— Вы ў Мінску дзеля нейкага пратакольнага мерапрыемства альбо маеце творчыя планы на наш горад?
— Тут адразу некалькі слаёў інтарэсу. Па-першае, я чалец Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, і праз гэта ў нас кантакты з Беларуссю пастаянныя. Да таго ж я ўвогуле заўжды з задавальненнем прыязжаю ў Беларусь. Тут мы ў свой час рабілі Дом Масквы ў Мінску. Ад гэтай працы засталіся добрыя ўспаміны. Акрамя таго, я з задавальненнем пабываю на турніры па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя. Гэта кумір усёй моладзі Савецкага Саюза, і спартовай і не спартовай. Я ў свой час таксама займаўся барацьбой, але не класічнай, як Мядзведзь, а самба. Па маладых гадах быў я ў Беларусі са студэнцкім будатрадам на Гомельшчыне, у Рэчыцы. У мяне шмат сяброў беларусаў.
Зараз жа мы займаемся помнікам у пасёлку Баравуха, каля Наваполацка. Гэта будзе помнік дэсантнікам, што загінулі ў Афганістане падчас уводу войскаў. Вырашаем арганізацыйныя пытанні з адміністрацыяй Баравухі і Наваполацка, творчыя — з мастацкім саветам. Думаю, у гэтым годзе мы помнік паставім.
— На вашым творчым рахунку мноства манументальных твораў і ў Расіі, і за яе межамі. Ці можаце вы сярод іх вылучыць найбольш значныя?
— Я не буду арыгінальным, калі скажу, што для мастака ўсе ягоныя творы як дзеці. Важныя і вялікія, і невялікія, усе дарагія, бо ў кожны ўкладаеш душу. Канешне, вельмі важныя работы ля сцен Крамля. Гэта Аляксандраўскі сад, помнік патрыярху Гермагену. Ён натхніў Мініна і Пажарскага. Гермаген быў закатаваны інтэрвентамі. Значныя для мяне помнікі Аляксандру І, князю Уладзіміру, інжынеру Шухаву, Каралёву Сяргею Паўлавічу. Хутка будзем адкрываць у Маскве, на Пірагоўцы, помнік подзвігу медычных работнікаў у барацьбе з Ковід-19. Многія з іх праявілі сапраўдны гераізм, многія на жаль загінулі. Яшчэ згадаю помнік у Вязьме ваеннапалонным, растраляням нямецкімі акупантамі. Гэта дзясяткі тысяч ахвяр. Я назваў тое, што адразу згадваецца. Але сапраўды вельмі цяжка нешта вылучыць.
— Скажыце, а ці варта на тэрыторыі Крамля ці побач з ім ставіць новыя помнікі? Там жа прастора і так насычаная культурна-гістарычнымі каштоўнасцямі. Вось у нас у Мінску далёка не ўсім даспадобы тое, што на Верхнім горадзе — гістарычным цэнтры сталіцы, з’явілася апошнім часам столькі скульптур самага рознага характару і тэматыкі. Ёсць меркаванне, што гэта ўжо перабор, бо тут ужо і так за кошт архітэктуры прастора эстэтычна арганізавана. А недзе прыгажосці не стае…
— Адзінага правіла на ўсе падобныя выпадкі, калі гаворка ідзе пра гістарычны ландшафт, які фарміраваўся стагоддзямі, няма. Тут трэба пільнасць і асцярожнасць. Вось, напрыклад, гісторыя помніка патрыярху Гермагену. Усім вядомы помнік Мініну і Пажарскаму на Краснай плошчы. Але зыходна планавалася трохфігурная кампазіцыя — два згаданыя героі і патрыярх Гермаген, бо менавіта ён заклікаў іх на барацьбу з інтэрвентамі. Аднак атрымалася тое, што ёсць, а на пачатку ХХ стагоддзя ўсё ж такі было вырашана годна ўшанаваць памяць святара-пакутніка помнікам таксама на Краснай плошчы. І стаяць ён мусіў там, дзе зараз маўзалей Леніна. У 1911 годзе адбыўся конкурс, у якім бралі ўдзел самыя вядомыя скульптары таго часу. Першая сусветная вайна і наступныя падзеі перашкодзілі рэалізацыі праекта. Такім чынам, Гермаген заставаўся забытым. Ініцыятарам пабудовы помніка ў нашы дні стала Руская праваслаўная царква. І, беручы да ўвагі значнасць асобы і яе ролі ў гісторыі, месца для помніка знайшлі побач з Крамлём у Аляксандраўскім садзе. Тут ён і паўстаў. І гэта не адзіная скульптура, што тут з’явілася апошнім часам.
Сад Аляксандраўскі названы ў гонар Аляксандра І. Фактычна гэта тры сады — Верхні, Сярэдні і Ніжні. Там знайшлося дастаткова прасторы і для помніка імператару. Згаданыя помнікі, а таксама помнік князю Уладзіміру, што таксама побач з Крамлём, даволі гарманічна ўпісаліся ў гістарычны ландшафт і, мяркую, сэнсава яго дапоўнілі. Ансамбль Аляксандраўскага сада не парушаны, але атрымаў развіццё.
— Салават Аляксандравіч, ці бывае так, што вы, працуючы над вобразам той ці іншай гістарычнай асобы, з цяжкасцю суадносіце яе маральнае аблічча і сапраўды вялікую справу, да якой тая асоба прычынілася? Ці можа, у такіх выпадках вы вылучаеце нейкі адзін аспект? Да прыкладу, той жа князь Уладзімір не быў “белым і пухнатым”. На ягоным сумленні спалены Полацк, трагедыя Рагнеды…
— І тое, і іншае слушна. Па-першае, зразумела, вылучаем адзін аспект, і на яго арыентуемся. Таму што ведаем, што нават былыя злачынцы станавіліся манахамі і засноўвалі манастыры. І ўвогуле Хрысціянства — гэта рэлігія грэшных людзей, якія ўсведамляюць сваю грэхоўнасць і здольныя да пакаяння. Потым, калі ўзяць Еўропу часоў князя Уладзіміра, дык гэта абсалютна варварскі асяродак, жорсткасць панавала паўсюль. І альтэрнатывай гэтаму была вера, хрысціянства. Менавіта хрышчэнню як пачатку шляху да веры, якая ў выніку стала асноўным духоўным, дзяржаўным і культурным стрыжнем для нашай зямлі, і прысвечаны помнік.
— Традыцыйнае пытанне пра вашы творчыя планы.
— У нас рыхтуецца вялікі конкурс, прысвечаны Курскай бітве. Я збіраюся ў ім удзельнічаць.
— А чаму б сёння проста не вярнуцца да таго праекта, які рабіў Вучэціч, і рэалізаваць яго? Ці, можа, той праект маральна састарэў?
— Каб зрабіць нешта па праекце Вучэціча, трэба быць Вучэцічам. Такі праект сапраўды быў, але па нейкіх прычынах ён не быў рэалізаваны.
У вайну сітуацыя была такая. Курскую дугу немцы хацелі самкнуць. А з нашага боку яе рассоўвалі: адзін напрамак на Харкаў, другі на Арол. Паўднёвы фас, там ваяваў Хрушчоў, і мяркуюць, менавіта таму Прохараўку паднялі як галоўнае сражэнне Курскай дугі. І манумент Вучэціча якраз і быў прысвечаны гэтаму сражэнню. А на паўночным фасе былі такія ж баі, нават больш жорсткія. Там, дзе Прохараўка, ваявалі танкі супраць танкаў. А тут была іншая сітуацыя — супраць нямецкіх танкаў ваявала пехота. Сапёры падцягвалі міны наўпрост пад гусеніцы. Подзвігаў, гераізму было не менш, чым на паўднёвым фасе. У Прохараўцы ўжо стаіць помнік, а ў Панырах помнік будзе. Каб аднавіць справядлівасць. Тэма ж будучага помніка такая: гэта яшчэ не зусім перамога, але ўжо ўпэўнены паварот на захад.
Я хацеў бы сабраць калектыў для ўдзелу ў конкурсе. Каб у ім абавязкова быў беларускі скульптар. Можа, нехта з Украіны. Каб разам былі расіянін, пажадана скульптар з Курска, беларус, украінец. Разам, як калісьці на вайне. Магчыма яшчэ далучыўся бы і прадстаўнік Сярэдняй Азіі. А паколькі я цяпер ў Мінску, дык думаю пра тое, хто канкрэтна мог бы прадстаўляць у гэтым вялікім праекце Беларусь. Час, каб сабраць аўтарскі калектыў, яшчэ ёсць.