываў з беларускім нацыянальным інструментарыем! Ёсць і ўласна цымбальныя аркестры. Як запэўнілі арганізатары, правядзенне падобных форумаў плануецца працягваць. І, магчыма, кола ўдзельнікаў у будучым пашырыцца — акурат за кошт аркестраў беларускіх народных інструментаў.