За тры дзясяткі гадоў змены ў тэатры адбываліся ў змесце, рэпертуары, трупе, кіраўніцтве. Найбольшы ўнёсак у станаўленне МАДТ зрабілі яго першы мастацкі кіраўнік Мікалай Мацкевіч і дырэктар Сяргей Вальковіч.
Сярод сённяшніх артыстаў-ветэранаў Барыс Донін, Эмілія Ларыонава, Сяргей Карзей, Алена Рахмангулава, Алег Чэчэнеў, Андрыян Барткевіч, Ірына Кляпацкая. Перабіраючы старыя чорна-белыя фотаздымкі, пазнаю на іх многіх з гэтых артыстаў, прычым не толькі на сцэне, а ў якасці рознарабочых на будаўнічай пляцоўцы, у якую ператварыўся будынак падчас капітальнага рамонту і рэстаўрацыі. Дарэчы, пабудова гэта з’явілася напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя…
Для многіх пачынаючых акцёраў Мінскі абласны стаў прыступкай у вялікі свет тэатральнага мастацтва. Шмат хто, нават знайшоўшы сабе месца ў іншых тэатрах краіны, працягвае час ад часу вяртацца на маладзечанскую сцэну і іграць у пастаноўках, што падабаюцца гледачам, гадамі застаючыся ў рэпертуары тэатра. Так, напрыклад, Аляксандр Пашкевіч — пастаянны ўдзельнік адкрыцця кожнага новага сезона. Таму што кожны новы сезон распачынаецца “Камедыяй” Уладзіміра Рудава па творах Каятана Марашэўскага і Францішка Аляхновіча ў пастаноўцы Андрэя Андросіка. Спектакль вытрымаў звыш 300 паказаў і стаў візітоўкай МАДТ.
У першыя гады на сцэне ішло не больш за пяць спектакляў. На этапе станаўлення ў новы тэатр запрашалі вопытных рэжысёраў-пастаноўшчыкаў, а часам і слынных заслужаных артыстаў. У спектаклях былі задзейнічаны народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч (дарэчы, узнагароджаная некалькі дзён таму Ордэнам Францыска Скарыны), заслужаныя артысты Вера Кавалерава і Эдуард Гарачы. Плённым стала супрацоўніцтва са слынным беларускім драматургам Аляксеем Дударавым. Пэўны час маладзечанцам нават належала так званае права першай пастаноўкі, калі аўтар сваю новую п’есу спачатку аддаваў для пастаноўкі ў Мінскі абласны тэатр. Адсюль пачынаўся шлях да гледача такіх п’ес, як “Радавыя”, “Адцуранне”, “КІМ”, “Прынц Мамабук”, “Вавілон” і іншыя. Па сёння застаўся ў рэпертуары спектакль “Вечар”, які карыстаецца попытам у дасведчанай публікі.
У бягучым тэатральным рэпертуары, які будуецца пераважна на творах беларускай, рускай і замежнай драматургіі, — 41 спектакль, з якіх 14 для падлеткаў і дзяцей. Неверагодныя гісторыі жыцця ў сцэнічнай інтэрпрэтацыі прадстаўлены ў рознажанравых пастаноўках ад сямейна-бытавой камедыі да фантасмагорыі і драматычнай клаўнады.
За гады існавання тэатр набыў мастацкую рэпутацыю, дзякуючы артыстам, што імкнуцца павышаць свой прафесійны ўзровень, і пастаноўшчыкам, якія рашаюцца на творчыя эксперыменты. Нельга не згадаць паспяховы ўдзел у шматлікіх тэатральных конкурсах-фестывалях, перамогі і лаўрэацкія званні, дыпломы і Ганаровыя граматы. Сваю творчасць МАДТ прадстаўляў на сцэнічных пляцоўках Расійскай Федэрацыі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы. У 2017 годзе спектакль “Карона з кахання” ў пастаноўцы Анатоля Дзялендзіка меў поспех на Міжнародным фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча. А ў 2019 годзе спектакль “Дзядзечкаў сон” паспяхова ўдзельнічаў у Міжнародным тэатральным фестывалі Ф. М. Дастаеўскага ў Вялікім Ноўгарадзе (РФ).
Высокае прафесійнае майстэрства пацвярджаў неаднойчы на замежных фестывальных пляцоўках вядучы майстар сцэны Алег Чэчэнеў. Зарэкамендаваў ён сябе і як таленавіты рэжысёр-пастаноўшчык. Сярод спектакляў для дзіцячай аўдыторыі — большасць у пастаноўцы Алега Віктаравіча. А прафесіяналы дакладна ведаюць, што менавіта да дзіцячых сэрцаў шлях для творцы досыць складаны, бо гэта самы запатрабаваны глядач, які не трывае хлусні і суму.
Неаднойчы спрабавалі сябе ў новай іпастасі і яшчэ два вядучыя майстры сцэны: Алена Рахмангулава і Андрыян Барткевіч. Гэтыя пастаноўкі пацвердзілі іх рэжысёрскі талент, здольнасці і вялікі творчы патэнцыял.
З 2017 года мастацкім кіраўніком Мінскага абласнога драматычнага тэатра з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка. Спектаклі ў яго пастаноўцы па п'есах Лявона Агулянскага “Дырыжор” і “Любовь Собак@. Точка RU” былі паспяхова прадстаўлены на міжнародных тэатральных фестывалях у Расіі і Украіне. Летась спектакль у яго пастаноўцы “Каралева прыгажосці з Лінэна” была ўганаравана Дыпломам лаўрэата IV Міжнароднага фестывалю М. Макдонаха.
Па-ранейшаму застаецца сярод запатрабаваных аўтараў МАДТ драматург Аляксей Дудараў. Спектакль па яго п’есе “Не пакідай мяне” ў пастаноўцы В. Анісенкі быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”.
Складанасць сітуацыі для правінцыйнага тэатра ў тым, што зона абслугоўвання досыць абмежаваная. А яшчэ апошнім часам “дапамагла” пандэмія… Тым не менш, у рабоце над новымі пастаноўкамі прадугледжваецца мабільны варыянт сцэнаграфіі для выязной і гастрольнай дзейнасці.
Тэатр мае свой адметны твар, дзякуючы ўсім разам і кожнаму паасобку, тым, хто працуе як на сцэне, так і ў пастановачнай групе, службах абслугоўвання. А яшчэ тэатр павінен быць сучасным, нават нягледзячы на адсутнасць сучаснага абсталявання для лазарных шоу. Таму застаецца здзіўляць свайго прыхільніка іншым, у тым ліку магутнасцю чалавечага духа. Пашыраючы кола аўтараў і распачынаючы кожны раз шчырую гутарку з гледачом пра надзённае, пра тое, што хвалюе і што цешыць, Мінскі абласны драматычны тэатр пачынае квітнець новымі кветкамі талентаў, здольнасцяў, надзей.
Ала СТРАШЫНСКАЯ
Фота з архіва МАДТ