27 студзеня быў апублікаваны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года гістарычнай памяці — у спісе восемдзесят адна пазіцыя. Плануецца стварэнне рэгіянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання, распрацоўка сайта аб помніках, мемарыялах і пахаваннях часоў апошняй вайны, устаноўка ў такіх мясцінах QR-кодаў з інфармацыяй аб іх гісторыі. Працягнецца дапаўненне звестак аб ахвярах Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў аўтаматызаваным банку даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”, а таксама напаўненне інфармацыяй інтэрнэт-партала “Партызаны Беларусі”.
Пэўныя змены закрануць і сістэму адукацыі: так, у вышэйшых навучальных установах мяркуецца ўвесці навучальную дысцыпліну “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”.
ВЯРТАННЕ КАШТОЎНАСЦЕЙ
27 студзеня ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная пытанням захавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і недапушчэння скажэння яе вынікаў. Кіраўнік следчай групы па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Валерый Талкачоў зазначыў, што пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры актывізаваная дзейнасць камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, вывезеных за межы Рэспублікі Беларусь у гады нацысцкай акупацыі.
Генеральная пракуратура актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, праводзіць сваю працу з выкарыстаннем матэрыялаў, атрыманых у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. У музейных установах краіны ствараюцца экспазіцыі, прысвечаныя гэтаму трагічнаму перыяду гісторыі. Таксама Генеральная пракуратура ініцыявала стварэнне міжведамаснай камісіі пад старшынствам Міністэрства абароны для стварэння адзінага мемарыяльнага комплексу ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
НАРОДНЫ ЛЕТАПІС
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Юрэцкі паведаміў, што ў студзені быў абвешчаны рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаных Году гістарычнай памяці. Арганізатарамі конкурсу выступілі Нацыянальная акадэмія навук, Інстытут гісторыі і Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Сярод намінацый, у якіх будуць разглядацца атрыманыя на конкурс тэксты, — “Найбольш значныя падзеі ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці”, “Вялікая Айчынная вайна ў памяці маёй сям’і”, “Знакамітыя асобы беларускай зямлі”. Творы на конкурс прымаюцца як у выглядзе даследчых работ, так і публіцыстыкі, эсэістыкі, мемуараў, прозы і вершаў.
У рамках абвешчанай пазалетась акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны” ўжо падрыхтаваная да выдання другая кніга, складзеная з дасланых у Інстытут гісторыі ўспамінаў удзельнікаў і сведак падзей вайны альбо іх сваякоў. Таксама сёлета Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук плануе правядзенне некалькіх рэгіянальных навуковых канферэнцый, прысвечаных тэматыцы Года гістарычнай памяці.
ГЛЯДЗІ І ПОМНІ
Загадчык лабараторыі гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Мох распавяла, што сёлета ў школах рэалізуецца пілотны праект, у рамках якога вучні старэйшых класаў наведваюць месцы памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, такія як мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
З мінулага года праводзіўся рэспубліканскі патрыятычны марафон “Глядзі і помні”, падчас якога навучэнцам было прапанавана пазнаёміцца з савецкімі і сучаснымі фільмамі аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пасля адлюстраваць свае ўражанні ад прагляду ў выглядзе відэаролікаў альбо кінаплакатаў. Фільмы былі раздзеленыя на шэраг тэматычных блокаў, такіх як “Маральны выбар на вайне”, “Становішча жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Становішча дзяцей на акупаванай тэрыторыі Беларусі” і г.д.
НІКОЛІ БОЛЕЙ
27 студзеня ў гісторыі Другой сусветнай вайны — дата знакавая. Гэта дзень, калі ў 1945 годзе Чырвонай арміяй быў вызвалены найбуйнейшы нацысцкі лагер смерці Аўшвіц (Асвенцім), асноўную масу ахвяр якога складалі яўрэі — таму з 2005 года гэтая дата адзначаецца як Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. З гэтай нагоды ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі “Ніколі болей”, якая працягнецца да 28 лютага.
На выставе прадстаўленыя фотадакументы і ўспаміны цудам ацалелых вязняў гета, створаных нацыстамі ў сотнях мястэчак на тэрыторыі Беларусі. Можна пабачыць тут і сведчанні вязняў лагераў смерці ў Майданэку, Аўшвіцы, Дахау і іншых мясцінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама ўдзельнікаў вызвалення гэтых лагераў. У цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел колішні вязень віленскага гета Ілья Караблікаў, які апынуўся ў нацысцкай няволі яшчэ немаўлём, страціў там маці і быў выгадаваны бабуляй і цёткай з боку бацькі — той быў адным з кіраўнікоў віленскага падполля і дапамагаў ладзіць уцёкі яўрэяў з гета.
БЛАКАДНЫ ХЛЕБ
27 студзеня адзначаецца таксама і дзень зняцця блакады Ленінграда, якое адбылося ў 1944 годзе. Да гадавіны гэтай падзеі прымеркаваная яшчэ адна часовая экспазіцыя, якая адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1 лютага. Выстава “Сімвалы блакаднага Ленінграда” з’яўляецца сумесным праектам музея з Цэнтральным дзяржаўным архівам літаратуры і мастацтва Санкт-Пецярбурга і Дзяржаўным мемарыяльным музеем аба-
роны і блакады Ленінграда.
У адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. Прысутнічалі на сустрэчы таксама сведкі блакады Ленінграда, якія сёння жывуць у Мінску.
Выстава ўключае тры фотадакументальныя блокі: “І музы выстаялі”, “Блакадны хлеб” і “Салют ленінградскай перамогі”. Таксама тут можна пабачыць усё тое, што захоўвае памяць аб ваеннай трагедыі: асабістыя рэчы людзей, якія не перажылі блакаду, дакументы, дзённікі і лісты блакаднікаў, прадуктовыя карткі, пайку блакаднага хлеба. Пабачыць гэтыя каштоўныя сведчанні трагічных дзён можна да 8 сакавіка.