Напалеон Орда, без сумневу, знакавая асоба для Беларусі. Выдатны мастак, таленавіты кампазітар і музыкант, літаратар і грамадскі дзеяч — гэта ўсё пра яго. Сёння, калі лік мастацкіх выстаў і пленэраў, канферэнцый і публікацый, прысвечаных Напалеону Орду, ідзе на дзясяткі, калі ёсць Іванаўская дзіцячая мастацкая школа, якая носіць яго імя, а таксама ў многіх гарадах Беларусі вуліцы Напалеона Орды, калі ёсць помнікі і памятныя знакі, памятная манета Нацбанка і паштовы блок ад Белпошты, нам можа падацца, што яго папулярнасць заўсёды была такой. Але няцяжка паверыць (затое лёгка праверыць), што яшчэ ў 1970-х гадах ім цікавіліся лічаныя адзінкі даследчыкаў. Аднак менавіта дзякуючы ўвазе да мастака з боку навукоўцаў Адама Мальдзіса, Міхаіла Кацэра і Леаніда Дробава і іх паслядоўнікаў Рыгора Сыраваткі, Надзеі Раманюк і многіх іншых пайшоў з гары першы каменьчык. Што, у рэшце рэшт, прывяло да заканамернай з’явы — аднаўлення сядзібы на старых падмурках.
Творчую спадчыну Напалеона Орды як мастака складае больш за 1150 малюнкаў, на якіх ён па-майстэрску, амаль з фатаграфічнай дакладнасцю зафіксаваў нашу страчаную спадчыну — сядзібы, палацы і замкі, а таксама памятныя мясціны. І не толькі з беларускіх земляў (беларуская серыя —200 малюнкаў). Бо шмат вандраваў ён па ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, а яшчэ і па Еўропе. Музычная спадчына Орды сціплая, гэта больш за 20 мазурак, паланэзаў, вальсаў, рамансаў, песень і інш. Доўгі час жывучы ў Парыжы, завёў ён знаёмства, у прыватнасці, з кампазітарамі Фрэдэрыкам Шапэнам, Ферэнцам Лістам, Джузэпэ Вердзі, а таксама з літаратарамі Анарэ дэ Бальзакам, Стэндалем і з земляком Адамам Міцкевічам. Ён, як і Орда, апынуўся ўдалечыні ад Бацькаўшчыны вымушана.
Дарэчы, сядзібы яшчэ двух славутых берасцейцаў, Адама Міцкевіча (Завоссе) і Тадэвуша Касцюшкі (Марачоўшчына-Косава), адноўленыя з нуля і не ў малой ступені абавязаны тым малюнкам, якія пакінуў у сваім “Беларускім” альбоме Напалеон Орда.
АД РАСКОПАК ДА ЎРАЧЫСТАГА АДКРЫЦЦЯ
У 2004 годзе археолаг Валянцін Собаль пад эгідай Акадэміі навук Беларусі правёў раскопкі на месцы сядзібы Ордаў ва ўрочышчы Чырвоны Двор. Высветлілася, што дом быў крыты гонтай, драўляны і атынкаваны (як, я мяркую, і сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы). Было ў ім 16 пакояў, і толькі дзве кафляныя печы. Археалагічныя знаходкі не далі сенсацыйных вынікаў, але цікавага матэрыялу было сабрана нямала (калекцыі цэглы, кафлі). Тая інфармацыя дала магчымасць распачаць працу па стварэнні праектаў рэканструкцыі сядзібы Ордаў. Дарэчы, у ХІХ стагоддзі (1835 годзе) у сядзібны комплекс уваходзілі, акрамя дома, стайня, хлеў, свіран, бровар, саладоўня, конны млын, лядоўня, кухня, гумно, будынак для сушкі вішань і многае іншае. А яшчэ быў велізарны сад з сотнямі пладовых дрэваў. То-бок гэта быў тыповы маёнтак сярэднезаможнай беларускай шляхты. Магчыма, нешта з гаспадарчых пабудоў будзе адноўлена пазней, як гэта зроблена ў Завоссі, дзе гаспадарчыя будынкі не толькі адыгрываюць ролю музейных аб’ектаў, але і на часы імпрэз пераўтвараюцца ў выставачныя і канцэртныя залы.
Пакуль ішлі раскопкі, выдатны мастак і стваральнік некалькіх музеяў светлай памяці Уладзімір Капшай разам з творчай архітэктурнай майстэрняй выканаў будаўнічы макет і праект першай чаргі рэканструкцыі былой школы. Так нарадзіўся раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы. Ён сёння ўключае ў сябе мастацкую галерэю і невялічкі музейчык, які быў пабудаваны ў 2016 годзе.
У 2005 годзе на чарговай сесіі Генеральнай асамблеі UNESKO 200-гадовы юбілей Напалеона Орды быў унесены ў спіс 63-х памятных дат планеты 2007 года. Што, вядома, не магло не адбіцца на далейшай папулярызацыі імя славутага мастака ў Беларусі. А ў 2009 годзе ў Чырвоным Двары пачалося аднаўленне сядзібы. З-за праблем з фінансаваннем з мясцовага бюджэту працы ішлі не так хутка, як хацелася. Часам перапыняліся.
Былі і пытанні па якасці прац. Напрыклад, на некаторых старых здымках у Сеціве можна было заўважыць, як “уздыбілася” гонта пакрыцця даху. Вядома ж, арыгінальную гонту, такую, якой яна была ў часы Напалеона Орды, сёння не вырабляюць. На замену ёй прыйшло нешта сярэдняе паміж гонтай і дранкай, якая толькі здаля можа падмануць пільнага гледача, ды і тое сваім прыгожым шэрым колерам.
Значная частка прац была скончана да 2019 года. І толькі дзякуючы таму, што ў 2019 годзе на завяршэнне будаўніча-мантажных прац быў атрыманы грант Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва (824 тысячы рублёў), удалося ўвасобіць праект у жыццё. За кошт сродкаў мясцовага бюджэту і спонсарскай дапамогі была праведзена музеефікацыя.
На сённяшні дзень адноўленыя інтэр’еры ў 12 з 16 пакойчыкаў сядзібы. У іх размешчана антыкварная мэбля, якая перадае атмасферу шляхецкай культуры і побыту. Для часовага экспанавання мінскі калекцыянер Мікалай Сечка прадаставіў музею больш за 75 прадметаў. Частка з іх набыта дырэкцыяй комплексу.
Наведвальнікаў сядзібы-музея чакаюць сустрэчы з працоўным кабінетам-майстэрняй Напалеона Орды, асобным пакоем з партрэтамі роду Ордаў (партрэтная), пакойчыкам маці мастака Юзэфы з Бутрымовічаў (Бутрымовічы — род, які вядзе свой радавод ад часоў князя Вітаўта). Ёсць і пакойчык пляменніцы мастака Алены Скірмунт, якая стала выдатнай мастачкай, скульптарам і медальерам.
Будуць у сядзібе яшчэ бібліятэка, гасцёўня, дзіцячы пакой, працоўны кабінет, парадная і абедзенная залы і — куды ж без яе ў шляхецкай сядзібе — бальная зала. Дарэчы, з ростам цікавасці (ці аднаўленнем гістарычнай памяці) да шляхецкай культуры — не думаю, што яна будзе пуставаць. Думаю, што сядзіба стане выдатным месцам для правядзення канферэнцый і рознага кшталту вечарын. І, вядома ж, будзе карыстацца вялікім попытам у турыстаў, не толькі беларусаў, якія былі першымі наведвальнікамі адноўленай сядзібы.
Дарэчы, наваселле супала з чарговым юбілеем Напалеона Орды — 215-годдзем з дня нараджэння. І з гэтай нагоды ў мясцінах Напалеона Орды плануюцца святочныя мерапрыемствы. Аб іх мы абавязкова распавядзем нашым чытачам у лютым 2022-га.
Засталося толькі павіншаваць з падзеяй і падзякаваць усім тым, хто ў розны час спрычыніўся да вяртання Напалеона Орды на Бацькаўшчыну і справы аднаўлення яшчэ адной знакавай для Беларусі сядзібы!