НАСТАЎНІЦА
Першай прыступкай да прафесійнага станаўлення стала навучанне ў Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы на курсе беларускай мовы і літаратуры. Акрамя спецыяльнасці настаўніка, дзяўчына атрымала ў каледжы дадатковую спецыялізацыю “Творчая дзейнасць”. Пасля размеркавання Настасся Васільеўна прыступіла да працы ў школе-дзевяцігодцы ў вёсцы Лубенікі на пасадзе настаўніка... рускай мовы і літаратуры, бо іншай вакансіі не было. Маладому спецыялісту таксама даверылі класнае кіраўніцтва. Вось дзе быў прастор для творчасці! Педагог праводзіла выхаваўчыя мерапрыемствы кожны чацвер. Паступова на іх сталі прыходзіць не толькі вучні і калегі, але жыхары вёскі. Гэта прыносіла радасць, задавальненне ад вынікаў працы і стымулявала да далейшай творчасці і самаўдасканалення.
Дзяўчына не забылася і на сваю мару вывучаць псіхалогію. Яна паступіла на завочнае аддзяленне педагагічнай псіхалогіі ў ГДУ імя Францыска Скарыны. Аднак замужжа, нараджэнне дзіцяці і некаторае расчараванне ў прафесіі псіхолага прывялі да таго, што Настасся ўзяла акадэмічны адпачынак, а потым не стала працягваць вучобу.
ПЕДАГОГ-АРГАНІЗАТАР, ЖУРНАЛІСТ
Так склаліся жыццёвыя абставіны, што сям’я Салаўёвых пераехала ў невялікі пасёлак Мядкоў у Светлагорскім раёне. Настасся Васільеўна ўладкавалася на працу ў сярэднюю школу нумар пяць Светлагорска ў якасці педагога-арганізатара. Пачынаць працу на новым месцы было страшнавата. Вопыту работы няма, бо спецыяльнасці педагога-арганізатара не вучылася. За плячыма толькі праца ў сельскай школе. Аднак уменнем наладжваць даверлівыя адносіны з вучнямі педагог валодала і без дыплома псіхолага. Узялася за справу з аптымізмам і энергічна.
У выніку нараджаліся незвычайныя конкурсы, флэшмобы, акцыі, урачыстыя мерапрыемствы. Здавалася б, знайшла сваё месца ў жыцці, вызначылася з выбарам прафесіі. Але чагосьці ўсё ж не хапала: нязбыўнай аказалася мара аб журналістыцы. Спачатку папаўняла сайт школы фотаздымкамі, затым атрымала правы мадэратара і стала пісаць невялікія нататкі пра школьнае жыццё. Гэта і прывяло да жадання паступаць у БДУ на факультэт журналістыкі. Калегі і родныя сустрэлі гэтую ідэю з недаверам і скепсісам, але Настасся адважна кінулася на чарговую жыццёвую прыступку. Як вядома, смеласць гарады бярэ. Салаўёва паспяхова справілася з сачыненнем на тэму “Герой нашага часу”, здала вусны экзамен і ў дзень свайго нараджэння, 20 ліпеня, падпісала дагавор аб залічэнні на факультэт. Такі вось атрымаўся падарунак лёсу.
Пяць гадоў вучобы праляцелі імкліва. Вучыцца было цікава. Адначасова Настасся Салаўёва публікавалася ў газетах. Найбольш цікавым для пазаштатнай журналісткі стала напісанне твораў у сатырычна-гумарыстычным жанры.
ЗАГАДЧЫЦА
Нарэшце справа да душы знойдзена? Ды не! Настасся Васільеўна зноў крута мяняе свой лёс і пераходзіць на пасаду загадчыцы філіялам Мядкоўскага цэнтра вольнага часу. Зноў давялося спасцігаць азы новай прафесіі з нуля. Аднак за плячыма ўжо вялікі вопыт творчай, журналісцкай працы і ўменне наладжваць кантакты з людзьмі. Не знік дарма педагагічны вопыт, Анастасія Васільеўна арганізавала і кіруе працай гуртка “Вясёлы пэндзлік”, аматарскімі аб’яднаннямі “Экафармат” для дзяцей і клубам маладой сям’і “Медуніца” для дарослых. Навыкі журналіста і ўменне працаваць на камп’ютары вельмі спатрэбіліся ў перыяд пандэміі. Відэа нумароў мастацкай самадзейнасці, чэленджы, фатаграфіі касцюмаў для конкурсаў і фестываляў высылаліся на сайт Светлагорскага цэнтра народнай творчасці, якія Цэнтр размяшчаў на старонках сваіх супольнасцей у Інтэрнэце.
Ёсць у філіяла і свая старонка “ВКонтакте”, на якой публікуецца актуальная для жыхароў пасёлка інфармацыя. Вопыт працы педагога-арганізатара таксама прыйшоўся вельмі дарэчы ў арганізацыі масавых гулянняў, тэматычных вечароў, абрадавых мерапрыемстваў, канцэртаў, інфармацыйных гадзін, пазнавальных, гульнявых, танцавальна-забаўляльных праграм, віктарын, пасяджэнняў клубаў, літаратурна-музычных кампазіцый і мн. інш. Навыкі псіхолага вельмі спатрэбіліся пры правядзенні акцый міласэрнасці, агітацыі і арганізацыі наведвання гледачамі мерапрыемстваў у Цэнтры вольнага часу і ў працы кіраўніка калектыву.
НЕ ЗАКАНЧЭННЕ. ПРАЦЯГ!
У пасёлку Мядкоў крыху больш за 1100 чалавек. Для іх у Цэнтры вольнага часу, дзе ў штаце 4 чалавекі, за 2021 год праведзена 475 мерапрыемстваў, 10 канцэртаў, 13 тэатралізаваных свят і абрадаў, 9 выстаў. Запомніўся вечар успамінаў “Мы гэтай памяці верныя”, музычны вечар “Песні маёй Радзімы”, свята Дзень пасёлка “Я любуюся табой, мой пасёлак родны!”, турыстычнае падарожжа “Сцяжынкай продкаў”, конкурсна-гульнявая праграма “Вясёлы марафон”... Мядкоўскі цэнтр вольнага часу прымае ўдзел у раённых аглядах-конкурсах, значных раённых святах, шэсцях і мерапрыемствах. Так, летась у раённым аглядзе-конкурсе “Вясковыя зарніцы” ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці цэнтра вольнага часу адзначаны ў намінацыях “Касцюм” і “Вакал”.
Сышліся ў карціну ўсе пазлы мары Настассі Салаўёвай, арганічна аб’ядналіся ў адной прафесіі работніка культуры. Але яна, як і раней, імкнецца да самаўдасканалення і плануе паступленне на завочнае аддзяленне каледжа мастацтваў.
Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск
Фотаздымкі з архіва Настассі Салаўёвай.