У мінулым месяцы ў анлайн-фармаце адбыўся круглы стол, прымеркаваны да выхаду чарговага тома “Атласа Брэсцкай крэпасці”. Даследчы праект па выданні атласаў быў запачаткаваны Фондам развіцця Брэсцкай крэпасці ў 2017 годзе, сёння ён аб’ядноўвае найбуйнейшыя музеі і архівы Беларусі, Расіі і Літвы. Абмен досведам і выяўленымі архіўнымі дакументамі дазваляе даследчыкам з розных краін лепш спасцігнуць гісторыю і практыку будаўніцтва крэпасцей ХІХ стагоддзя на тэрыторыі ўсёй колішняй Расійскай імперыі — ад Каўнаса да Уладзівастока.
Адметнасць праекта ў тым, што атласы выходзяць не ў храналагічным парадку: так, у 2017 годзе першым з’явіўся трэці том, прысвечаны фортаваму перыяду ў гісторыі Брэсцкай крэпасці (1876–1915 гг.), сёлета прэзентаваны другі том, які распавядае аб бастыённым перыядзе (1823–1876 гг.), а ў будучыні мяркуецца выдаць першы том, у якім будзе паказаная гісторыя горада Брэста да 1823 года, калі, уласна, і было распачатае стварэнне крэпасці.
Работа над новым выданнем пачалася яшчэ ў 2013 годзе. Яно змяшчае ўрыўкі са справаздач, фотаздымкі, планы, чарцяжы, выказванні ўдзельнікаў праектавання, што дазваляе чытачам атрымаць уяўленне аб складаным працэсе перасялення горада і будаўніцтва крэпасці. У кнізе апублікаваныя дванаццаць карт, якія паказваюць маштабныя змены ландшафту ў ваколіцах Брэста, што адбыліся ў працэсе пераносу горада на новае месца і ўзнікнення цытадэлі. Акрамя таго, тут змешчаныя пяцьдзясят пяць чарцяжоў колішніх кляштараў, казарм ды іншых пабудоў на тэрыторыі крэпасці, і каля шасцідзесяці сучасных здымкаў цяжкадасяжных мясцін умацаванняў. Таксама ў кнігу ўвайшлі каля паўсотні старых фотаздымкаў з прыватных калекцый.
ПЕРШЫМ АЖЫВАЕ ПЯТЫ ФОРТ
Кіраўнік філіяла “Музей V Форт” Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Каркатадзэ падкрэсліў, што звесткі, сабраныя падчас падрыхтоўкі атласа, дазволілі больш якасна правесці музеефікацыю форта, а таксама дакладна вызначыць час і акалічнасці пабудовы гэтага ўмацавання. Даследчык адзначыў, што яго надзвычай уразіла такая архіўная знаходка, як “Фармуляр Брэсцкай крэпасці” ад 1015 да 1901 года, складзены тагачаснымі вайсковымі інжынерамі, у якім найбольш цікава і поўна апісаная гісторыя гэтай мясціны.
Аўтары, якія складалі гэты дакумент, відавочна імкнуліся падкрэсліць прыналежнасць старажытнага Брэста не да Рэчы Паспалітай, а да спрадвечна рускіх земляў — зрэшты, многія погляды, выкладзеныя ў гэтым тэксце, даўно аспрэчаныя сучаснай гістарычнай навукай. Таксама ўражваюць генеральныя планы крэпасці, на якіх прысутнічае не толькі подпіс Мікалая І, але і яго ўласнаручныя паметы і праўкі, бо імператар паводле адукацыі быў вайсковым інжынерам.
Таксама кіраўнік філіяла падкрэсліў, што пры стварэнні экспазіцыі Пятага форта асаблівая ўвага надавалася ролі ўмацаванняў Брэсцкай крэпасці ў баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны, што дазволіла абвергнуць папулярны міф аб тым, што гэтыя збудаванні нібыта не мелі ваеннага досведу. Гэта немалаважна, бо, як вядома, Брэсцкая крэпасць мае непасрэднае дачыненне і да заканчэння баявых дзеянняў Першай сусветнай на ўсходнім фронце — менавіта тут быў падпісаны Брэсцкі мірны дагавор 3 сакавіка 1918 года.
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛ ДАСЛЕДЧЫКАЎ
Адзін з укладальнікаў атласа, кіраўнік Цэнтра ваеннай спадчыны Літвы ў Каўнасе Уладзімір Арлоў, адзначае, што перадусім аўтары выдання вылучылі для сябе дзве ключавыя тэмы для даследавання. Першая — высветліць механізмы прыняцця рашэнняў аб лёсах крэпасці: хто іх прымаў, пад уплывам якіх фактараў. Другім важным аспектам быў погляд на гісторыю крэпасці ў сацыяльным вымярэнні, бо, як вядома, яна ўзнікла на месцы забудовы старога Брэста, і з гэтай акалічнасцю звязаныя перыпетыі лёсаў многіх яго жыхароў, якім давялося пакідаць свае дамы і абжытыя мясціны, церпячы немалыя нязручнасці падчас пераносу горада на новае месца. Прытым значная частка дакументацыі пачатку пазамінулага стагоддзя стваралася на французскай мове, таму даследчыкам давялося звяртацца па дапамогу да перакладчыкаў.
Складальнікі кнігі асабліва былі ўражаныя тым, што будаўніцтва крэпасці ажыццяўлялася пад самым пільным асабістым кантролем імператара Мікалая І. Адметна таксама, што планы пабудовы крэпасці ў Брэст-Літоўску існавалі яшчэ ў Рэчы Паспалітай, да таго як горад апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Для царскіх жа ўладаў пабудова крэпасці была вельмі дарагім праектам, які патрабаваў выплаты кампенсацый уладальнікам зруйнаваных будынкаў старога горада, — гэтая тэма яшчэ патрабуе асобнага падрабязнага даследавання.
Даследчык фартыфікацыйных збудаванняў і экскурсавод музея-запаведніка «Уладзівастоцкая крэпасць» Васіль Азарэвіч, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы зборніка, адзначыў цікавую акалічнасць. Рыхтуючы экспазіцыю ў адным з фартоў далёкаўсходняй крэпасці, удалося высветліць, што яго праектаваў вайсковы інжынер Вячаслаў Торапаў, які перад тым працаваў у Брэсцкай і Каўнаскай крэпасцях, што яшчэ раз падкрэслівае гістарычную повязь гэтых фартыфікацыйных аб’ектаў. Даследчык таксама звярнуў увагу на важнасць сацыяльна-антрапалагічнага вывучэння гісторыі не проста крэпасцей як збудаванняў, але і сукупнасцей людзей, якія забяспечвалі іх узнікненне і дзейнасць і нават проста жылі побач.
Новы том атласа перададзены ў асноўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, музеі і бібліятэкі Брэста, што, безумоўна, зробіцца добрай падмогай для вывучэння гісторыі Брэсцкай крэпасці і паспрыяе росту зацікаўленасці да яе гістарычных мясцін як сярод жыхароў нашай краіны, так і між гасцей Беларусі.
ПАМЯЦЬ ДЗЕЛЯ БУДУЧЫНІ
Таксама напрыканцы кастрычніка адбыўся семінар “Create at Fort”, прысвечаны будучыні фартоў Брэсцкай крэпасці і магчымасцям іх выкарыстання для патрэб грамадства. У семінары прынялі ўдзел беларускія студэнты, якія атрымліваюць адукацыю ў архітэктуры і дызайне ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, а таксама — дыстанцыйна — студэнты з польскага горада Хелм. Частка фартоў Брэсцкай крэпасці сёння знаходзіцца на заходнім баку мяжы, і ўдзельнікі семінара выказалі спадзяванні, што супольная праца над зберажэннем агульнай памяці аб гэтых гістарычных месцах магла б паспрыяць таксама і захаванню добрасуседства між народамі.
У рамках семінара студэнты мелі магчымасць праслухаць лекцыі і паўдзельнічаць у майстар-класах па архітэктурным праектаванні, стварэнні калажаў, рабоце з фота і відэа, а таксама наведаць экскурсіі па фартах Брэсцкай крэпасці. Па выніках мерапрыемства былі прэзентаваныя цікавыя праекты прыстасавання і добраўпарадкавання фартыфікацыйных збудаванняў як культурных і турыстычных аб’ектаў. Студэнты прапаноўвалі ідэі размяшчэння ў колішніх фартах у ваколіцах Брэста адукацыйных прастораў і грамадскіх цэнтраў, памяшканняў для гістарычных квэстаў і тэатралізаваных прадстаўленняў, усталявання побач інфармацыйных стэндаў, мастацкіх інсталяцый і фотазон, якія могуць прывабіць турыстаў.
Як падкрэсліў адзін з лектараў семінара, архітэктар і урбаніст Яўген Шчарбач, Брэсцкая крэпасць па ступені захаванасці сваіх аб’ектаў і іх колькасці з’яўляецца адной з найцікавейшых у Еўропе для аматараў фартыфікацыі: нягледзячы на ўсе войны і разбурэнні, каля паловы фартоў захаваліся ў дастаткова добрым стане. Цяпер застаецца толькі не дапусціць іх далейшага разбурэння і зберагчы для будучыні.
Многія з фартоў знаходзяцца паблізу жылых раёнаў, а гэта азначае, што пры належнай арганізацыі жыхары гэтых мясцін маглі б удзельнічаць у добраўпарадкаванні ўмацаванняў і прылеглых да іх тэрыторый. Гістарычныя месцы памяці аб войнах, якія праносіліся па нашай зямлі, могуць і мусяць быць карыснымі для сучасных і будучых пакаленняў, дзеля жыцця і дабрабыту якіх змагаліся героі мінулых дзён.
Фота з сайта Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-
герой” brest-fortress.by