Акадэмія фантазіі
У італьянскім горадзе Меццакарона — крыху больш за 5 000 жыхароў, а бібліятэка працуе 32 гадзіны на тыдзень. Цягам снежня калегі з публічнай бібліятэкі працуюць для жыхароў у “Акадэміі фантазіі”. Дарослыя і дзеці ў гэты час маюць магчымасць наведаць творчыя майстар-класы ды стварыць для сваіх родных калядныя падарункі.
Разам з Патрыцыяй
Горад Балбрыган знаходзіцца ў графстве Фінгал правінцыі Лэнстэру Ірландыі, а яго насельніцтва — каля 7 тысяч чалавек. Бібліятэка працуе 40 гадзін на тыдзень. З сярэдзіны снежня ў бібліятэку штодзень запрашаюцца дзеці на “Калядныя сустрэчы з Патрыцыяй”. Апошняя — супрацоўнік бібліятэкі і прафесійны псіхолаг — дамагае маленькім чытачам адчуць святочны настрой і пазнаёміцца з новай каляднай кнігай.
24х24
У нямецкім Нюрнбергу жыве больш як паўмільёна жыхароў. “Junge Bibliothek” — адна з гарадскіх — працуе 45 гадзін на тыдзень. Сёлета супрацоўнікі вырашылі павіншаваць сваіх чытачоў цікавым адвэнт-календаром з каляднымі фотаздымкамі. Штодзень пачынаючы з 1 снежня 24 бібліятэкары ставараюць 24 фотавіншаванні з асабістымі пажаданнямі.
Прыходзіць Санта
У румынскай сталіцы Бухарэсце пражывае больш чым 1,8 мільёна жыхароў. Адна ж з гарадскіх бібліятэк — імя Джоржда Тапырчану — працуе 60 гадзін на тыдзень. У час калядных святаў, двойчы на тыдзень, у бібліятэку прыходзіць Санта. Дзеці здзіўляюцца: адкуль ён ведае, хто які падарунак марыць атрымаць? Дарослыя шчыра ўсміхаюцца ім у адказ. А калі маленькія чытачы ідуць дадому, Санта запрашае да размовы за кубачкам кавы сваіх сяброў-бібліятэкараў…
68 гадзін на тыдзень
У горадзе Уінтэр-Парк амерыканскага штата Фларыда жыве звыш 27 тысяч жыхароў. Бібліятэка “Winter Park” працуе ажно 68 гадзін у тыдзень! Перад Калядамі ў бібліятэку абавязкова заходзіць Санта-Клаус. І не толькі для таго, каб павіншаваць чытачоў. Вядома, у гэты час у яго шмат працы. А каб святочныя падарункі атрымалі ўсе дзеці, трэба адсачыць тэрміновасць выканання заказаў.
Падрыхтавала Алена КАПЫТОК, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева, аўтар блога “Сельская бібліятэка”