На старонках "К" мы не аднойчы звярталіся да актуальных пытанняў існавання народных тэатраў. Гэтым разам чарговую нагоду для працягу размовы даў VI Фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва "Святло рампы", які днямі завяршыўся ў Магілёве і сабраў дванаццаць творчых калектываў горада і ўсёй рэспублікі. Акрамя традыцыйнага конкурснага "спаборніцтва" паміж калектывамі, магістральнай тэмай "Святла рампы" стаў своеасаблівы комплексны маніторынг таго, якім жа чынам развіваецца сёння аматарскае тэатральнае мастацтва, у якіх накірунках яно бачыць свае перспектывы і што з былых традыцый у сучасных рэаліях цалкам страчвае сваю актуальнасць? Тым больш, што аматарскі статус сам па сабе, з аднаго боку, абавязвае больш пільна і трапятліва ставіцца да гэтага занятку, але ж з іншага - не дае аніякіх гарантый і стабільнасці ў плане забеспячэння самога творчага працэсу.
Разбурэнне міфалогіі
Прыемна было адзначыць, што пад час фестывалю былі абвергнутыя некаторыя стэрэатыпы, якія традыцыйна прымяняліся да сферы аматарскага тэатра. Адзін з іх - надзвычайны дэфіцыт у народных тэатрах мужчын: маўляў, усе яны займаюцца заробкам грошай і не маюць часу на акцёрства. Аказалася, што ў рэальнасці сітуацыя выглядае зусім інакш: часам, назіраючы за выступленнямі калектываў, думалася, што фактуры і палкасці сцэнічнага існавання не аднаго з акцёраў-аматараў маглі б пазайздросціць многія з прафесійных рэгіянальных тэатраў. Прычым, што прыемна, значную катэгорыю складаюць людзі, так бы мовіць, сярэдняга ўзросту - тыя, хто ўжо мае пэўную прафесійную ды побытавую стабільнасць і на гэтым фоне знаходзіць для сябе ў тэатры дадатковую аддушыну для ўласных творчых праяўленняў.
Яшчэ адзін міф, які на паверку аказваецца ўсяго толькі зручнай пазіцыяй для таго, каб нічога не рабіць, - тэзіс пра адсутнасць у аматараў годнай для пастаноўкі драматургіі. Афіша фестывалю паказала, што галоўная рэпертуарная "праблема" - адсутнасць імпэту ў кіраўнікоў калектываў. І гэта яскрава высвеціў досвед тых удзельнікаў фестывалю, якія, як магілёўскія народны тэатр Палаца культуры вобласці са спектаклем "Выйсце крыніц" У.Караткевіча альбо народны яўрэйскі тэатр "Шалом" з пастаноўкай "Вуліца Шалом-Алейхема, 40" А.Ставіцкага, знайшлі для сябе цікавы матэрыял сярод класічных твораў. Альбо, як народны тэатр з Жодзіна са спектаклем "Аднакласнікі" Ю.Палякова ці народны тэатр з Брэста са спектаклем "Свінячыя выбрыкі" А.Богдана, накіроўваюць увагу ў бок сучаснай драматургіі, у тым ліку і беларускай, дзе можна адшукаць тэмы, актуальныя і сугучныя з днём сённяшнім. Ці, прыкладам, можна было б узяць на ўзбраенне вопыт народнага маладзёжнага тэатра "Легіён" з Мазыра. Пераважная частка яго рэпертуару ствараецца кіраўнікамі калектыву адмыслова з улікам творчых магчымасцей трупы.
Аматарскі тэатр - гэта...
Як зазначыў старшыня журы, рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Віктар Куржалаў, дыяпазон тэатральных работ, прадстаўленых у фестывальнай афішы, з'яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем тых запатрабаванняў, якія сённяшні актыўны глядач прад'яўляе да тэатраў прафесійных. Іншымі словамі, усе тыя крытычныя заўвагі, што прафесіяналы звычайна прад'яўляюць аматарам, на самой справе - патрабаванні гледачоў-аматараў да рэпертуарных тэатраў, да таго, што яны жадаюць убачыць на сцэне.
У гэтым сэнсе відавочна вылучаюцца дзве тэндэнцыі. Першая - імкненне да "паўнавартаснага" тэатральнага дзейства, дзе будзе дастаткова магчымасцей для выкарыстання эфектных візуальных сродкаў (багатых дэкарацый, відэапраекцый, што актыўна пранікаюць і ў аматарскі тэатр, і г.д.), актыўная экспансія элементаў кінематографа і шоу-бізнесу, да якіх прафесійныя тэатры прывучаюць сваіх гледачоў на працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў. Другая - кірунак у бок вяртання на сцэну тэатра моцных псіхалагічных перажыванняў, якія забяспечваюцца коштам драматургічнага напружання, вострых дыялогаў і палкіх маналогаў, закліканых стварыць уражанне пераемнасці традыцый класічнага псіхалагічнага тэатра. І адзін, і другі кірункі маюць як відавочныя плюсы, так і прыхаваныя падводныя камяні, якія выплываюць тады, калі знешняя форма засланяе галоўную, сутнасную прыроду тэатральнай творчасці - уменне наладжваць на сцэне кантакт паміж персанажамі.
Традыцыі і мода
Калі хтосьці засумняваецца ў тым, што аматарскі тэатр - гэта модна, варта толькі пазнаёміцца з мазырскім "Легіёнам", і сумненні знікнуць цалкам. Актыўны малады калектыў, сярэдні ўзрост удзельнікаў якога набліжаецца да 40 гадоў, прадэманстраваў усім прыхільнікам фестывалю не толькі творчы імпэт, якога, балазе, было на "Святле рампы" дастаткова, але і сучасны маркетынгавы падыход, чаго часам так не стае іншым аматарам, прычым не толькі ў галіне тэатральнага мастацтва. Пра сур'ёзнасць творчых прэтэнзій і грунтоўнасць уласных намераў мазыране заявілі не толькі пастаноўкай спектакля "Пра Фядота" Л.Філатава, але ж і адносінамі да свайго занятку, тым драйвам, які яны прывезлі ў Магілёў - разам з рэкламнай прадукцыяй у выглядзе яркіх праграмак, прома-дыскаў, банера з партрэтамі акцёраў тэатра. А ўжо завітаўшы на інтэрнэт-сайт "Легіёна", можна пазнаёміцца з амаль вычарпальнай інфармацыяй аб самім калектыве. Думаецца, уся гэтая дзейнасць, якую праводзіць мазырскі калектыў,- цудоўны ўзор для пераймання ўсім тым, хто вырашае, з чаго ж пачаць папулярызацыю ўласных творчых эксперыментаў і пошук сталай базы для існавання. Перадусім, не толькі матэрыяльнай, але і ідэалагічна-творчай.
У гэтым сэнсе цікавым калектывам - удзельнікам "Святла рампы" стаў народны тэатр з Брэста, які сёлета адзначае сваё 50-годдзе. Калектыў, які працуе на базе ДК Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі, аказваецца, "сумясціў" у адным выступленні ажно два фестывалі- "Святло рампы" і фестываль-конкурс "чыгуначных" народных тэатраў. Прадэманстраваўшы, што падобныя калектывы ў рамках такіх ведамасных структур, як Беларуская чыгунка, не толькі не з'яўляюцца чымсьці накшталт "апендыксаў", а наадварот, маюць магчымасць развівацца і наладжваць кантакты не толькі на творчым, але нават і на карпаратыўным узроўні. А гэта значыць, што творчая ініцыятыва здольная даваць плён у любым структурным "атачэнні", галоўнае - шчырае і пастаяннае жаданне займацца тэатральнай творчасцю.
■ ■ ■
Падвядзенне фестывальных вынікаў для журы - рэч заўсёды няпростая, асабліва, калі на абмеркаванне прадстаўленыя не прафесіяналы, патрабаванні да якіх вядомыя і зразумелыя, а аматарскія групы, кожная з якіх кіруецца ў сваім творчым руху пэўнымі задачамі, важнымі і актуальнымі, магчыма, толькі для яе асабістага жыцця. І той факт, што тэатры - удзельнікі "Святла рампы" ўжо адным сваім удзелам у конкурсе сталі пераможцамі, не выклікае аніякіх сумненняў.
Ды ўсё ж выбар журы, якое Гранпры фестывалю прысудзіла ўзорнаму тэатру "Рэха" ДШМ № 1 г.Магілёва за спектакль "Хлопчык на даху, або Дзіравы парасон" К.Ткачовай, стаўся для многіх канкурсантаў нечаканасцю. Здавалася б, у параўнанні з яркімі і маштабнымі пастаноўкамі аршанскіх аматараў, мазыран, жодзінцаў ці іншых калектываў-удзельнікаў, магілёўскія школьнікі выглядалі вельмі сціпла і някідка. Аднак ім, разам з кіраўніком Наталляй Дурэйка, удалося схапіць, адчуць і прадэманстраваць нам, гледачам, адну з найважнейшых задач, якія вырашаў і мусіць вырашаць ва ўсе часы тэатр, - уменне наладжваць кантакт паміж людзьмі. Уменне бачыць і чуць адзін аднаго на сцэне, размаўляць з дапамогай аўтарскіх дыялогаў, а не прамаўляць іх - вось тыя азы, дзякуючы якім сціплае з пункту гледжання яркасці і квяцістасці сцэнічнае дзеянне сталася такім глыбокім і важным. І калі дзякуючы такім аматарскім спектаклям, як гэты, людзі не толькі на сцэне, але і ў глядзельнай зале навучацца бачыць і чуць адзін аднаго, можна лічыць, што высокая місія тэатральнага мастацтва выкананая.
На здымку: сцэна са спектакля "Хлопчык на даху..." тэатра "Рэха".
Фота Васіля ЦІТОВА
Л і ч б ы і ф а к т ы
Паводле інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на 7 снежня 2011 года ў краіне існуе 2871 аматарскі калектыў тэатральнай творчасці. Сярод іх 1815 - дзіцячыя. Усяго ў падобных тэатрах удзельнічаюць 28727 чалавек, больш за 18 тысяч з якіх- дзеці. Аматарскіх калектываў тэатральнай творчасці, што маюць званне "народны" ці "ўзорны", у Беларусі на сёння 176. Шэсць народных тэатраў уганараваны найменнем "заслужаны".