Між тым не варта забывацца, што бібліятэчнай прафесіі — амаль пяць тысяч гадоў. А фонды збіралі і станавіліся бібліятэкарамі філосафы, пісьменнікі і дзяржаўныя дзеячы. Выключнасць бібліятэк пацвярджае і амерыканскі пісьменнік Рэй Брэдберы, які вырас у беднай сям’і: “У 27 гадоў замест універсітэта я скончыў бібліятэку”. Ці здольныя на такі подзвіг сённяшнія прыхільнікі ведаў? Пытанне надзвычай складанае. І справа не столькі ў напоўненасці фондаў, колькі ў асобе іх гаспадара. У яго няпростая доля — пастаянныя чытанне і падвышка ўласнай кваліфікацыі. Гарадскія ўстановы могуць пахваліцца такімі спецыялістамі: не раз пісаў пра мэтанакіраваных мінскіх кабет, якія за свой кошт наведваюць маскоўскіх калег, каб і вопыт пераняць, і з моднымі літаратарамі сустрэцца. Вясковых прыкладаў за 16 гадоў працы ў “Культуры” не сустракаў. Сітуацыю псуе кадравае пытанне. Але гэта тэма для іншай гутаркі.
Са святам, шаноўныя прафесіяналы.
Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Аляксандра Герцана з Гомеля абвесціла сёння акцыю “Магія кнігі” ў рамках “Бібліяночы-2021”. У праграме — падвядзенне вынікаў фотаконкурсу “Буклук”, дзе галоўнымі героямі сталі кніга і чытач; літаратурныя дэбаты; кніжная выстава “Рукапісы не гараць”; вандроўка па слядах беларускай міфалогіі; прэзентацыі Музея аўтографа. Дарэчы, апошні днямі святкуе дзесяцігоддзе з моманту ўтварэння і ўтрымлівае ў сваёй экспазіцыі безліч аўтографаў і дарчых надпісаў знакамітых пісьменнікаў. Пэўную частку такіх кніг падаравалі ўстанове чытачы. Да прыкладу, аўтографы Івана Шамякіна перадаў бібліятэцы пляменнік празаіка Міхаіл Калінін. А яшчэ ў музеі ўтрымліваюцца аўтографы Васіля Быкава, Янкі Брыля, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Петруся Броўкі, Анатоля Сыса, Агніі Барто, Яўгена Еўтушэнкі… Спіс, пагадзіцеся, больш чым пашанотны. Супрацоўнікі бібліятэкі паабяцалі напісаць пра дзейнасць Музея аўтографа больш падрабязна.
Намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч распавядае: “Наладзілі ў раёне шэраг пазнавальных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Тыдня беларускага пісьменства. “Модны прысуд” кнігам беларускіх пісьменнікаў вынеслі юныя чытачы Елкаўскай сельскай бібліятэкі. А ў Каралінскай інтэграванай бібліятэцы чытачы пабывалі ў галерэі славутых людзей Бацькаўшчыны “Беларусі славу здабылі”. Гаворка ішла пра Францыска Скарыну, Кірылу Тураўскага, Ефрасінню Полацкую, Сымона Буднага, Пятра Мсціслаўца і пра многіх іншых. У Бародзіцкай СБ адбылася гутарка “Як да нас прыйшла кніга”. Куфэрак мудрасці “Беларуская мова як загадка” раскрывалі ў Крывіцкай СБ. Міжэрыцкая інтэграваная бібліятэка падрыхтавала праграму “Святло друкаванага слова”. Раённая ж бібліятэка распавяла сваім чытачам пра беларускіх асветнікаў”.
У першыя дні верасня Астравецкая раённая бібліятэка правяла акцыю “Першы ўрок з бібліятэкай горада”. Гімназісты наведалі новы будынак бібліятэкі, узведзены, па словах бібліятэкара па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольгі Заянчкоўскай, два месяцы таму. Вучні пазнаёміліся з відэаматэрыяламі пра нашу культуры і літаратуру.
Супрацоўнікі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы і Дзітвянскай СБ прыдумалі вандроўку “Невядомы Скарына”. Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Сандакова паведаміла, што навучэнцы школы пазнаёміліся з жыццём і творчасцю першадрукара Францыска Скарыны, адказалі на пытанні віктарыны, паўдзельнічалі ў конкурсах ды гульнях.
Наш пастаянны аўтар Аляксей Зуеў, намеснік дырэктара Полацкага раённага цэнтра культуры, піша пра творчую сустрэчу “На хвалях літаратуры і тэатра”. Прайшла яна на сцэне Завозерскага СДК. Арганізавала і вяла мерапрыемства метадыст Полацкага РЦК Таццяна Хутарная. Выставу з фондаў сваёй установы падрыхтавалі навуковыя супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання Дзіяна Кашпур і Ірына Скіжанок. Прагучалі творы самадзейных літаратараў Полаччыны. Выступілі артысты з Блізніцы — народны тэатр мініяцюр “Балаганчык” (кіраўнік Вольга Чобат).
Раённыя “Дажынкі” ў Ваўкавыску згадала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Вольга Шалястовіч. Супрацоўнікі ўстановы прэзентавалі кніжны падворак з выставай “Хлеб — душа народа”. Тут дзейнічала і арт-кампазіцыя “Яблык адзінства”, дзе можна было пачаставацца восеньскімі дарамі мясцовых садоў.
“У Слонімскай раённай бібліятэцы, — распавядае бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Струкава, — адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост”. Пасяджэнне мела надзвычай прыгожую назву — “Кветкавая паляна”. Так, разам сабраліся кабеты, якія вырошчваюць хатнія кветкі, падымаюць гэтым настрой сабе і гасцям. А бібліятэкары падрыхтавалі да мерапрыемства выставу “Любімых кніг квітнее паляна”.
А вось ліст загадчыка сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны Ашмянскага раёна Таццяны Івановай. Яна паведамляе пра тое, што навучэнцы і педагогі Мінскага абласнога ліцэя супрацоўнічаюць з бібліятэкай па зборы матэрыялаў пра Дугу Струвэ, па іх вывучэнні і прапагандзе. Даследчыкі распавялі чытачам пра свае вандроўкі, пра стварэнні відэафільмаў. Пэўныя матэрыялы бібліятэка атрымала ў падарунак.
18 верасня — дзень святкавання 680-годдзя Ашмян. У праграме мерапрыемстваў — канцэртныя выступленні самадзейных і прафесійных артыстаў, самыя разнастайныя шоу, прэзентацыі, продаж сувеніраў і сельскагаспадарчай прадукцыі.
Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч вельмі любіць кідкія назвы для ўласна прыдуманых праектаў. І правільна робіць! Як назавеш карабель, так ён і паплыве. Дык вось, днямі ў Беразіно стартавала статус-акцыя “У адзінстве пакаленняў — наша сіла”. “Нас яднае не геаграфія, а любоў да роднага краю і цікавасць да яе гісторыі”, — запэўнівае аўтарка. Гаворка вядзецца пра тры пакаленні ветэранаў педагагічнай працы, маладых настаўнікаў і старшакласнікаў мясцовай гімназіі. Па вуліцах раённага цэнтра была праведзена экскурсія “Беразіно вачыма трох пакаленняў”. Падчас экскурсіі лёгка былі знойдзены агульная мова і тэмы для зацікаўленай гаворкі.
Завяршаецца агляд падборкай навін пра другі этап Адзінага рэспубліканскага дня бяспекі. Першая прыйшла з палаца мастацтваў Бабруйска. Загадчык арганізацыйнага аддзела Наталля Чорная піша пра адпрацоўку бяспечнай эвакуацыі па сігнале “Увага! Усім!”. Прайшла таксама інфармацыйная гадзіна “Меры пажарнай бяспекі ва ўстановах і дзеянні ў выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацыях”.
Другая навіна — са Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Галіна Петушок распавяла пра шэраг мерапрыемстваў, якія праведзены сумесна з супрацоўнікамі РАНС, РАУС, службы газавай гаспадаркі і газазабеспячэння.
Беражыце сябе, шаноўныя!
Сустрэнемся праз тыдзень.