Самае галоўнае, што Магілёўшчыну ў свеце цяпер добра ведаюць. У тым ліку і дзякуючы ўнікальнаму міжнароднаму форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Вось гэты рэсурс Хмялькоў з аднадумцамі і выкарыстоўвае напоўніцу. Да прыкладу, на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сацыяльна-культурная дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як умова станаўлення грамадзянскай супольнасці” ў Санкт-Пецярбургу ён гаварыў пра творчыя праекты, скіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі. Толькі адна цытата: “Менавіта традыцыйная культура заўсёды ляжала ў аснове фарміравання ідэнтычнасці нацыі і захоўвала інфармацыю аб нашых продках. На грунце гэтай інфармацыі кожнае наступнае пакаленне і фарміруе сваю будучыню”. З такой высновай не паспрачаешся.
Адбыўся, так бы мовіць, і абмен праблемамі. (Канферэнцыя праходзіла ў Палацы моладзі Санкт-Пецярбурга.) Яны, натуральна, аднолькавыя. Калі казаць сцісла, неабходна ад тэорыі (навуковага ўдасканалення метадалогіі навучання, скажам, у ДШМ) пераходзіць да практыкі (эфектыўнага выкарыстання інавацыйнага педагагічнага патэнцыялу і выкарыстання замежнага досведу). Расіян, да прыкладу, вельмі зацікавіла наша творчае праектаванне. Дарэчы, адным з ініцыятараў правядзення канферэнцыі выступіла Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Маючы процьму практычных напрацовак, мы не губляем ахвоту вучыцца. Ухвальна.
Цяпер — пра Міжнародны кангрэс фальклору і турызму, які праводзіўся ў іспанскім Орэнсе па ініцыятыве Міжнароднай фальклорнай асацыяцыі. Для даведкі: Беларусь уступіла ў апошнюю летась. Адразу займела з гэтага пэўныя бонусы.
На кангрэсе аналізавалася падрыхтоўка акцыі “Караван-2015”, што пройдзе ў чэрвені па шэрагу краін Еўропы. Сярод дзяржаў-удзельніц — і Беларусь. Летась “караваніла” Віцебшчына. Сёлета Магілёўшчына прэзентуе на “Караване” народны ансамбль народнай песні “Парадыз” з Асіповічаў. Удзельнікі кангрэса, у тым ліку і Алег Хмялькоў, прапанавалі, каб у наступным годзе акцыя прайшла і па Беларусі. Cпадзяёмся, што так яно і будзе. Лішне казаць, што выдаткі на дарогу і пражыванне беларусаў пад час вандроўкі бярэ на сябе аргкамітэт падзеі.
Яшчэ адна прыемная навіна: на чарговым кангрэсе Асацыяцыі, што адбудзецца ў кастрычніку, пройдзе ўручэнне “Залатой Зоркі” (своеасаблівы “Оскар” у галіне фальклору). Ёй будуць уганараваны прадстаўнікі Ізраіля, Францыі, Іспаніі, Італіі, Латвіі і Беларусі.
Больш за тое, краіны, якія ўваходзяць у Асацыяцыю, маюць права вылучаць свае калектывы на атрыманне звання “Міжнародны фальклорны ансамбль”. У кастрычніку сваё права выкарыстаюць Харватыя, Італія, Іспанія, Румынія, Сербія, Балгарыя. Па словах Алега Хмялькова, налета — чарга за Беларуссю. Бонусаў прыбавіцца, бо гэтае званне — як гарант прызнання ў свеце не толькі выканальніцкага майстэрства асобна ўзятага калектыву, але і традыцыйнай культуры нашай краіны ўвогуле.