Сяргей ЛАЗНІЦА прыехаў на кінафестываль, каб прадставіць беларускім гледачам сваю другую поўнаметражную стужку “У тумане” на дадатковым паказе ў сталічным Доме кіно. Як высветлілася, рэжысёр у свой час атрымаў блаславенне на карціну ад Васіля Быкава. Некалькі разоў ён гутарыў з пісьменнікам па тэлефоне. І Лазніца атрымаў пажаданне ад Быкава: “Ні пуху, ні пер’я”.
У час візіту ў Мінск рэжысёр знайшоў чвэрць гадзіны, каб адказаць на пытанні карэспандэнта “К”.
— Сяргей Уладзіміравіч, мяркую, што гэтае пытанне гучала неаднойчы, але ж не магу не спытаць: чаму, калі гэта ўсё ж такі Васіль Быкаў, вы спынілі выбар на рускамоўнай версіі стужкі?
— На гэтае пытанне ёсць некалькі адказаў, і яны павінны гучаць адначасова. Па-першае, я, шчыра кажучы, беларускай мовы не ведаю, а для таго, каб рабіць такую карціну, я мушу яе добра разумець. Па-другое, дзе ўзяць адпаведных акцёраў, якія добра валодалі б беларускай мовай? Папрасіць усіх яе вывучыць і прымусіць размаўляць на ёй — гэта будзе адчувацца. Добра, Уладзімір Свірскі (выканаўца галоўнай ролі Сушчэні. — Д.А.) з Беларусі. А што рабіць з астатнімі акцёрамі? Хіба зрабіць так, як Фасбіндэр: стварыць гэткі “Антытэатр”, каб давесці акцёраў да пэўнага стану? Бо акцёр — гэта, у першую чаргу, “расцёрты” матэрыял, які вы бераце — і вам не трэба з ім працаваць. Ведаце, як казаў Хічкок: “Я з акцёрамі не працую. Я даю ім грошы — і ўсё”. Дзе знайсці такіх акцёраў? Я праводзіў у Беларусі кастынг і магу зазначыць, што праблемы з кандыдатамі былі. Не хачу нікога крыўдзіць, але людзей, якія былі мне патрэбны на ролі, я не знайшоў. А каго з беларускіх акцёраў вы маглі б прапанаваць у якасці галоўных персанажаў аповесці Быкава?
— Гэта складанае пытанне, над ім, шчыра кажучы, трэба падумаць…
— Падумайце. Магчыма, тых людзей я проста не сустрэў. І далучыце яшчэ трэцяе пытанне, якое таксама мае вялікае значэнне для фільма, — прадзюсарскае: на якую тэрыторыю вы плануеце распаўсюджваць карціну. На рускай мове размаўляюць 250 мільёнаў чалавек — пагадзіцеся, што перавага тут відавочная.
— “Ідзі і глядзі” Элема Клімава, напрыклад, быў двухмоўным…
— Так, там было двухмоўе, але ў асноўным — руская мова. Я разумею, чаму тут узнікае дадзенае пытанне, але лічу, што ўсё ж не гэта галоўнае ў карціне.
— Справа ў тым, што вам удалося стварыць надзвычай аб’ёмнае ўражанне гэтай гісторыі. Выдатная праца аператара, мастака… А работа гукарэжысёра Уладзміра Галаўніцкага ўвогуле заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі! Аднак ваша датклівае стаўленне да гуку выявіла дзіўны момант успрымання гаворкі герояў: яны нібыта дэкламуюць тэкст. У сувязі з гэтым ужо нарадзілася версія: вы імкнулся ўзняць гэтую нацыянальную гісторыю на ўзровень наднацыянальны, так бы мовіць, узровень антычнай трагедыі…
— Магчыма, камусьці здаецца, што героі размаўляюць нібыта занадта літаратурна. Але гэта тэкст, які быў у аповесці, я не адышоў ад літаратурнай крыніцы ні на ёту. А наконт антычнай трагедыі... Гэта ілюзія меркаваць, што мы з вамі бачым адну і тую ж карціну. У гэтым і ёсць каштоўнасць кіно: яно канчаткова выбудоўваецца ва ўяўленні гледача. Антычная трагедыя — не зусім тое, што задумваў, але стужка — трагедыя.
— Што для вас было самым складаным пад час працы на гэтай карцінай?
— Анджэй Вайда лічыць, што рэжысёр павінен двойчы прасіць дапамогі ў Бога: калі выбірае тэму сваёй будучай стужкі і калі выбірае акцёра на галоўную ролю. Усё астатняе — справа тэхнікі і досведу. Што ж да практычных складанасцей… Напрыклад, масоўка ў 250 чалавек, дождж пад час здымак, тыя ж абмежаванні, якія накладвае бюджэт... Удзень мы здымалі па пяць карысных хвілін, часам — па сем, як многастаночнікі. Па сутнасці, такім чынам здымаюцца серыялы. І ацаніць ды зразумець, што адбываецца ў момант здымак, было дастаткова складана. Чалавек — гэта інертная істота, і неабходны пэўны час, каб зразумець, што вы знялі і наколькі гэта адпавядае вашай задуме. У мяне гэтага часу не было. Але гэта тэхналагічныя рэчы…
— Чым для вас была важная гэтая тэма?
— Проста, я лічу яе актуальнай. Як казаў Макс Фрыш: “Паколькі ўсё даўно сказанае так ніхто і не пачуў, даводзіцца паўтараць зноў і зноў”. Лічу тэму актуальнай, як і, напрыклад, Томас Уітэнберг лічыць важнай гісторыю пра мужчыну, на якога ўзвялі паклёп у невялікім гарадку: распаўсюдзілі чуткі, што ён педафіл. Таму што мы жывём у грамадстве, якое не знайшло выйсця з падобных сітуацый, якое структуравана такім чынам, што стварае гэтыя складаныя сітуацыі. І няўжо не цікава тое, якім чынам саслізвае нібыта выдуманая гісторыя ў наша жыццё?
— Вам не хацелася змяніць фінал напрыканцы карціны? Многія рэжысёры дазвалялі сабе адыход ад першакрыніцы…
— Гэта іх асабістая справа. Для мяне замяніць фінал — здрадніцтва. Я хацеў дакладна ўвасобіць думку Васіля Быкава — дзеля гэтага стужка і рабілася. Вы разумееце, што гэты адзін гук і выражае гэтую думку: чалавек робіць той выбар, таму што інакш ён не можа, не бачыць іншага шляху. А калі прыбіраеш гук стрэлу — усё змяняецца…
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА