Павел Бондар. “Аўтапартрэт і прадметы натхнення”.
Творчая спецыялізацыя спадара Паўла — дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а канкрэтная “дзялянка” — мастацкі тэкстыль. Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут ён скончыў у 1978 годзе. Вучыўся ў адзін час з Маргарытай Шчамялёвай, Вольгай Дзёмкінай, Яўгенам Шунейкам, Юрыем Піскуном. Вучыўся, дарэчы, добра. Па ўспамінах сяброў, заўжды імкнуўся атрымаць вышэйшую адзнаку: і калі замест “пяцёркі” , на якую ўжо настроіўся, атрымліваў “чацвёрку”, мог перажываць гэты факт як трагедыю. Многім творцам па юначым і маладым гадам бывае ўласцівы максімалізм — усё альбо нічога. Але ў Паўла гэта часам прымала нават хваравітыя формы. Зрэшты, памятаю сябе студэнтам: таксама крыўдаваў, калі, здаецца, зрабіў нешта надзвычайнае, а ніхто на маю працу ўвагі не звяртае і слова добрага не скажа.
Ганна Кліменка. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя “Ноч у горадзе”.
На творчыя прынцыпы пакалення, да якога належыць Павел Бондар, моцны ўплыў зрабіў Міхась Раманюк, які ўвёў у навучальны працэс народную аўтэнтыку. Ягоныя студэнты добра арыентаваліся ў сусветных трэндах — з прыдыханнем гаварылі пра габелены Жана Люрса, але пры гэтым не блыталі “ручнік” і “посцілку”, а пры нагодзе маглі і сваімі рукамі “намітку віць”, што для знаўцаў народнага мастацтва — вышэйшы пілатаж. Такім я памятаю і спадара Паўла.
Павел Бондар. Бацік “Совы”.
Аднакурснікі Паўла Бондара і ён сам маглі паспяхова працаваць ў любой галіне мастацтва, звязанага з тканінай і ніткамі - габелен, батык, вышыўка, карціны-аплікацыі… Некаторыя студэнты ў дадатак да стыпэндыі прыватным чынам шылі сябрам модныя па тых часах джынсавыя касцюмы па ўзору тагачасных брэндаў, а маглі і ўласны фасон прыдумаць не горшы. Як кажуць, майстры на ўсе рукі. Шматстаночнікі.
Арцём Башарымаў. Палізрэз “Паляшучка”.
З такімі здольнасцямі потым лёгка было вучыць іншых. Пасля заканчэння ВНУ Павел выкладаў там, дзе і сам атрымаў адукацыю. Пасля сябе ён пакінуў добрую памяць і выразны след у самой структуры навучальнага працэсу. Выкладаючы, ён імкнуўся выхаваць студэнта як майстра-універсала, што не згубіцацца ў розных жыццёвых абставінах, здолее прыўнесці творчы чыннік ў якую заўгодна жыццёвую руціну.
Таццяна Вабішчэвіч. Палізрэз “Барбары Радзівіл прысвячаецца”. Трыпціх.
Плён ягонай працы як мастака і педагога бачны на гэтай выставе. Тут экспануюцца работы і самога спадара Паўла, і ягоных вучняў. Звароты Паўла Бондара да жывапісу і графікі былі, як падаецца, эпізадычнымі, але зноў жа сведчаць аб шматграннасці ягонага таленту. У сталыя гады мастак быў чалавекам непублічным. Я не памятаю яго самога на вернісажах, а ягоных работ у экспазіцыях выстаў. Ён быў засяроджаны на працы ў майстэрні і на сваіх вучнях. Творчыя работы не прадаваў, а дарыў.
Я быў на апошнім развітанні з ім. Пазванілі ягоныя адкурснікі, з якімі сябрую і сёння, сказалі: “ Паша памёр…”. Дзіўна, не бачыў яго, бадай, з канца 70-х, нідзе нашы шляхі не перасякаліся, а пачуццё такое, нібыта страціў штосьці асабістае…
А вось на выставе нібыта зноў з ім сустрэўся.