Зоркі так склаліся, што сусветная прэм’ера новага праекта “GOFF-company” — спектакля “Вялікая элегія Джону Дону” — адбылася менавіта ў тым падвальчыку, у прысутнасці ўсяго некалькіх дзясяткаў “сваіх” гледачоў. Пастаноўку можна лічыць у пэўнай меры і айчыннай. Апрача заўсёднага партнёра Кофмана Мікалая Рубанава (шырокай публіцы ён вядомы як саксафаніст легендарнага “АукцЫона”), за музычную частку адказваў і Валерый Воранаў, які даўно жыве ў Нямеччыне, але ўпарта лічыць сябе менавіта беларускім кампазітарам.
— У Берліне мы з Валерыем амаль суседзі, — Кофман распавядае дзіўную перадгісторыю гэтай прэм’еры. — Ведаем адзін аднаго ўжо гадоў мо дванаццаць, але ніколі не працавалі разам. Не так даўно паспрабавалі выправіць гэтую недарэчнасць, і паколькі супрацоўніцтва стала прыносіць нам задавальненне, яно вылілася ў дадзены спектакль. А далей — збег абставінаў. Валера зацягнуў мяне ў госці да сябе ў Мінск ды распавёў пра падвальчык, які нам добра пасуе. А тут акурат выявілася, што да вас з канцэртам прыязджае “АукцЫон”, і я папрасіў Колю “завіснуць” у Мінску на пару дзён. У наш дуэт ён упісаўся чыста на імправізацыі, і гэта нядзіўна: мы даўно супрацоўнічаем у жанры “тэкст-м’юзік-ф'южн” і навучыліся літаральна адчуваць адзін аднаго.
— Апошнім часам граць спектаклі па-за межамі тэатральных залаў стала даволі модна. Ці было для вас важна, што дзея адбываецца менавіта ў клубе?
— Мы пераўтвараем клуб у тэатральную пляцоўку, падпарадкоўваючы гэтую прастору сваім умоўнасцям. Зрэшты, тэатральная зала — таксама ўмоўная прастора, толькі адмысловая: людзі прызвычаіліся неяк асабліва ўспрымаць тое, што там адбываецца. Адпаведна, можна пераўвасобіць у тэатр любое памяшканне, дастаткова толькі пераканаўча задаць умовы існавання ў ім акцёра. Ці можна паказаць гістарычнага персанажа, калі на сцэне толькі ноўтбук — як было сёння ў нас? Так, можна. Я ведаю пару неабходных трукаў.
— То бок для вас неістотна, дзе і ў якіх абставінах граць свае спектаклі?
— Наадварот, тут вельмі важныя нават самыя дробныя нюансы. Напрыклад, у Мінску мы сутыкнуліся з такой праблемай, як адсутнасць піяніна. Яго электрычны варыянт мае зусім не той гук, які трэба. Да ўсяго, калі свіснеш, у сапраўдным інструменце рэзануе дэка. Для нас кожны шоргат істотны.
Дарэчы, пакуль мы не пачалі рэпеціраваць з Валерыем, мне ўвогуле было незразумела, як працаваць з клавірам. Падчас папярэдніх спробаў узнікала звыклая структура, калі клавішныя стваралі толькі фонавую падтрымку тэксту. А вось Валера зрабіў з гэтага інструмента паўнавартаснага персанажа дзеі.
— Як гэта — персанажа? Можа, гукавое суправаджэнне?
— Сістэма ўзаемадачыненняў музыкантаў і акцёраў — гэта наша ноу-хау. Звычайна музыка як бы стварае фон спектакля, а ў нас зусім іншая структура — абсалютна самастойных роўнавартасных элементаў, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. І таму музыканты — гэта менавіта персанажы, хай сабе яны і не прапісаны ў тэксце. Кожны з іх гаворыць сваім голасам. Так, менавіта гаворыць, хаця і не выкарыстоўваючы словы. Яны выказваюць думкі, уступаюць адзін з адным у размову, спрачаюцца... І ў выніку ў нас атрымліваеццца палілог, сапраўдны хор у старажытнагрэчаскім разуменні гэтага слова.
— У апошні час пастаноўшчыкі класікі, як правіла, спрачаюцца з аўтарам альбо спрабуюць раскрыць тыя пласты тэксту, якія яго стваральнік, можа, нават і не ўяўляў. Але ваш падыход да Бродскага — на дзіва ашчадны...
— Я стаўлюся да тэксту абсалютна акадэмічна, і гэта мая прынцыповая пазіцыя. Іншая рэч, трэба выбіраць тую літаратурную аснову, у якую цалкам верыш. Бывае, мяне просяць што-небудзь паставіць, але калі гэта не маё, адразу адмаўляюся. Я магу працаваць толькі з тым матэрыялам, у якім супадаю з аўтарам. Тады мне ўдаецца стварыць вакол тэксту сваю ўмоўную прастору.
— Ужо шмат гадоў вы жывяце ў Берліне…
— Так, ажно 23 гады! Увогуле, эмігрантам ты пачынаеш сябе адчуваць, калі табе сняцца сны на нямецкай мове. І тады трэба сумленна прызнаць, што ты стаў іншым чалавекам.
— Гэты горад мае рэпутацыю “плавільнага катла культур”. Да якога тэатра вы сёння сябе аднеслі б — рускага, заходнееўрапейскага, ці… сусветнага?
— Учора адна глядачка мне сказала: ты берлінскі акцёр. Я запытаўся, адкуль такая выснова. “Гэта невытлумачальна”, — быў адказ. І тым не менш, я лічу сябе найперш акцёрам рускім — нават тады, калі граю па-нямецку. Гэта як рускі рок, разумееце! З музычнага пункту гледжання ён мала чаго варты параўнальна з англасаконскай плынню, але сам характар, дух — самабытны і непадробны.
Калі мы будзем бяздумна капіраваць тыя прыёмы і метады, што характэрныя для заходняга тэатра, атрымаецца нешта бляклае і невыразнае. Каб захаваць сваю ідэнтычнасць, трэба апеляваць да сваёй гісторыі, сваіх перажыванняў, звязаных з жыццём і побытам, свайго дзяцінства і юнацтва, выкарыстоўваць іх у якасці субстрату для творчасці. Трэба заставацца рускім альбо беларускім тэатрам, але пры гэтым запазычваць, усмоктваць, красці ў тэатры сусветным усё, што прыкмеціць тваё вока. Я шмат чаму вучыўся ў немцаў — як, зрэшты, і некаторыя з іх пераймалі сёе-тое ў мяне, і гэта цалкам нармальна. Бо галоўнае — захоўваць сваю апрычоную энергетыку. Людзі гэта будуць бачыць і адзначаць.
— І наколькі такі падыход запатрабаваны ў Нямеччыне?
— Як ні дзіўна, у Берліне ў нас нават болей гледачоў, чым, скажам, у Санкт-Пецярбургу. Сярод іх трапляюцца і тыя немцы, якія не разумеюць рускай мовы, але любяць тэатр. І тут няма ніякай сентыментальнай любові да рускай экзотыкі — урэшце, мы ж не прыпеўкі спяваем. Ёсць праблема якраз з эмігранцкім рускамоўным гледачом — тут я маю на ўвазе і вашых суайчыннікаў. Ён ходзіць найперш на маскоўскіх зорак, на стандартны “чосавы” рэпертуар. Яму ўсё адно, што за спектакль прывязуць — галоўнае, каб была нагода начапіць свае “брулікі”. Здавалася б, калі чалавек апынаецца ў такім мультыкультурным казане, у яго павінна абудзіцца цікаўнасць да нечага новага, прагненне пашырыць уласныя далягляды. Ды нічога падобнага!
— Наколькі я разумею, сучасным тэатрам сёння лічыцца амаль механічнае перанясенне на сцэну ўбачанага недзе на вуліцы — так бы мовіць, у рэальным жыцці. У вас жа захоўваецца пэўная ад яго дыстанцыя…
— Гэта не зусім так. Шмат хто раіць адстараніцца ад мітуслівага жыцця, але… сябе ж не падманеш! Адчуванне рэальнасці назапашваецца, ушчыльняецца, насычае твае сны... Убачанае і пачутае на вуліцы ты так ці іначай выносіш на сцэну — хай сабе і ўжо ў ладна перапрацаваным выглядзе. Любы мастак існуе ўнутры свайго часу, і нікуды табе ад яго не падзецца.
На здымку: Рыгор Кофман і Валерый Воранаў падчас спектакля ў Мінску.