— У назве нашых тэатральных сустрэч мы хацелі схаваць слова “фэст”, — усміхнуўся Уладзімір Сцяпанавіч. — У друку гэта не перадаць, а на афішах добра відаць прыпісаныя знізу да ФЭ маленечкія літаркі — “ст”. Ідэя ж фестывалю ўзнікла тры месяцы таму — пасля таго як нашаму калектыву надалі ганаровае званне заслужанага. Мы вырашылі адзначыць гэтую важную для нас падзею фестывалем, сабраць сяброў і паплечнікаў з усёй рэспублікі. Сітуацыя з каронавірусам толькі пацвердзіла, наколькі важна падтрымліваць творчыя сувязі між калектывамі, ладзіць нейкія сумесныя праекты, абменьвацца вопытам і проста дарыць публіцы новыя ўражанні. Вядома, гастролі цяпер вельмі ўскладняюцца — больш чым калісьці. Нас, да прыкладу, у пачатку лістапада паклікалі ў Бранск і Смаленск са спектаклем “Сіняя-сіняя” паводле Уладзіміра Караткевіча. Але ў тамтэйшых тэатрах дазваляецца запаўняць глядзельную залу толькі на 30 адсоткаў. Таму мы пакуль думаем, ці мае сэнс такая паездка.
На “Лялькін куФЭр”, як бачыце, мы запрашалі толькі айчынныя калектывы. Знайшлі спонсара. Калі ўсё атрымаецца, спадзяемся надалей ператварыць гэты фестываль у міжнародны — магчыма, нават у наступным годзе. Таму сёлета імкнемся прадумаць усе дробязі.
Абнавілі хол, гэта трэба бачыць. Плануем зрабіць відовішчнае адкрыццё — з вулічнай імпрэзай, жывымі статуямі, раставымі лялькамі і, канешне, жывой музыкай: будзе граць вядомы магілёўскі Jazz City Band. А ў зале пакажам свой “Самы маленькі самалёт на свеце”. Мы абнавілі гэты спектакль і 27 верасня павязем яго ў Маскву, на Міжнародны вялікі дзіцячы фестываль. Як паведамілі арганізатары (а мастацкім кіраўніком гэтага праекта з’яўляецца народны артыст Расіі Сяргей Бязрукаў), было пададзена 307 заявак. Сярод іх былі адабраны 50 — і наш спектакль сярод іх.
Завяршаць “Лялькін куФЭр” будзем таксама сваёй пастаноўкай — “Кандыд, або Аптымізм”. Гэты спектакль таксама атрымаў некаторыя змены: у галоўнай ролі цяпер можна ўбачыць Цімура Карэпіна, які летась скончыў Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў, некаторы час працаваў у Магілёўскім драматычным тэатры, а цяпер перайшоў да нас — рэжысёрам-пастаноўшчыкам, ставіць “Маленькага прынца”.
Сярод іншых спектакляў, уключаных у праграму тэатральных сустрэч, — сталічны “Пансіён Belvedere”, маладзечанскія “Шматкі па закавулачках”, брэсцкі “Халстамер”, гомельскі спектакль “Fable (Басня)”. На жаль, у апошні момант высветлілася, што не зможа прыехаць тэатр “Лялька” з Віцебска, таму іх “Казкі пра казку” мы замянілі двума сваімі паказамі — гэта будуць “Муха-Цакатуха” і “Волат-Эгаіст”. У наш тэатр прыйшло шмат добрай моладзі — будзем развівацца, розных задумак багата.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ