Першае наўпрост звязана з раялем: выпускніца фартэпіяннага аддзялення Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, выдатная піяністка, сваю першую манаграфію яна прысвяціла беларускім фартэпіянным канцэртам. І тым самым заклала асновы вывучэння гэтага жанра ў рэспубліцы і адначасова стымулявала кампазітарскую цікавасць да інструментальных канцэртаў увогуле.
Другое жыццё Іны Назінай звязана з беларускім народным інструментарыем. У той час, як усе звярталіся найперш да песеннага фальклору, а да беларускіх народных інструментаў прылічвалі амаль выключна цымбалы, яна адкрыла ўсё багацце традыцыйнай інструментальнай спадчыны. Звярнула ўвагу на разнастайныя народныя аналагі вядомых аркестравых інструментаў, адшукала іх старадаўніх нацыянальных “продкаў”. І ў выніку адбудавала стройную сістэму беларускага інструментарыя і тэмбравых упадабанняў нашага народа, прычым у размаітых сувязях-спляценнях-скрыжаваннях з той жа яўрэйскай і іншымі культурамі, што крочылі побач з беларускай на нашых землях і прыводзілі да нечаканых мікстаў. Іна Дзмітрыеўна стала першай, хто ўключыў у інструментальнае кола, годнае сур’ёзнага навуковага падыходу, усялякія трысцінкі-чарацінкі ды іншыя прыстасаваныя сродкі прыроднага ці побытавага паходжання. А потым пераключылася яшчэ і на званы. Бо яе цікавіла, калі можна так сказаць, уся музычная фонасфера Беларусі. І адначасова так званая арганалогія — самі канструкцыі народных інструментаў, што паслужыла штуршком для многіх сучасных майстроў па вырабе інструментарыя.
Трэцяе жыццё нястомнай даследчыцы — гэта яе вучні, аспіранты Нацыянальнай акадэміі навук, а пазней Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Падрыхтоўка такіх кадраў — абавязак прафесуры. Але ж з-пад яе апекі выходзілі скрозь зоркі нашага музыказнаўства, у тым ліку некалькі дактароў навук. Вольга Дадзіёмава прысвяціла сябе даследаванню старадаўняй музыкі Беларусі. Наталля Яканюк — галоўны спецыяліст краіны па развіцці нашых народных аркестраў і іх рэпертуары, дзе безліч арыгінальных твораў беларускіх кампазітараў. Міхаіл Казловіч, прарэктар Інстытута сучасных ведаў па вучэбнай і навуковай рабоце, — плённы даследчык інструментальных традыцый беларускай абрадавасці. Тамара Ліхач — лепшы знаўца царкоўных музычных традыцый розных веравызнанняў, што панавалі на нашых тэрыторыях. Алена Шацько — тэарэтык і практык праваслаўных званоў. У час навучання здараліся і слёзы, і непаразуменні, і абвінавачванні навуковага кіраўніка ў залішняй строгасці і патрабавальнасці (нічога не зробіш, яна ж Скарпіён па гараскопе, што джаліць найперш сябе, а разам і астатніх). А потым усе ў адзін голас гаварылі, што гэта было яшчэ і выхаванне характару, той мужнасці і адданасці, без якой сапраўдныя навуковыя пошукі немагчымыя.
Чацвёртая жыццёвая лінія Іны Назінай была скіравана на папулярызацыю ўсяго знойдзенага — не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Невыпадкова яна стала ўладальніцай Гран-пры ЮНЕСКА за магнітаальбом з традыцыйнай песенна-інструментальнай культурай Палесся. А колькі ўвогуле было падрыхтавана і выдадзена такіх запісаў! Сваімі фальклорнымі экспедыцыямі-вандроўкамі яна ахапіла ўсе куткі нашай краіны. І, што вельмі важна, шчодра дзялілася ўсім назапашаным: апошні дыск з яе палявымі музычнымі запісамі выйшаў сёлета. Клопат пра як мага больш поўнае захаванне народнай спадчыны прывёў яе ў кінадакументалістыку, бо фальклорныя перліны трэба не толькі слухаць, але і бачыць — ва ўсёй шматграннасці этнамузычнага космасу. Вынікам сталі каля дзесяці відэастужак, дзе Іна Дзмітрыеўна выступіла сцэнарыстам і аўтарам.
На яе апошнім кампакце — прысвячэнне: “Светлай памяці народных музыкантаў, якія шчодра дзяліліся са мной сваімі ведамі і думкамі”. Гэтыя словы можна напоўніцу адрасаваць і самой Назінай: яе пакутліва вынайдзеныя навуковыя ідэі і светлыя думкі яшчэ доўга будуць азараць далейшыя шляхі нашай этнамузыкалогіі і інструментазнаўства, а разам з тым — усёй беларускай культуры.