Гэтыя ці не двухметровыя волаты, магутныя маральна ды фізічна, прайшлі праз неймаверныя выпрабаванні і не зламаліся, бо жылі вершамі. А гэта не на зямлі і не на небе. Гэта — паміж. Жылі вершамі і верылі ў лепшае. Так апосталы вераць словам Хрыста. Гэтыя словы і рыфмуюцца як трэба. Усё астатняе — доля бяздумнага графамана.
“Падарожнічаючы па розных краінах, я вынес глыбокае перакананне: на зямлі, апрача дрэў, траў і кветак, усюды растуць і вершы. Я іх знаходзіў на ўсіх сваіх шляхах, на ўсіх кантынентах. Але самыя светлыя, самыя лепшыя я знаходзіў толькі на роднай зямлі”. Гэта Максім Танк. Усё так: Айчына жывіць паэзію, тая ў сваю чаргу не дае ачарсцвець і аўтару, і чытачу. Менавіта пявучыя вершы акрыляюць. Нездарма ў дарэвалюцыйных гімназіях вершаскладанне лічылася абавязковай дысцыплінай. Мо мы дарэмна на гэта забыліся? У сем’ях, школах, бібліятэках. Не толькі з дзяцінства, але і цягам усяго жыцця. У Якуба Коласа апрача “пярэсценькага катка Савосева суседа” ёсць яшчэ і Сымон-музыка, “неразлучны са скрыпкай”.
Агляд невыпадкова пачну з асобы краязнаўца, літаратара і педагога Алеся Белакоза. Ён стаяў ля вытокаў стварэння ў 1968 годзе школьнага музея ў Гудзевічах. Установа неўзабаве праславіла Мастоўскі раён і пераўтварылася ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Я ведаю: спадар Белакоз разбіраўся ў высокай паэзіі. Інакш і не ўзнік бы такі адмысловы музей. Днямі яго старшы навуковы супрацоўнік Лілія Рэйшэль даслала ў рэдакцыю ліст пра адзін з эпізодаў музейнага жыцця. Мы дамовіліся з кіраўніцтвам установы, што навіны пра культурнае жыццё Гудзевічаў стануць на нашых старонках рэгулярнымі. А пакуль — слова Ліліі Іосіфаўне. “Выстава “Тэхніка і час” дазваляе прасачыць пэўны кавалак нашага жыцця, — распавядае яна. — Сярод экспанатаў — цікавыя рэчы даваеннага і пасляваеннага часу: самаробныя шчыпцы для накручвання валасоў, слыхавы апарат, гадзіннікі, патэфоны, радыёлы… Дзейнічае і фотазона”. Ад сябе не магу не дадаць, што ў часіны майго юнацтва былі прымачы “Акіян” і “ВЭФ”. Па іх мы слухалі польскія радыёстанцыі, якія несупынна транслявалі рок-музыку. Няблага гэтая апаратура прымала і “Голас Амерыкі”.
Пра вершы роднай зямлі распавядае бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярына Сандакова. “Свята “Гаспадарчыя прылады запрашаюць на забавы!”, — піша яна, — адбылося ў аграгарадку Тарнова. Ладзілі кніжную выставу “Хата з матчынай душой”, этнаграфічную выставу “Скарбы Бацькаўшчыны”. Годна былі прадстаўлены кераміка, кавальства, дрэваапрацоўка, пляценне з прыродных матэрыялаў, ткацтва, вышыўка. Выдатным дадаткам да мерапрыемства сталі нумары супрацоўнікаў Тарноўскага дома культуры і народных калектываў Лідскага раёна”. “Хата з матчынай душой” — цудоўная назва. Нечаканым адкрыццём для мяне калісьці стала ўсведамленне таго, што пах вясковай хаты застаецца нязменным цягам усяго яе існавання. Відаць, з такім водарам тут выпякалі хлеб, лясной атмасферы дадавалі свежаадгабляваныя сталешніца і падлога… Ды ці мала яшчэ чым пахне душа жытла?
18 верасня Ашмяны адзначаць 680 гадоў з дня нараджэння. Для тэатралізацыі пашыта ўжо 20 гістарычных касцюмаў.
Мае сыны некалькі нядзель запар збіраюць пад Мінскам баравікі. Кажуць, у лесе столькі прыхільнікаў “ціхага палявання”, што ўражанне такое, нібыта Мінск пусты. Але кожны знаходзіць свой грыб. Для кагосьці, праўда, і мухамор — грыб. Зрэшты, такіх не было ў Крэйванцах (Ашмяншчына) на свяце грыбніка. Наадварот, конкурс паказаў, што ў ліку лепшых грыбнікоў — Вера Батурэвіч, Андрэй Янушкевіч, Дар’я Дамбаровіч, Крысціна Міцкевіч.
З Малабераставіцкай бібліятэкі (Бераставіцкі раён) паведамляюць, што падчас Дня беларускага пісьменства тут адбылася гадзіна гісторыі беларускай кнігі “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”. Гаворка ішла пра Францыска Скарыну, Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Янку Купалу, Якуба Коласа.
Дзмітрый Арцюх, дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея распавядае пра тое, што ў зале прыроды з’явіліся QR-коды, пры дапамозе якіх ваш смартфон можа агучыць экспанаты: дазволіць пачуць галасы птушак і звяроў.
Пра цікавы праект напісала і бібліятэкар аўтабібліятэкі з Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Лапушка. У рамках акцыі “Адзін дзень з аўтабібліятэкай. Выпадковае фота” ладзіцца мерапрыемства “З песняй у кожны дом”. Да жыхароў вёсак Раманавічы, Дубраўка, Калпінская, Дзям’янаўцы самадзейныя артысты прывезлі па канцэрту.
Выраз “Калі сыходзіш на заслужаны адпачынак, з’яўляецца шмат вольнага часу” няправільны! Наадварот, пенсіянеру часу хранічна не стае! Ён запісваецца ў шматлікія гурткі, становіцца актыўным чытачом, грамадскім дзеячам, рыбаком, грыбніком і г. д. А прафесійныя работнікі культуры прыходзяць да такога чалавека на дапамогу. Вось таму красамоўны прыклад: у аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны Ашмянскага раёна днямі працавала музычная гасцёўня “У кампаніі з баянам”. Сабраліся ахвотнікі вясёлых духоўных зносін. Завяршылася мерапрыемства майстар-класам па бытавых танцах.
У Кальчунах (Ашмяншчына) ёсць свая Кніга рэкордаў! Запоўнена яна прозвішчамі вяскоўцаў, што вызначыліся ў пэўных намінацыях. Самыя высокі, нізкі, моцны, юны, доўгажыхар, уладальнік самага вялікага і самага маленькага прозвішча… Усіх самых-самых і не пералічыць. 27 жніўня яны атрымалі сувеніры і дыпломы. А павіншаваць пераможцаў прыехалі самадзейныя артысты са Смаргонскага раёна.
Пра бібліятэчны open-air “Наш агульны Аўгустоўскі канал” паведамілі з інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. На адкрытым абласным фестывалі народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох гародаў” бібліятэкары Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі — цэнтра турызму і краязнаўства, Раціцкай сельскай бібліятэкі і работнікі інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра падрыхтавалі open-air “Наш агульны Аўгустоўскі канал”. Можна было пазнаёміцца з фоталетапісам канала, наведаць літаратурную кавярню.
І напрыканцы сённяшняга агляду — навіна пра раённыя дажынкі ў Ваўкавыску. Загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў раённага цэнтра культуры Ларыса Ланіна паведаміла: “Кожная сельскагаспадарчая арганізацыя прывезла на свята караваі з мукі новага ўраджаю. На падворках прэзентаваліся мясцовыя нацыянальныя стравы. Акцыя называлася “Гастра-фэст”. Выступілі гурты “Бяседа”, “Неруш”.