Мэта сённяшняй паездкі Міхаіла Шэмякіна ў Мінск — абмеркаванне некаторых пытанняў культурнага супрацоўніцтва, у прыватнасці, у 2010 годзе мяркуецца правесці ягоную вялікую персанальную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Пра ўсё гэта і пра многае іншае ішла творчая размова на сустрэчы выдатнага майстра з беларускімі мастакамі і мастацтвазнаўцамі, якая адбылася 29 чэрвеня ў перапоўненай актавай зале Палаца мастацтва.
Увогуле, праграма двухдзённага візіту мастака ў Мінск была вельмі насычанай. Ён пабываў у Нацыянальным мастацкім музеі, які яго ўразіў, асабліва зборам іканапісу і экспазіцыяй сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва, з якім, па вялікім рахунку, ён сустрэўся толькі цяпер, наведаў творчую майстэрню заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, прафесара, загадчыка кафедры манументальнага жывапісу БДАМ Уладзіміра Зінкевіча, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Беларускую дзяржаўную акадэмію
мастацтваў, у прыватнасці, кафедру манументальнага жывапісу і кафедру графікі, дзе высока ацаніў дыпломныя работы сённяшніх выпускнікоўграфікаў, а таксама азнаёміўся з тэхналогіяй навучальнай друкарскай вытворчасці.
30 чэрвеня Міхаіл Шэмякін сустрэўся з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Матвейчуком. Былі абмеркаваны арганізацыйныя і творчыя пытанні, звязаныя з рэалізацыяй мастацкіх і адукацыйных праектаў мастака ў Беларусі.
Наш кар.
На здымках: Міхаіл Шэмякін (трэці справа)
у зале рускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея;
малюнак-экспромт Міхаіла Шэмякіна ў Кнізе водгукаў музея.
Фота Юрыя ІВАНОВА