Гаворка пра мабільны сэрвіс «Bibliobicicleta» (перакладаецца на беларускую мову накшталт “Велабібліятэка”) іспанскага горада Касентаіна. Каб прыцягнуць увагу да чытання, бібліятэкары сядаюць на веласіпеды і развозяць літаратуру па школах, іншых навучальных установах. Ініцыятыву падтрымаў і мэр гарадка. А ў нас такая форма працы — варыяцыя на тэму кніганошаў — існуе ўжо якое дзесяцігоддзе і ўспрымаецца цалкам будзённай з’явай.
А вось гарадская бібліятэка Нью-Ёрка прапанавала пасажырам тамтэйшага метрапалітэна альтэрнатыву інтэрнэт-сёрфінгу. Урэшце, доступу да Сеціва на большасці ліній проста няма. Сутнасць спецыяльнага сацыяльнага праекта бібліятэкараў у наступным: у вагонах цягнікоў усталяваны адмысловы дысплэй, які адлюстроўвае кніжную паліцу. Каб атрымаць твор, што зацікавіў, на свой планшэт альбо смартфон з чыпам NFC дастаткова паднесці гаджэт да пажаданага наймення. Што ж, таксама варыянт, які, дарэчы, у той ці іншай форме існуе ў розных краінах свету. А што ж наш метрапалітэн?
Ну і самы просты спосаб данесці кнігу — міні-чытальная зала ў зале чакання аэрапорта Амстэрдама. І ведаеце, яна карыстаецца заўсёдным попытам… Дарэчы, поруч з электроннымі носьбітамі чытаюць пасажыры і рэальныя кнігі.