Для недасведчаных патлумачу, у чым сутнасць новай ідэі. Культура Міёршчыны аб’ядноўваецца з культурай Верхнядзвіншчыны, каб з кожнага боку вылучыць па дзясятцы найлепшых самадзейных выканаўцаў ды калектываў. Хто канкрэтна прыдумаў творчы праект “Лепшая дзясятка”? Як кажа Аляксандр Тронькін, селі яны з верхнядзвінскім калегам гарбаткі папіць і разам прыдумалі.
Як задуманае будзе ажыццяўляцца? Супольна. Сцэнарый конкурснага мерапрыемства плануецца стварыць за два дні. Спачатку зацікаўленыя бакі збяруцца, да прыкладу, у РДК Верхнядзвінска, потым — у РДК Міёраў. Зараз фарміруецца сумеснае журы складам у дзесяць жа чалавек, а таксама — выбіраюцца дваццаць лепшых салістаў і калектываў.
Па словах Аляксандра Тронькіна, праект будзе канчаткова рэалізаваны ў Верхнядзвінску, а распачнецца 4 лістапада ў Міёрах. І яшчэ адна немалаважная дэталь: з дваццаткі лепшых будуць абраны два ўладальнікі Гран-пры. Прызы, запэўнівае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага райвыканкама, будуць такімі, што і пахвастацца імі будзе не сорамна. Дай бог, каб усё так і атрымалася.
Чаму дадзены праект пілотны? Таму што пры належнай раскрутцы, колькасць канкурсантаў “Лепшай дзясяткі” можа ўдвая павялічыцца. Інакш кажучы, да ўдзелу ў творчым свяце маюць сур’ёзны намер далучыцца прадстаўнікі Шаркаўшчыны і Браслаўшчыны. Мерапрыемства такім чынам набудзе статус міжрэгіянальнага. Аляксандр Тронькін з калегамі на гэтым спыняцца не збіраецца. Жарты жартамі, але калі фэст стане абласным ці рэспубліканскім, ён пярэчыць не стане. І для таго, каб “Лепшую дзясятку” заўважылі і на гэтых узроўнях, зробіць усё магчымае.
Але вернемся да рэальнасці. Чаканая карысць ад перспектыўнага праекта не толькі ў тым, што жорсткім адборам будуць вызначаны чатыры міжраённыя зоркі. Справа ў тым, што не менш прынцыповы кантроль ажыццяўляецца і пры папярэднім адборы самадзейных артыстаў для ўдзелу ў конкурсе. Такі падыход, пагадзіцеся, дысцыплінуе. Нездарма замежнікі нязменна здзіўляюцца: “Вашы аматары выступаюць лепш за прафесіяналаў!”. Пры такой у нечым завышанай (а дакладней — не заніжанай) планцы на справаздачныя раённыя канцэрты самадзейнасці публіка будзе прыязджаць з іншых месцаў. Прынамсі, у ведамасных ДК сталіцы платныя канцэрты сельскай і райцэнтраўскай самадзейнасці, як паказвае практыка апошнага часу, праходзяць з пастаяннымі аншлагамі. Тэндэнцыя, аднак.
І на зканчэнне вось пра што. Мы пастаянна кажам пра карысць экспарту рэгіянальнай культуры ў бліжняе ды дальняе замежжа. Але імідж культуры той жа Міёршчыны важна ўсяляк умацоўваць і за мяжой раёна, а таксама — Віцебскай вобласці. Сорамна не ведаць, што робіцца ў добрых суседзяў. У гэтым кірунку Міёры і рушаць.