Супрацоўнікі бібліятэкі збіраюць усё, што тычыцца мінуўшчыны, у сваім цэнтры краязнаўства. Гэта брэнд нашай бібліятэкі. Работа з краязнаўчым матэрыялам мае не эпізадычны характар, а вядзецца стала і планамерна на працягу многіх гадоў. Перад тым, як прыступіць да яе, мы сабралі і сістэматызавалі ўсю краязнаўчую літаратуру, папкі, паказальнікі, фотаальбомы ў краязнаўчым кутку, адрэдагавалі даведачны апарат па краязнаўстве, стварылі новыя фактаграфічныя папкі ў электронным выглядзе па тэмах, якія не былі прадстаўлены раней. Супрацоўнікі праектнай групы ЦРБ вядуць работу па выяўленні і зборы краязнаўчых матэрыялаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца бібліяграфічныя і літаратурныя крыніцы, архіўныя матэрыялы, апавяданні старажылаў. Вынікам стала выданне кнігі аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, а таксама стварэнне гарадскога летапісу. Падрыхтаваны альбомы пра гісторыю гарадскіх будынкаў, пра сённяшнюю Маларыту.
Фонд медыярэсурсаў бібліятэк недастатковы, а мультымедыйныя праекты дапамагаюць вырашыць гэтую праблему: з’явілася магчымасць прэзентаваць маларытчанам матэрыялы цэнтральнай бібліятэкі. Здольнасць камп’ютара падаваць інфармацыю адначасова ў выглядзе тэксту, графікі, гуку, відэа дазваляе ствараць прэзентацыі, відэаролікі і нават фільмы. Медыятэхналогіі, у адрозненне ад звычайных сродкаў, значна пашыраюць магчымасці бібліятэкараў. Ёсць нават фільм пра горад, дзе тэкст чытаецца ў стылі рэп.
У практыку краязнаўчай работы трывала ўвайшлі цыклы выстаў, слайд-падарожжаў, відэааглядаў, краязнаўчых субот, урокаў краязнаўства, якія праводзяцца па вызначанай праграме (работа арганізавана так, што на змену выпадковым эпізадычным дзеям прыходзіць паслядоўнае і сістэмнае раскрыццё самых важных тэм). У пошуках найноўшых шляхоў пашырэння краязнаўчых матэрыялаў бібліятэка часта выходзіць за межы ўласна бібліятэчных форм. У адносінах да краязнаўчай работы гэта заканамерна.
З 2013 года ў ЦРБ дзейнічае праект “Пяць хвілін з бібліятэкай”, у рамках якога забяспечваецца шырокае інфармаванне аб наяўнасці ва ўстанове бібліятэцы краязнаўчых матэрыялаў, аб правядзенні значных мерапрыемстваў. Усё гэта здзяйсняецца праз мясцовую газету, абласное і раённае радыё, з якімі мы шчыльна супрацоўнічаем.
Маларыцкая цэнтральная раённая бібліятэка сёлета адзначае 70-годдзе. Яшчэ летась мы стварылі цікавую экспазіцыю, прысвечаную развіццю бібліятэчнай справы ў горадзе. Прадстаўлены фотаздымкі, матэрыялы з архіва і за 70 гадоў. Размешчаны матэрыялы аб першых бібліятэкарах, ветэранах бібліятэчнай справы, актыўных чытачах, аповеды супрацоўнікаў аб працы з дня заснавання і да сёння. Супрацоўнікі праектнай групы “Мой любы горад Маларыта” падрыхтавалі і 18-хвілінны мультымедыйны відэаролік да 70-годдзя Маларыцкай раённай бібліятэкі.
Галіна КУЧЫНА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу