І праграмы, прысвечаныя творчасці аднаго кампазітара (напрыклад, Валерыя Гаўрыліна — аднаго з найбольш цікавых расійскіх капмзітараў). І праекты пад назвай “Таццянін дзень”. І канцэрты “Музыканты жартуюць”, якія звычайна прэзентуюцца 1 красавіка. У мінулым сезоне “Музычная гасцёўня” запрасіла на паказ сатырычнай оперы Дзмітрыя Шастаковіча “Антыфармалістычныраёк”. Эксклюзіў тым большы, што гэты твор ніколі раней не гучаў у Мінску. Але апошні па часе праект, які меў зусім непрэтэнцыёзную назву “Ісак Шварц — да 90-годдзя з дня нараджэння”, падаўся ці не самым моцным.
Цікава, што на апошні праект білеты былі раскуплены даўно, адразу ж пасля аб’яўлення праграмы. Вядома, кожнага абазнанага ў музыцы слухача вабіла імя Ісака Шварца, выдатнага расійскага кампазітара. Ну хто не памятае ягоную музыку да славутых кінафільмаў? Хто з нас не напяваў гэтыя мелодыі, нават не ведаючы імя іх аўтара? Пералік прозвішчаў кінарэжысёраў, з якімі Шварц супрацоўнічаў (а ім напісана музыка больш як да 125 стужак), уражвае. Гэта І.Пыр’еў і М.Ром, С.Салаўёў і М.Губенка, А.Герман і П.Тадароўскі. А яшчэ Р.Нахапетаў, П.Лунгін, У.Бортка. Ісак Іосіфавіч пражыў доўгае жыццё — ажно 86 гадоў, памёр не так даўно, у 2009-м.
Цікава, што Уладзімір Мотыль, які нарадзіўся на Віцебшчыне, рэжысёр легендарных стужак “Белае сонца пустыні”, “Зорка чароўнага шчасця”, сказаў пра Ісака Іосіфавіча: “Я з асцярожнасцю ўжываю гэтае слова: геній. Але тут яно зусім дарэчы: Ісак Шварц быў геніяльным…”.
Праграма, паказаная ў Вялікай зале філармоніі, пераконвала ў тым кожным фрагментам. Эксклюзіўны музычны матэрыял у кожнай нотнай краме не набудзеш (тым больш, у нас іх бадай няма). Вечар адбыўся яшчэ і таму, што піяністку звязвалі з кампазітарам гады сяброўства. Ягоны папярэдні юбілей — 85-годдзе — таксама адзначаўся ў Беларускай філармоніі. У свой час, рыхтуючы праграму з сачыненняў Шварца, Таццяна Старчанка выправілася ў Расію, дзе за 70 кіламетраў ад Пецярбурга жыў Ісак Іосіфавіч. Напэўна, кампазітар адчуў шчырую захопленасць піяністкі ўласнай творчасцю. Дзякуючы гэтым сяброўскім кантактам мы і пачулі ў Мінску многія сачыненні кампазітара.
Усё ў гэтым праекце было прадумана, усё глыбока кранала. Разнастайнасцю стыляў і жанраў. Пазнавальнасцю музычнай мовы. Неверагоднай выразнасцю мелодый, якія міжволі выклікалі ў памяці кадры з любімых фільмаў…
Настроі і жанры вар’іраваліся. Уверцюра да кінафільма “Карусель” — лёгкая, жыццярадасна-гарэзлівая, увасобленая дуэтам Таццяны Старчанка і Дар’і Мароз (дарэчы, абедзве ўдзельнічалі ў Фестывалі імя І.Шварца, што ладзіцца ў Гатчыне).
Прагучалі ў праграме і самыя вядомыя з сумесных твораў Ісака Шварца і Булата Акуджавы: песня Верашчагіна “Ваше благородие…” з “Белага сонца пустыні”, “Песенька кавалергарда” з “Зоркі чароўнага шчасця”, песні з “Саламянага капялюшыка”. Разнастайныя, элегічна-пранікнёныя, дасціпныя, вытанчаныя вакальныя мініяцюры былі ўвасоблены салістамі оперы Таццянай Траццяк, Наталляй Акінінай, Андрэем Марозавым. Эстэтыка старадаўняга раманса натуральна злучылася з дэмакратычнасцю бардаўскай песні, а высокі стыль — з сучасна-іранічным поглядам на рэальнасць. Інструментоўкі, зробленыя для праекта Таццянай Траццяк для квінтэта “Серэнада” і кіраўніцай “Музычнай гасцёўні” для камернага ансамбля, падкрэслівалі прыгажосць тэмбраў кожнага інструмента.
Асобна варта сказаць пра два фрагменты з твора “Жоўтыя зоркі”. Гэта апошні значны сімфанічны твор кампазітара, які мае яшчэ адну назву — “Пурымшпіль у гета”. Ідэя сачынення нарадзілася ў кампазітара пасля знаёмства з дакументальнымі запісамі вязніцы каўнаскага гета: у іх узнаўляліся падрабязнасці святкавання вясёлага яўрэйскага Пурыма людзьмі, якія ведалі, што яны асуджаны… “Жоўтыя зоркі” — адзін з нямногіх музычных твораў, прысвечаных тэме Халакоста. А Мінск — адна з пяці сталіц свету, дзе гэтае сачыненне выконвалася. Кампазітар Алег Залётнеў зрабіў пералажэнне сімфанічнага твора для камернага ансабмля і двух фартэпіяна. Віртуозна выкананыя фрагменты з “Жоўтых зорак” найбольшае ўражанне рабілі кантрастам сцэн непадробнай весялосці і трагічнага ўсведамлення блізкай смерці… Гэты твор падаўся самай моцнай эмацыйнай і сэнсавай кульмінацыяй вечара.
Такія музычныя праекты дарагія. І таму, што інтэлігентнасці зашмат ніколі не бывае. І таму, што яны тонка ды ненавязліва будуюць у свядомасці сістэму мастацкіх каштоўнасцей. Нарэшце, глыбока кранаюць і ўзрушаюць. Застаюцца ў памяці. Музыка здольная вярнуць адчуванне маладосці ды шчасця. Хоць бы на дзве з паловай гадзіны...
Таццяна МУШЫНСКАЯ
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА