Саліруюць Міхаіл Лявончык і Аляксандра Дзенісеня.
Адметнасцю сёлетняй “... Восені” сталі цымбалы — беларускія, бо разнавіднасцей інструмента з такой назвай у свеце існуе шмат. Нават адкрываўся фестываль, апошнім часам сціпла перайменаваны ў “цыкл канцэртаў”, вечарынай “Віртуозы цымбалаў” — з паўнюткай залай (ды яшчэ з прыстаўнымі крэсламі), вялікай колькасцю слухачоў-дзяцей, асабліва юных цымбалістаў. Бо з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя І.Жыновіча саліравалі Міхаіл Лявончык, які цяпер жыве і працуе ў Германіі, і Аляксандра Дзенісеня — удзельніца класічнага “Еўрабачання”, якая працягвае адукацыю ў Францыі. У фінале салісты выступілі дуэтам.
У Сашынай ігры былі асаблівая звончатасць, лёгкі “французскі” шарм, а пры выкананні Варыяцый Уладзіміра Жывалеўскага на тэму беларускай народнай песні “Павей, ветрык” у цымбалах чулася гучанне старадаўніх палацава-каралеўскіх інструментаў (лютні, клавесіна, віолы да гамба) і іх разнастайных злучэнняў-спалучэнняў. А якімі разнастайнымі, імпрэсіянісцкі каларыстычнымі паўсталі цымбалы ў Лявончыка — ад ледзь чутных шэптаў-шоргатаў да папраўдзе аркестравай паўнагучнасці, з абсалютнай натуральнасцю “маўлення”, калі самыя складаныя рытмаформулы паходзілі на нязмушаную гутарку. Выконваў ён і беларускую класіку — Другі канцэрт Дзмітрыя Смольскага, і ўласныя джазавыя апрацоўкі ды імправізацыі на беларускія народныя і аўтарскія тэмы.
На такім шыкоўным фоне яшчэ больш заўважнымі сталі не лепшыя тэндэнцыі, што апошнім часам усё больш пранікаюць у галоўны народны аркестр краіны: фальш, цяжкавагавасць, так званы “буйны памол”, дзе няма месца дэталізаванасці, дробным нюансам і трапнасці штрыхоў. Пэўна, згаданае выступленне з салістамі сусветнага рангу стане адпраўным пунктам да вызвалення калектыву ад пералічаных хібаў.
Свой праект у рамках “... Восені” прадставіла нястомная Вераніка Прадзед, якая з зайздросным запалам і крэатыўнасцю штогод здзіўляе сваіх прыхільнікаў усё новымі ды новымі праграмамі беларускай музыкі, запісваючы іх на кампакты, а штосьці і выкладаючы ў Інтэрнэце. Яе цяперашняя “Тэорыя струн” з’яднала цымбалы, фартэпіяна (па сутнасці, тыя ж “цымбалы” з малаточкамі, толькі ўнутры драўлянай “хаткі”), на якім іграла Кацярына Марэцкая, і гітару Паўла Кухты. Але ж галоўнымі былі струны душы кожнага з удзельнікаў і слухачоў, адгукаючыся на ўсе кампазітарскія задумы. Пры гэтым першае аддзяленне склалі беларускія творы (многія з іх — прэм’ерныя): Генадзя Ермачэнкава, які трагічна загінуў 10 гадоў таму, Галіны Гарэлавай, Віктара Капыцько, маладых Дзмітрыя Жура і Вячаслава Пяцько. У другім аддзяленні гучала музыка піцерскіх кампазітараў, у тым ліку натхнёная колішнім феерычным выступленнем Веранікі ў горадзе на Няве. Фіналам сталася “Concerto domestico” Андрэя Папова, пабудаванае на розных відах поліфаніі, дзе інструменты працягвалі адно аднаго, зліваючыся ў надзвычай гарманічнае струннае трыа.
Асаблівую ўвагу прыцягваў канцэрт, які завяршаў ранейшы цыкл “Усе санаты Бетховена для скрыпкі і фартэпіяна”. Бо з заслужаным артыстам Расіі Сцяпанам Яковічам (дарэчы, колішнім выхаванцам каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі) іграў мастацкі кіраўнік нашай філармоніі — прафесар Юрый Гільдзюк. Ён даволі рэгулярна выступае чуйным, далікатным канцэртмайстрам, штораз здзіўляючы тонкасцю інтэрпрэтацый і поўнай гармоніяй з тым ці іншым салістам. У 10-й санаце, пры ўсіх амаль рамантычных дыялогах-перазовах інструментаў, фінал быў прачытаны цалкам па-класіцысцку. У 8-й, пры аўтацытаце з мяцежнай трэцяй часткі “Месяцавай” санаты, панавала ідэальнае ўвасабленне “лагоднага” Бетховена, з усёй выразнасцю фартэпіянных трапятанняў, амаль балетнай пластычнасцю фраз, “маторнасцю” бетховенскага гумару.
Цудоўна, што юбілейная “Беларуская музычная восень” уключала і юбілейныя вечарыны знаных айчынных дзеячаў мастацтва. 85 гадоў з дня нараджэння Яўгена Глебава сталі нагодай да маштабнай (і, дададзім, ужо не першай) прэзентацыі на філарманічнай сцэне майстэрства выкладчыкаў і вучняў 10-й сталічнай музычнай школы, якая носіць імя гэтага кампазітара — і “апраўдвае” яго, бы вышэйшую ўзнагароду, не толькі руплівай падрыхтоўкай юных музыкантаў, але і традыцыямі правядзення ў сваёй зале канцэртаў беларускай музыкі для дзяцей і юнацтва.
У разнажанравую праграму “Прынашэнне настаўніку” вылілася ўшанаванне 90-гадовага прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Міхаіла Солапава. Ужо зараз ён — чалавек-легенда. Прайшоў Вялікую Айчынную, узрасціў не адно пакаленне слынных баяністаў — і ў Брэсцкім музычным каледжы, дзе яшчэ і дырэктарстваваў, і ў Акадэміі музыкі, дзе ўзначальваў кафедру. Ён і дагэтуль працягвае выкладаць, перадаваць вопыт маладым “акадэмікам”, сярод якіх — шматлікія лаўрэаты міжнародных конкурсаў, сапраўдныя зоркі нацыянальнага баяннага выканальніцтва. Цікавіцца ўсімі музычнымі навінкамі ды прэм’ерамі, часцяком выступае ў друку (у тым ліку, на старонках “К”) з разгорнутымі артыкуламі і рэцэнзіямі. Але яшчэ напярэдадні, стоячы ля афішы, дзе сярод удзельнікаў вечарыны значыліся Эдуард Ханок і Ігар Карнялюк, я раптам задумалася: цікава, ці было б такім гучным, папраўдзе “акордавым” тое ўшанаванне, калі б сярод вучняў юбіляра не значыліся вядомыя прадстаўнікі эстраднага мастацтва і расійскага шоу-бізнесу?..