Гэтыя здымкі скаланулі Інтэрнэт. / Фота з сацыяльных сетак
— Гэта былі планавыя вышукальніцкія работы, — каментуе ролю бульдозера навуковы кіраўнік аб’екта Уладзімір Сіняўскі. — Геолагі меліся зрабіць шурфы ў непасрэднай блізкасці ад муроў, але прабіць буравой устаноўкай свідравіну аказалася немагчыма: пад’езды былі спрэс засыпаныя камянямі. Таму давялося з дапамогай экскаватара тыя булыжнікі трохі адсунуць. Вось, уласна, і ўсё.
Навуковы кіраўнік адказаў і на абвінавачванні аб правядзенні такіх работ без археалагічнага нагляду. Паводле яго словаў, патрэбы ў ім, у прынцыпе, не было, бо ў зямлю коўш эскаватара не паглябляўся, хіба трохі “падрапаў” мёрзлы грунт на невялічкіх лапіках. Адбывалася ўсё, дарэчы, яшчэ ўзімку, калі замак быў пакрыты снегам. А як ён растаяў, тыя “драпіны” і паказаліся.
Геолагаў мне давялося сустракаць у Крэве яшчэ колькі гадоў таму — і, па ідэі, яны даўно ўжо павінны былі саступіць месца ўласна будаўнікам. Аднак працы на доўгі час замарозіліся — здагадайцеся самі, па якой прычыне. І вось, нягледзячы на складаны цяперашні час, урэшце воз зрушыўся. Уладзімір Сіняўскі спадзяецца, што выдаткаванага сёлета фінансавання хопіць для падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на першыя два пускавыя комплексы, а магчыма, яшчэ і на трэці.
Па яго словах, на пачатку пройдзе кансервацыя муроў, а ўжо наступным этапам стане аднаўленне і далейшая музеефікацыя вежы Кейстута. Дзякуючы іканаграфічным матэрыялам і шматгадовым карпатлівым даследаванням, удалося вызначыць не толькі яе вонкавы выгляд, але таксама і планіроўку — уключна са складанай сістэмай лесвіцаў.
— Гэты замак надзвычай цікавы для даследчыкаў, яго можна ў нечым параўнаць са закамітай фартэцыяй у французскім Каркасоне, — інтрыгуе архітэктар-рэстаўратар, выказваючы меркаванне, што муры ў Крэве паўсталі яшчэ ў ХІІІ стагоддзі, значна раней, чым падобныя “кастэлі” з’явіліся ў Лідзе ды Медніках.
Што тычыцца рэльефу замкавага двара, яго да пары наогул пакінуць без зменаў, захаваўшы і тыя “новаўводзіны”, якія з’явіліся там ужо падчас Першай сусветнай — варонкі ад снарадаў. Ацалее (прынамсі, часткова) і нямецкі дак, умураваны ў сярэднявечныя сцены — як адметны прыклад спалучэння ўзораў фартыфікацыі розных перыядаў.
— Магчыма, калісьці археалагічныя раскопкі пройдуць па ўсёй тэрыторыі замка, і тады мы здолеем вызначыць, якія пабудовы некалі размяшчаліся ўнутры перыметру, — апавядае архітэктар. — Гэта дасць падставы казаць пра іх аднаўленне.
Зрэшты, пра такія далёкасяжныя планы сёння не выпадае нават і гаварыць. Галоўнае, каб распачатыя працы няспешна, але няўхільна ішлі да завяршэння, не забуквасаваўшы зноў з-за адсутнасці фінансаў. Як сведчаць адмыслоўцы, Крэўскага замка з кожным годам становіцца ўсё меней і меней — прычым, без дапамогі бульдозераў.
У той самы час гэтая сумная і кур’ёзная сітуацыя засведчыла характэрную тэндэнцыю: інфармаванне грамадскасці пра ход рэстаўрацыйных работ пакуль пакідае жадаць лепшага, хаця попыт на такую інфармацыю відавочны. Чаму б не ладзіць рэгулярныя прэс-канферэнцыі з удзелам спецыялістаў, здатных і спрэчныя пытанні зняць і проста апавесці шмат цікавага — пра гісторыю помнікаў, пра тыя метады і тэхналогіі, якія плануецца прымяняць пры іх аднаўленні, урэшце, пра непазбежныя ў такой справе складанасці? Бо ў цяперашніх умовах ньюсмейкерамі ўсё часцей становяцца не прафесіяналы, а неабыякавыя, але малаабазнаныя турысты.