У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка твораў польскага плакатыста Лешэка Жэброўскага. На радзіме ён — постаць легендарная. Пра такіх прынята казаць: “жывы класік”.
Выхаванец Вышэйшай школы выяўленчага мастацтва ў Гданьску паспрабаваў сябе ў розных якасцях: ён займаўся станковай графікай, жывапісам, сатырычным малюнкам, мастацкімі акцыямі. Для іншых гэткі дыяпазон скончыўся б творчым крызісам, а Жэброўскага толькі ўзбагаціў досведам, які аказаўся вельмі дарэчы, калі мастак нарэшце вызначыўся адносна таго, што ён хоча сказаць у творчасці. У кожнай са згаданых вышэй намінацый Лешэк Жэброўскі мае выдатныя дасягненні, аднак галоўнай справай ягонага жыцця стала мастацтва плаката, у якім ён увасобіў шматаблічнасць сваёй натуры і парадаксальнасць мыслення. Сучасны плакат — з’ява, лічы, неабсяжная. Жэброўскі выбраў сваёй дзялянкай культурную тэматыку.
Недзе ў 1970-х гадах у заходнім мастацтве плаката акрэсліліся і гучна заявілі пра сябе тры мастацкія школы: амерыканская, дзе дамінавала выяўленчая і сэнсавая канкрэтыка, што ідзе ад гандлёвай рэкламы; па-эстэцку вытанчаная, пабудаваная на пачуццёвых нюансах, — японская; і, нарэшце, польская, галоўныя чыннікі якой — парадаксальнасць, смелая метафарычнасць, здольнасць “зачапіць” гледача, завалодаць ягонай увагай.
Гэтыя асаблівасці нацыянальнай школы яскрава выяўлены і ў творчасці Лешэка Жэброўскага. На сённяшні момант ён — аўтар больш як 360 плакатаў, большасць з якіх, калі іх пазбавіць тэкставай часткі, можна лічыць жывапіснымі палотнамі альбо станковымі аркушамі. Яны не толькі інфармуюць гледача пра тую або іншую падзею, але і, найперш, ствараюць вобраз спектакля, выстаўкі, фэсту — вобраз запамінальны, прыцягальны.
Часам Лешэк Жэброўскі працуе “на грані фолу”, але мяжы не пераходзіць. Яго называюць “партрэтыстам у плакаце”, і ягоным творам насамрэч уласцівы псіхалагізм. А сярод эстэтычных арыенціраў мастака, мяркуючы па мінскай экспазіцыі, на першым месцы, — сюррэалізм.
Лешэк Жэброўскі неаднойчы прымаў удзел у сусветных аглядах плакатнага мастацтва. Нягледзячы на актыўную творчую працу, майстар знаходзіць час вучыць моладзь: ён прафесар — Акадэміі мастацтва ў Шчэціне.
П.В.
На здымках: работы Лешэка Жэброўскага.