Правядзенне ў Беларусі рэжысёрскіх лабараторый даўно не навіна. Але звычайна яны тычыліся тэатраў драмы і былі прымеркаваны да міжнародных форумаў як адна са старонак агульнай фестывальнай праграмы. У прыватнасці, лабараторыі неаднойчы ладзіліся на Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме “M.@rt.кантакт” у Магілёве, але іначай: запрошаны малады рэжысёр працаваў з артыстамі, каб паказаць эскіз з прыцэлам на магчымую пастаноўку. Менавіта на конкурснай аснове, на чале з мастацкім кіраўніком-кансультантам, як цяпер у Брэсце, падобныя майстэрні праходзілі ў сталіцы: у 2015-м на ІІ Маладзёжным тэатральным форуме краін СНД, Балтыі і Грузіі, калі шасцёра рэжысёраў “змагаліся” з п’есай Дзмітрыя Багаслаўскага “Блондзі”, і ў 2019-м у “Школе TEARTа”, дзе пошукі былі скіраваны на сусветную класіку — “Рычарда ІІІ” У.Шэкспіра.
Тое, што Брэсцкая лабараторыя засяродзілася на тэатры лялек, уяўляецца сімптаматычным. Справа не толькі ў згаданай ініцыятыве, што сыходзіла з самога тэатра. Уласна эстэтыка тэатра лялек становіцца сёння не проста ўсё больш заўважнай, але і найбольш уплывовай у тэатральным мастацтве, прычым абсалютна любых кірункаў і жанраў. Бо ёй папраўдзе падуладна ўсё: якія заўгодна пераўтварэнні лялек, людзей, любых рэчаў, тканіны — самой тэатральнай прасторы. Гэта відавочна і па тым эскізе, што перамог: дзе і калі вы бачылі, каб у тэатры ўвасаблялася… старадаўняя навуковая распрацоўка? Дарэчы, лабараторыя невыпадкова называлася “Метамарфозы тэатра лялек”: сама назва падкрэслівала імкненне выйсці за звыклыя межы.
Таму няма нічога дзіўнага, што цяперашняя лабараторыя, у адрозненне ад іншых, ніяк не абмяжоўвала ўдзельнікаў у выбары тэм. Так, гэта ўскладніла працу экспертаў, якім часам даводзілася параўноўваць непараўнальнае. Але каманда сабралася прафесійная. Кіраўніком запрасілі добра вядомага рэжысёра Ігара Казакова, лаўрэата шматлікіх тэатральных прэмій і ўзнагарод не толькі ў нас, але і ў замежжы. У экспертны савет, акрамя дырэктара тэатра, увайшлі маладыя кандыдаты мастацтвазнаўства Ксенія Князева, Аляксей Стрэльнікаў, які да таго ж выступіў з лекцыяй “Праца акцёра з адчужэннем Брэхта”, а таксама харэограф Яўген Іваноў, што разам з Казаковым і самастойна праводзіў для ўдзельнікаў трэнінгі і майстар-клас, прысвечаны руху акцёраў. Павышаная ўвага да пластыкі невыпадковая: гэты складнік здольны ажывіць любы спектакль, а ўменне артыстаў рухацца ўсё больш запатрабавальнае — асабліва ў тэатрах лялек, дзе акцёры цяпер не абавязкова хаваюцца за шырмай, а выступаюць і з лялькамі, і жывым планам, як у драмтэатры.
Пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і спонсараў былі створаны ўсе ўмовы для плённай працы, выдадзены буклет, прысвечаны лабараторыі, яе ўдзельнікам і іх эскізам.
— Было пададзена каля 20-ці заявак, мы спыніліся на чатырох, — расказаў кіраўнік Брэсцкай рэжысёрскай лабараторыі Ігар Казакоў. — Дэвізам абралі цытату з Альбера Камю: “мой бунт, мая свабода і мой запал”. Бо лабараторыя — гэта тэрыторыя даследавання, што робіцца дзеля развіцця тэатра лялек. Заняткі ішлі амаль тыдзень, расклад быў прыблізна такім: зранку — майстар-класы і трэнінгі, а пасля абеду ўсе разыходзіліся па пляцоўках, каб працаваць над сваімі эскізамі з артыстамі Брэсцкага тэатра лялек. Неабходных памяшканняў у адноўленым будынку хапае, таму ўсім было камфортна, ніхто ні на якія праблемы не скардзіўся. У апошні дзень эскізы былі прадэманстраваны, адбыліся іх абмеркаванні, круглы стол і падвядзенне вынікаў. У час працы я імкнуўся паглыбіцца ў кожную задуму, дапамагчы, даць прафесійныя парады. Але пры гэтым было вельмі важна захаваць індывідуальнасць кожнага маладога рэжысёра. Бо ўсе яны — з выдатнай прафесійнай падрыхтоўкай, большасць з іх аказалася з Расіі. На жаль, пандэмія і тут унесла свае карэктывы: Антон Панароўскі, які збіраўся засяродзіцца на японскай казцы “Брат і сястра”, захварэў і прыехаць не змог. Затое далучылася брэсцкая рэжысёр Аліса Ярмак — на пазаконкурснай аснове: яна працуе ў Брэсцкім тэатры лялек, мае з дзясятак уласных пастановак, а калектыў шукаў найперш новыя імёны. Між тым, Аліса прапанавала цікавы эскіз “Прыгодаў Тома Соера”: плот, пэндзлікі, што трансфармуюцца ў лялек.
Увогуле, усе праекты былі вельмі рознымі. Дзмітрый Багданаў з Масквы, які працуе там у Цэнтральным тэатры лялек імя Сяргея Абразцова, спыніўся на кнізе “Маяк на амаравых рыфах” Джэймса Круса — аўтара казкі “Цім Талер, ці Прададзены смех”, што калісьці экранізавалася на “Беларусьфільме”, а нядаўна была пастаўлена ў віцебскім тэатры “Лялька”. Кацярына Ціханава абрала “Бандыцкія вершы” брытанскага літаратара Роальда Даля. Яго творчасць вельмі папулярная ў свеце, а ў нас толькі набірае абароты: паводле яго казкі быў створаны балет “Джэймс і Персік-волат” Кацярыны Шымановіч, што ставіўся Сяргеем Мікелем у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. Але “Бандыцкія вершы” — зусім іншыя, гэта своеасаблівыя “пярэкруты” казак Шарля Перо, братоў Грым, насычаныя чорным гумарам. Расійская рэжысёрка дадала да іх, як адзначыў І.Казакоў, стылістыку жорсткага кабарэ і атмасферу судовага пасяджэння, куды ўцягваюцца гледачы, каб вызначыць вінаватых.
А перамагла Ганна Якаўлева, якая паказала самы незвычайны экзерсіс — зварот да навуковага трактата. На аснове запісаў, зробленых Леанарда да Вінчы, яна прадэманстравала захапляльныя пераўтварэнні рэчаў — гэткі тэатр прадмету, створаны ўсяго адным акцёрам. Ганна родам з Беларусі, выпускніца нашага Універсітэта культуры і мастацтваў як рэжысёр драматычнага тэатра. Пасля працягнула адукацыю па некалькіх напрамках. У нашай Акадэміі мастацтваў прайшла курсы павышэння кваліфікацыі па сцэнаграфіі. Рэжысуру тэатра лялек спасцігала ў Расійскім дзяржаўным інстытуце сцэнічных мастацтваў. Скончыла Gogol School у Маскве. Працягвае вучыцца і цяпер — у магістратуры Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага. Нашы гледачы памятаюць яе па шматлікіх чытках п’ес, што яна ладзіла, па спектаклі “Усё нармальна” ў РТБД, па многіх іншых праектах для дарослых і дзяцей. Дый разнастайных рэжысёрскіх лабараторый за яе плячыма багата. Застаецца дачакацца прэм’еры “Пра навуку і мастацтва”.
А яшчэ — будзем чакаць чарговых такіх лабараторый. Цяперашняя невыпадкова была ганарліва пазначана як Першая. Дарэчы, у назве могуць адбыцца змены, наўпрост звязаныя са статусам мерапрыемства — лабараторыя можа быць куды шырэйшай, ахопліваць іншыя рэгіёны.
— Падобныя лабараторыі трэба ладзіць рэгулярна, прыблізна раз на два гады, — мяркуе І.Казакоў. — Да таго ж пошук таленавітых рэжысёраў, іх прыцягненне да творчай працы ў нашых тэатрах — усё гэта магло б дастаткова лагічна ўпісацца ў фестывальна-конкурсны рух як нацыянальнага, так і міжнароднага разгорту. І, у рэшце рэшт, спрыяць далейшаму плённаму развіццю беларускага тэатральнага мастацтва.