Раўнд I
— Вы, як мне здаецца, лёгка адгукаецеся на просьбы аб інтэрв’ю.
— Як правіла, я спачатку прашу акрэсліць кола меркаваных пытанняў. І гутарка складваецца толькі тады, калі яны цікавыя мне, калі ў размове падымаюцца небанальныя тэмы, калі інтэрв’юер ведае сутнасць маёй творчасці і падрыхтаваны да сустрэчы. У адваротным выпадку адмаўляю — не хочацца марнаваць час на пустапарожнюю балбатню. Інтэрв’ю павінна быць жывым, у ім павінны адкрыцца абодва суразмоўцы, а не толькі яго галоўны герой. З вамі ў мяне знаёмства даўняе, таму спадзяюся, што зносіны атрымаюцца.
— Здаралася, што пытанні злавалі?
— Інтэрв’ю — гэта яшчэ і маленькі батл журналіста і артыста: удар-абарона (пытанне-адказ), контратака (сустрэчнае пытанне). Калі ў “нападзе” на мяне журналіста ёсць нешта ваяўнічае, але цікавае, творчае, калі ён “б’е” мяне нейкім фактам з майго жыцця, я выклік прымаю. Люблю хвосткія пытанні, але на хамства магу адказаць тым жа. У любым выпадку, рулю працэсам я — і выбудоўваю зносіны так, як у дадзены момант лічу патрэбным.
Раўнд II
— У гэтым годзе пабачылі свет і ваш новы альбом, і дэбютны вашай жонкі. Мне вельмі спадабаўся дыск EVгенiкi (асабліва трэкі “Серада” і “Флёр-дэ-ліс”). Напэўна, крытыка “адарвалася” з нагоды яе іранічных і не толькі песень?
— Так, у мяне выйшаў дыск “Аквамарын”, а ў EVгенiкi — “Аптымістка”. Пагаджуся з вамі наконт гэтых дзвюх песень, напоўненых яркімі вобразамі. А лірычная “Серада” — гэта як саўндтрэк да вялікага кіно. Маскоўская крытыка досыць рэзка прайшлася па яе альбоме, агульны сэнс “прэтэнзій” заключаўся ў тым, што, маўляў, так музыку цяпер ніхто не робіць — маўляў, не модна, сёння ў цане іншыя правакацыі. Мы з Жэняй на гэта ўсміхнуліся. У нас ёсць дакладнае разуменне таго, што мы ствараем, што хочам данесці да слухача. Тэкставай асновай плыткі стала вельмі добрая, сакавітая паэзія Юліі Саламонавай: мяне захапілі яе метафары, жыццёвыя сітуацыі. А EVгенiка — выпускніца Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных па класе “Народны вакал” — шыкоўна ўсё праспявала. Мая ж справа была скласці музыку, аранжаваць, запісаць, спрадзюсаваць. З альбома нарадзіўся канцэрт — перфоманс пад назвай “Музычны стэндап”, дзе суседнічаюць вершы, рэзкае слова, песні, зносіны.
— Існуе ўстойлівае меркаванне, што савецкая і постсавецкая гітарныя школы не вытрымоўвалі і не вытрымліваюць параўнання з заходняй...
— Творчы патэнцыял нашых школ вельмі вялікі. Варта згадаць толькі адзін напрамак —
сяміструнная гітара, для якой кампазітары пісалі наздзіў мяккія, удумлівыя творы. А заходні музычны рынак значна больш напоўнены грашыма. У ім непараўнальна больш кампаній, профільных друкаваных выданняў, тэле- і радыёпраграм, у якіх гучыць гітарная музыка. Тым, хто з юнага ўзросту вырашыў займацца гітарай, прапануецца шырокі выбар майстар-класаў, спецыяльных навучальных устаноў. Там больш магчымасцяў у выканаўцаў рэалізаваць сябе.
— А што скажаце пра беларускую гітарную школу?
— З яе яркімі прадстаўнікамі — кампазітарамі, гітарыстамі, педагогамі — я знаёмы асабіста: з Валерыем Жывалеўскім, Уладзімірам Захаравым, Ігарам Дзедусенкам, Яўгенам Грыдзюшкам. Яны шмат чаму мяне навучылі, мне пашанцавала, што я разам з імі выступаў на фестывалях, вечарамі за гарбатай абмяркоўваў нейкія гітарныя аспекты. На жаль, ужо няма ў жывых найталенавітага выканаўцы і кампазітара Дзяніса Асімовіча.
— Ці ёсць гітарныя тэхнікі, якімі вы валодаеце не на цвёрдую “пяцёрку”?
— Вядома. Пастаянна вучуся, трэніруюся, гляджу ў інтэрнэце нейкія цікавыя прыёмы, спрабую іх прымяняць. Але я не збіраюся асвойваць усе тэхнікі, я хачу выкарыстоўваць тыя з іх, якія мне блізкія эмацыйна, ад якіх я атрымліваю сапраўдную... фізічную асалоду, бо гранне на гітары — гэта не проста музыка, але яшчэ і ёга, скарачэнне цягліц. Гітарысты граюць не толькі рукамі, пальцамі, а і... макаўкай галавы, вушамі, валасамі — усім целам. І лыпанне павекаў з дыханнем таксама складаюць гук! Каб данесці да слухача ўласныя ідэі, мне дастаткова пэўнага багажу прыёмаў. Але кругагляд пашыраць трэба! Хаця б чыста з дзіцячай цікаўнасці — што там адбываецца ў іншых кірунках.
— Бывалі ў вас “канфлікты” з гітарай?
— Паміж ёй і выканаўцам існуюць цалкам выразныя “жывыя” ўзаемаадносіны. Яна можа быць гнуткай і можа быць непаслухмянай, грубай. Шмат у такім “шлюбе” залежыць ад майго псіхалагічнага стану. З другога боку, ад таго, у якім стане інструмент — вільготнасці або сухасці яго струн, наладжаны яны альбо не. А падчас канцэрту на ўзаемадзеянне ўплываюць тысячы іншых фактараў: горача ад сафітаў, пальцы слізгаюць, гук не той, нейкія выкрыкі з залы... Але калі бярэш у рукі інструмент, трэба сказаць сабе, што ты ўсяго толькі граеш, ствараеш вакол сябе прыгожы рэзананс. І гэта супакойвае, гармонія наладжваецца. Праходзяць першыя пяць-сем хвілін, і сувязь з космасам ужо ўсталяваная.
— Вы згадалі пра батлы. Сёння ў трэндзе рэп-батлы. З кім сышліся б у такім паядынку — але гітарным?
— Мне не хацелася б нікога зневажаць — як гэта прынята ў рэп-батлах. Я — за сутворчасць, калі два цалкам розныя музыканты, не ведаючы адзін аднаго, спрабуюць наладзіць кантакт і з ходу зымправізаваць разам. З гэтага мог бы атрымацца цікавы праект, калі за гадзіну артысты павінны былі б стварыць нешта агульнае.
— Ідучы на ваш канцэрт, публіка ведае, што ўбачыць не проста выступленне артыста, а цэлы спектакль. Ці няма ідэі паэксперыментаваць з лібрэта?
— Мае канцэрты — з’ява шматслаёвая. Не ўяўляеце, наколькі гэта складана — “трымаць” залу, не кажучы ні слова. Я эксперыментую, але не так актыўна. Мы рухаемся — у плане аркестроўкі канцэртаў, іх сімфанізацыі, але зусім ужо радыкальна нешта мяняць пакуль не мяркуецца. Ды і небяспечна гэта — глабальна ўмешвацца ў канструкцыю пастановак. Кожная з іх выпакутаваная, выбудаваная. Дык хай пакуль усё ідзе так, як ідзе.
— А паспрабаваць сябе ў ролі вакаліста няма жадання?
— Часам у сваіх інструментальных кампазіцыях “адрываюся”, дадаю вакальныя хукi. Але каб праспяваць па-сапраўднаму, ды яшчэ са сцэны... Прабачце. Я прапаную гледачам інструментальнае палатно, у якім і без таго столькі інфармацыі, што словы яму не патрэбныя. А вось з напісаннем песень эксперыментаваць перыядычна працягваю, становячыся не толькі іх аранжыроўшчыкам, але і аўтарам музыкі і тэкстаў.
Раўнд III
— Сочыце за тым, што адбываецца ў сучаснай беларускай музыцы?
— Яна развіваецца, інструментальная гітарная ў тым ліку. Падабаецца, што больш надаюць увагі фальклору, глыбінным нейкім з’явам, уключаючы нават эксперыменты з паганскай культурай. Радуе, што ёсць квота на радыё, калі прыярытэт аддаецца беларускім творам, і гэта стымулюе выканаўцаў ды аўтараў. Прыемна, што на FM-хвалях і па тэлевізары гучыць і паказваецца мая музыка.
— Беларускія аўтары, якія працуюць у поп- і рок-музыцы, зноў сталі звяртацца да вялікіх формаў, прычым заснаваных на нацыянальным гістарычным матэрыяле. Не думалі ніколі пра гэта?
— У маім канцэрце з вялікім сімфанічным аркестрам досыць шмат беларускага. Узяць хаця б інструменты, якія выкарыстоўваюцца — цымбалы, нейкія ражкі, флейты. Усё, што ўсмактана мною з малаком маці, з крывёю нашай гісторыі, з перамогамі, нікуды не знікла. Яно — каранёвае, нацыянальнае — так ці інакш усплывае ў маіх мелодыях, гучыць са сцэны. Думаю, у хуткім часе гэты праект будзе паказаны ў Палацы Рэспублікі.
— Дваццаць гадоў таму вы перабраліся ў Маскву. Яна сапраўды не верыць слязам?
— У ёй проста няма калі плакаць і намотваць соплі на кулак. Тыя, хто ўмее і хоча працаваць — шмат і цярпліва, — хто майстры на ўсе рукі, у расійскай сталіцы запатрабаваныя будуць. Можа, не адразу, можа, давядзецца пачакаць — год, два… Аднак у выніку цябе абавязкова заўважаць і прапануюць працу. Масква любіць прафесіяналаў, але іх ёй моцна не хапае. А наогул моцна сумую па Беларусі!