Напэўна, не варта тлумачыць, што на лірычны змест сённяшняга агляду паклалі адбітак пачатак бабінага лета ды настальгічныя прафесійныя згадкі саракагадовай даўніны.
Самым салодкім жаданнем ва ўсе часы для мяне былі паходы ў бібліятэкі. А якая навінка патрапіць? І ў якую вандроўку адправіць мяне аўтар? Любімымі аўтарамі па нарастаючай былі Лынькоў, Навуменка, Сяркоў, Гайдар і Крапівін. (З вялікім жалем даведаўся, што днямі на 82-ім годзе жыцця памёр Уладзіслаў Крапівін, які доўгі час быў для мяне настаўнікам і гуру). Вы зараз мне не паверыце, але я ўжо дакладна адчуваю, ці жыве сярод бібліятэчных паліц авантурны дух крытычнага разумення рэчаіснасці і наколькі ўплывовым на чытацкія душы з’яўляецца бібліятэкар. Прачытаў ліст ад Валянціны Расошанка са Светлагорска і канстатую: такога, на вялікі жаль, у маю бытнасць не было.
А справа вось у чым. Валянціна Мікалаеўна — галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі, дзе моднымі сталі вандроўкі ды прабегі на роварах. Такім чынам установа вырашае два пытанні: прыцягвае ў шчырыя абдымкі чытацца і далучае яго да здаровага ладу жыцця. А пачалося ўсё з Вяжноўскай сельскай бібліятэкі. Супрацоўнік установы Валянціна Ламака прапанавала чытачам паўдзельнічаць у прабегу “Наперад па дарозе здароўя” — складнік раённай бібліятэчнай акцыі “Жыві актыўна, думай пазітыўна!” “На прапанову адгукнуліся 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, — распавядае аўтар, — навучэнцы 1 — 7 класаў. Пасля інструкцыі па бяспецы і паўтарэння правілаў дарожнага руху адбылася трохкіламетровая вандроўка па аграгарадку. Потым доўга дзяліліся ўражаннямі. Чарговы маршрут — да мемарыяльнага комплексу “Баграціён”, які знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад Вяжноў”. Быў я некалькі гадоў таму на гэтым комплексе. Гэта, бадай, адзіны помнік ваеннай аперацыі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Узведзены ён на 71-ым кіламетры шашы Мазыр — Бабруйск ля вёскі Раковічы з нагоды 70-годдзя падзеі. Кожны, хто праязджае міма, абавязкова спыняецца… Валянціна Мікалаеўна, за пажаданне “Добрага дня і душэўнага спакою!” аддзячыць хачу асобна! Сапраўды, душэўнага спакою цяпер не стае.
Каб нейкім чынам прывесці нервы ў парадак, спрабую выязджаць у восеньскі лес. Ён сёння, як інклюзіўны тэатр, дзе кожная дрэва лечыць па-свойму. Больш за тое, у вераснёўскім лесе пад Мінскам з’явіліся ўрэшце белыя грыбы. Баравікі, кажуць, такі ядраныя мацакі, што ў кошык не ўлязаюць. Усе ў лес!
Амаль у кожнай вёсцы роднага Веткаўскага раёна былі спеўныя бабулькі. Я, 20-гадовы, не вельмі разумеў каштоўнасць аўтэнтыкі. Бабулькі нашы, асабліва ў Барталамееўцы, былі гіперактыўныя: так вішчалі-скавыталі ды нагамі тупалі па сцэне, што падавалася, старэнькі клубік разваліцца. А вось знакаміты кампазітар Радзівон Шчадрын тыя спевы ацаніў вельмі высока. Нават дыск-гігант з песнямі барталамееўскіх кабет з’явіўся. Дарос я да правільнага разумення жыцця толькі гадоў у сорак. І дзякуй Богу, што дарос. У кожнай нашай старадаўняй песні — код-адказ на любое жыццёвае пытанне-шыфр. Гэткія ж коды схаваны і ў беларускіх ручніках ды танцах. А вось Барталамееўка, як і многія іншыя спеўныя вёскі Веткаўскага раёна зніклі па прычыне чарнобыльскага адсялення. Параспадаліся гурты, нямногія кабеты, што атабарыліся ў іншых месцах, спяваюць свае песні ў адзіноце. Шкада…
Фальклорную тэму дапаўняе вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцця турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч — яшчэ адзін наш актыўны пазаштатны аўтар. “Існуе стэрэатып, — распавядае яна, — што фальклор — гэта як бабулі спяваюць і што многія маладыя зусім нічога не ведаюць пра свае карані ды традыцыі. У тым, што гэта не так, мы змаглі пераканацца падчас Х выязнога семінара і квэст-тура для маладых спецыялістаў Гродзенскага раёна. У тур па раёне адправіўся 21 малады спецыяліст. Да слова, мерапрыемства называлася “Вучымся дзейнічаць: першыя крокі ў прафесію”. Пабывалі мы ў музейным пакоі “Сялянская хата” ў Абухаўскім Цэнтры культуры, якім кіруе Ірына Стральчэня. Тут ладзяцца школы фалькларыстаў. Удзельнікам была прапанавана інтэрактыўная праграма “Старыя рэчы з гісторыяй”. Маладыя спецыялісты сталі першымі наведвальнікамі музея ў Зарачанскім Доме народнай творчасці “Код памяці”. Тут апроч іншага прэзентуюцца нашы дываны і ручнікі”. Цалкам пагаджаюся, фармальнай такую вучобу ніяк не назавеш.
Неўзабаве ў Зарачанах Гродзенскага раёна адкрыецца музей “Код памяці”. На здымку: вось як раней палкай-сухаваткай баранілі палетак.
Пра яшчэ адну прыкмету беларускай восені расказваў мне стары дзед ля Крэўскага замка (рэстаўрацыя яго была тады толькі ў марах). “Вось выкапалі людзі бульбу, адрамантавалі інвентар, грузды засалілі — пра страўнік можна не клапаціцца, а самы час за наша спаконвечнае ўзяцца”. Спаконвечным дзед называў традыцыйнае мастацтва. Сам ён лыжкі са старых вішань выразаў, а нявестка ягоная ткала ды вышывала. Гэта, сапраўды, не пра страўнік, а пра душу.
Пра душу дбаў і адзін з аўтараў “Нашай нівы” ў 1911 — 1921 гадах, а таксама паэт, празаік і драматург са Слонімшчыны Кандрат Лейка (1860 — 1921), пра якога напісаў Сяргей Чыгрын. “Большую палову жыцця, — паведамляе аўтар, — Лейка пражыў ва Украіне. Але пастаянна перапісваўся з беларускімі дзеячамі і літаратарамі Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам. Шмат перакладаў з украінскай на беларускую, у “Нашай ніве” друкуецца з апавяданнямі і вершамі. У 1912 годзе асобнай кніжачкай выходзіць п’еса для дзяцей “Снатворны мак”, прысвечаная маленькім жыхарам Слонімскага павету. Упершыню п’еса была пастаўлена ў Двінску (1922). Паставіў спектакль выдатны дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі Язэп Камаржыцкі. Пазней за пастаноўку п’есы ўзяўся Валянцін Ермаловіч у сваім Краснапольскім народным тэатры”.
Фотапартрэт Кандрата Лейкі і cцэна са спектакля “Снатворны мак” па яго аднайменнай п'есе. Дзвінск. 1922 год.
Восень мае магічную сілу натхнення. Кароткім дажджлівым днём сілкуюцца мастакі і пісьменнікі. Музамі для іх становяцца сажалка з чорнай вадой, шамаценне залатой лістоты пад нагамі, птушынае шчымлівае развітанне. І пра гэта таксама ішла гаворка на сустрэчы школьнікаў з бабруйскімі пісьменнікамі. Мерапрыемства адбылося ў Палацы мастацтваў горада Бабруйска. Пра гэта напісала метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей згаданай установы Наталля Давідовіч. На сустрэчу прыйшлі паэткі Надзея Акушко і Вера Дудко. У выразныя фарбы восені дадаліся і яркія вершы гасцей літаратурнага вечара.
Навіна з Малабераставіцкай (Бераставіцкі раён) інтэграванай сельскай бібліятэкі. У межах адзінага дня бяспекі тут адбылася інфармацыйная хвілінка “Правілы нашай бяспекі”. Восень — гэта яшчэ і пачатак ацяпляльнага сезона, а таму веданне супрацьпажарных мерапрыемстваў становіцца надзвычай актуальным.
Пра гэта ж паведамляе і спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок. Яна падкрэслівае, што задачамі акцыі “Адзіны дзень бяспекі” з’яўляюцца развіццё ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем і прапаганды бяспечных умоў пражывання насельніцтва.
Добрых усім дзён і душэўнага спакою.
Пішыце пра цікавае і абавязкова беражыце сябе!
Сустрэнемся праз тыдзень.