“Камяні спатыкнення” ў віхуры часу

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Гістарычная памяць не існуе сама па сабе. Гэта — заўжды плён чыёйсьці работы. Пэўнага кшталту сацыяльная інжынерыя, здатная ствараць новыя “тэксты” і падтрымліваць тыя, на якіх будуецца наша сённяшняя візія гісторыі. У тым ліку, і самых балючых яе эпізодаў. Памяць пра падзеі Другой сусветнай вайны сёння ўшаноўваецца не толькі праз стварэнне вялікіх мемарыялаў, але і куды больш камерным спосабам. Невялічкае “зярнятка” брукаванкі з металічнай шыльдачкай, на якой напісанае імя канкрэтнага чалавека, усталёўваецца ў ходніку каля таго месца, дзе ён калісьці жыў — пакуль не прыйшла вайна. Праходзячы міма, ты міжволі заўважаеш гэтую дэталь — і, магчыма, спынішся ды задумаешся. Першыя на Беларусі “Камяні спатыкнення” неўзабаве маюць быць усталяваныя ў Гродне — з яго пакручастай і поўнай трагедый гісторыяй, сумныя напаміныпра якую і дасюль літаральна пераследуюць сучаснікаў. Заканамерна, што менавіта ў гэтым горадзе апрабуюцца цікавыя практыкі актуалізацыі гістарычнай свядомасці.

/i/content/pi/cult/679/14956/7.JPGНайперш — тыя, хто выжыў

Праект нямецкага мастака Гунтэра Дэмніга “Камяні спатыкнення”, прысвечаны памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму, быў задуманы ў сярэдзіне 1990-х і неўзабаве атрымаў распаўсюд па ўсёй Еўропе. Сёння такіх камянёў па ўсім свеце ўжо больш за 50 тысяч.

— Яны ўсталяваныя ў Расіі, Украіне, нават, здаецца, у далёкай Аргенціне, але ў Беларусі, на жаль, дагэтуль ніводнага не з’явілася, — кажа грамадскі дзеяч Яўген Калодзін, які выступіў адным з ініцыятараў з’яўлення такіх камянёў у Гродне.

За два дзесяцігоддзі “Камяні спатыкнення” атрымалі не толькі вялікую папулярнасць, але і спарадзілі некалькі іншых падобных праектаў. Адзін з іх — “Астатні адрас” у Расіі, прысвечаны памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

У Беларусі першая спроба далучыцца да міжнароднага руху ўшанавання пацярпелых ад нацызму была зробленая трохі больш за год таму. Як расказаў старшыня рады гродзенскай іўдзейскай рэлігійнай грамады Барыс Квяткоўскі, усё пачалося менавіта з увекавечвання памяці ахвяр Халакосту:

— Дзякуючы міжнародным сувязям мы былі ўключаны ў шэраг мемарыяльных праектаў. Адзін з іх акурат і прысвечаны “Камяням спатыкнення”.

Звычайна на “Камянях спатыкнення” выгравіраваныя прозвішчы тых, хто жыў некалі на гэтай вуліцы і стаў ахвярай нацыстаў. Але ў Гродне было вырашана пачаць з ушанавання тых, хто змагаўся і перамог. Першыя два камяні, вырабленыя для ўсталявання, прысвечаны памяці, у прыватнасці, тых, хто цудам выжыў у ліхалецці. І ў гэтым — асаблівасць айчыннага мемарыяльнага праекта.

На першых двух камянях — яўрэйскія прозвішчы. Але, як падкрэслівае спадар Квяткоўскі, праект зусім не абмежаваны ўшанаваннем памяці ахвяр Халакосту:

— Натуральна, мы абралі для сябе тое, што непасрэдна блізка нам — трагедыю нашага народа, калі яўрэяў забівалі толькі за тое, што яны былі яўрэямі. Але ж сама ідэя “Камянёў спатыкнення” не мае ніякіх этнічных рамак, і мы гатовыя супрацоўнічаць з самым шырокім колам партнёраў.

Страшныя знаходкі Фолюша

/i/content/pi/cult/679/14956/8.JPGІ сапраўды, ахвяры нацызму ў Гродне — гэта не толькі 29 тысяч яўрэяў горада. Другая па колькасці група — савецкія ваеннапалонныя. Паўз заснежаную пустку дабіраюся да аднаго з самых жахлівых у гісторыі горада месцаў.

Фолюш — гэта колішняе прадмесце Гродна, а ў нашы дні — яго спальны раён. Сёння цяжка паверыць, што некалі ў тым зацішным кутку знаходзіўся лагер смерці для ваеннапалонных, дзе ўсяго за год з лішкам загінула болей за 25 тысяч чалавек.

Апрача “Шталагу № 324”, у горадзе быў і перасыльны лагер “Дулаг № 25”, які месціўся каля станцыі Ласосна. Там праходзіла “сартаванне” ваеннапалонных — дужых і здаровых высылалі на прымусовыя работы ў Еўропу, а аслабленых і хворых — у Фолюш на загубу.

Гэтыя мясціны па-ранейшаму прытойваюць страшныя знаходкі. Дзесяць гадоў таму пры правядзенні работ у 200 метрах ад “Шталагу” былі выяўленыя невядомыя раней пахаванні савецкіх салдат. Парэшткі перанеслі на могілкі “Аўльс”. І на гэтым знаходкі не скончыліся.

— Літаральна цягам астатніх некалькіх гадоў былі знойдзены парэшткі больш чым 1600 вайскоўцаў, якія ўрачыста перапахавалі там жа, на тэрыторыі фолюшскага “Шталагу”, — дадае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Наталля Каротчыкава. — Работа па ўвекавечванні памяці ахвяр вайны ў нас у горадзе не спыняецца.

Распачатая яна была яшчэ за савецкімі часамі. Вайсковыя пахаванні траплялі ў ахоўныя спісы, несупынна даглядаліся, на іх усталёўваліся велічныя манументы. Праўда, такая ўвага надавалася перадусім месцам спачыну савецкіх воінаў часоў Другой сусветнай вайны. Вайсковыя ж пахаванні Першай сусветнай альбо польскія міжваенныя часта не толькі забываліся, але маглі быць наогул спляжаныя.

Як адзначыла Наталля Каротчыкава, у незалежнай Беларусі практыкі работы з памяццю істотна змяніліся:

— Цяпер і “польскія” магілы мы даглядаем на афіцыйным узроўні, — тлумачыць яна. — Згодна з Указам Прэзідэнта № 109 за 2016 год “Аб увекавечванні памяці пра загінулых пры абароне Бацькаўшчыны і захаванні памяці пра ахвяр вайны”, усе міжваенныя пахаванні 1919 — 1939 гадоў таксама ўключаны ў агульнарэспубліканскі ахоўны спіс і пашпартызаваныя.

Болей за тое — нават магілы нямецкіх акупантаў таксама не адданыя забыццю. Як расказала Наталля Каротчыкава, у 2015 годзе ў гарвыканкам звярнуліся прадстаўнікі германскага фонду па даглядзе пахаванняў на тэрыторыі Беларусі:

— Паводле сведчанняў дакументаў вермахта, на тэрыторыі горада на рагу вуліц Лідскай і Белуша знаходзілася адно з такіх пахаванняў. Па выніках перамоў было прынятае рашэнне аб даследаванні дадзенага раёна і аб пераносе парэштак каля 90 салдат на нямецкія вайсковыя могілкі ў Беразіно.

Як запэўніла галоўны спецыяліст, мясцовыя ўлады заўжды ахвотна ідуць на супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і гатовыя падтрымаць любую карысную ініцыятыву. Праца працягваецца і ў іншым кірунку. Усё болей замардаваных у “Шталагу” савецкіх воінаў можна назваць пайменна — дзякуючы праведзеным даследаванням.

— Да нас рэгулярна звяртаюцца сваякі тых, каго ўдалося апазнаць, — кажа яна. — Але работы яшчэ вельмі многа, і не ўпэўненая, што калісьці яе наогул атрымаецца завяршыць. На жаль, з 25 641 пахаваных на тэрыторыі лагера асобаў сёння вядомыя імёны толькі 3 927.

Але нават апошняя лічба сведчыць пра тое, як шмат “Камянёў спатыкнення” можа з’явіцца на нашых вуліцах.

Час яшчэ прыйдзе

Гатовыя да ўсталявання два камяні сёння праходзяць працэдуру ўзгаднення з боку мясцовых уладаў. А пакуль ідзе гэты юрыдычны працэс, рыхтуюцца яшчэ пяць такіх камерных мемарыяльных аб’ектаў. У той самы час, узнікае пытанне — ці атрымае гэтая практыка далейшае распаўсюджванне па ўсёй Беларусі?

Меркаванні на гэты конт даводзілася чуць розныя. Пры ўсёй эфектыўнасці задумы, яна мае і слабыя бакі — асабліва ў нашым клімаце. Сапраўды, надвор’е можа стаць сур’ёзнай перашкодай: пад снежным покрывам камянёў проста не будзе відаць. У сваю чаргу, некаторыя з засцярогай ставяцца да таго, што мемарыяльны аб’ект з імёнамі загінулых апынецца літаральна пад нагамі ў мінакоў. Хаця калі назіраць за іх паводзінамі ў замежных гарадах, можна пераканацца, што людзі звычайна стараюцца на тыя камяні не наступаць.

Урэшце, ёсць і яшчэ адна праблема. Для таго, каб праект дасягнуў пастаўленай мэты — ці хаця б нават проста быў “заўважаны” — камянёў павінна быць шмат. А гэта патрабуе выдаткаў — можа, не такіх, як іншыя сродкі мемарыялізацыі, але ўсё адно вельмі значных.

Паколькі праект міжнародны і міжнацыянальны, цікавасць да яго ўжо праявілі і беларускія грамадскія аб’яднанні. Але ж іх рэсурсы таксама абмежаваныя. Таму пытанне фінансавання пакуль адкрытае. Як, зрэшты, і многія іншыя.

— Праекту трэба даспець — прыйдзе яшчэ час! — адзначыў спадар Квяткоўскі. — Дый гэта ж яшчэ нават не праект! Праект для мяне — калі ёсць дакладны план дзеянняў, спіс удзельнікаў, тэрміны выканання… Пакуль што ёсць толькі ідэя, але ж якая яна прыгожая і годная!