Першыя згадкі аб горадзе Чэрвені Мінскай вобласці датуюцца 1387 годам. Прычым да 1923 года ён называўся Ігумен, бо паводле падання тут размяшчаўся манастыр. Зразумела, што горад з такой доўгай гісторыяй і ўласнай легендай проста абавязаны мець свой краязнаўчы музей. І ён сапраўды тут ёсць. Крыху больш за год таму музей пераехаў у новы будынак, які дазваляе паўнавартасна змясціць адзінаццаць пастаянных экспазіцый у сямі залах. Акрамя таго, тут праводзяцца часовыя выставы і культурна-адукацыйныя мерапрыемствы.
Гасцей чэрвеньскага музея сустракае першая зала, дзе размешчаны матэрыялы археалагічных раскопак. Каменныя, бронзавыя, жалезныя артэфакты расказваюць свае гісторыі, знаёмяць з побытам старажытных людзей. Побач экспазіцыя, звязаная з заснаваннем горада ігуменняй і макетам паселішча часоў Полацкага княства. Гісторыя ў складзе ВКЛ прадстаўлена копіямі прывілеяў караля Ягайлы і сапраўднай пячаткай падскарбія ВКЛ. Тады мястэчка належала шляхецкаму роду Кезгайлаў, а пасля Віленскаму епіскапату.
Вялікая колькасць дакументаў, фатаграфій, прадметаў знаходзіцца ў другой зале гісторыі Ігумена ў складзе Расійскай імперыі. Мястэчка амаль адразу пасля далучэння да гэтай дзяржавы атрымала статус горада і стала цэнтрам Ігуменскага павета, куды ўваходзілі ў тым ліку землі цяперашніх Пухавіцкага, Бярэзінскага, Уздзенскага раёнаў, колішнія асобныя воласці Смалявіцкага, Мінскага і Асіповіцкага раёнаў. Наведвальнікаў сустрэне стылізаваная павятовая канцылярыя, фотаатэлье, стэнды аб адукацыі, медыцыне, гандлі, аб нацыянальным і канфесійным складзе насельніцтва павета.
З сялянскім побытам канца XIX — пачатку XX стагоддзя можна пазнаёміцца ў “беларускай хаце” — трэцяй зале. Тут да ўвагі прадметы побыту і інтэр’ера традыцыйнага жытла беларусаў, нацыянальныя строі, вышыўка і ткацтва. Каляндар народных свят дапоўнены відэаматэрыяламі на інфапанэлі, дзе расказваецца і пра традыцыі земляробства, прылады працы, нацыянальную кухню.
У 1899 годзе Ігумен перажыў моцны пажар, але быў хутка адбудаваны і гісторыя яго працягнулася. У 1923-м горад стаў Чэрвенем, і пра яго новую, савецкую гісторыю расказваюць шматлікія экспанаты чацвёртай залы. У гэтай частцы экспазіцыі наведвальнікам паказана паэтапнае станаўленне савецкай улады, аднаўленне эканомікі, разбуранай у час Першай сусветнай вайны і інтэрвенцыі.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў пятай зале накіравана на фарміраванне аб’ектыўнага ўяўлення аб гэтай трагедыі, разуменне важнасці абароны Радзімы і захавання міру. Праз фотадакументы паказана сутнасць злачынстваў акупантаў. Адлюстраваны ўдзел ураджэнцаў Чэрвеньскага раёна ў баявых дзеяннях на фронце і партызанскіх брыгадах, якіх тут было дзевяць. Важнае месца займае інфармацыя аб земляках — Героях Савецкага Саюза. Аповед экскурсавода дапаўняюць аўдыя- і відэаматэрыялы.
Для многіх дарослых наведвальнікаў музея матэрыялы шостай залы — частка іх жыцця, бо распавядаюць пра аднаўленне народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд і працоўнае жыццё да распаду СССР. А для юных наведвальнікаў зала цікавая знаёмствам з дзіўнымі прадметамі, якія былі часткай жыцця іх бабуль і дзядуль. У асобных вітрынах — інфармацыя аб земляках — Героях Сацыялістычнай працы, воінах-афганцах.
У сёмай зале прадстаўлены матэрыялы аб сацыяльна-эканамічным развіцці Чэрвеньскага раёна ў сучаснай Беларусі. Тут можна пазнаёміцца з біяграфіямі Ганаровых грамадзян горада і раёна, вядомых вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры. Адзін з самых вядомых дзейных касманаўтаў — ураджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі. Знакамітыя выхадцы з рэгіёна — кампазітар Станіслаў Манюшка, мастак Хаім Суцін, алімпійскі чэмпіён-цяжкаатлет Валерый Шарый. У адной з вітрын прадстаўлена перыёдыка, фота- і відэаматэрыялы аб дасягненнях рэгіёна, якія пастаянна абнаўляюцца. Невялікая экспазіцыя распавядае аб разнастайнасці прыроды краю.
Супрацоўнікам музея ёсць што расказаць пра свой край. Экскурсіі дзеляцца на аглядную, у якой за 45 хвілін наведвальнікі абыходзяць усе залы, і тэматычную — на той жа час. Гэта зручна і для гасцей горада, якія хочуць сцісла пазнаёміцца з гісторыяй раёна, і для мясцовых жыхароў, якія могуць наведаць музей некалькі разоў і атрымаць больш падрабязныя веды аб родных мясцінах. Памяшканні музея выкарыстоўваюцца для майстар-класаў, тэматычных вечарын, свят, кінасеансаў. У музеі карыстаюцца абменам экспазіцыямі, напрыклад, з Пухавіцкім музеем.
За 9 месяцаў 2021 года музей наведала каля 10 тысяч чалавек, арганізавана 245 культурных мерапрыемстваў, 20 часовых экспазіцый. Таксама супрацоўнікі здольныя арганізаваць пешаходныя экскурсіі па горадзе, лекцыі ў навучальных і працоўных калектывах.