На першай сустрэчы сяброў "Лістапада", якая адбылася 14 кастрычніка, глядзелі "Масакру" Андрэя Кудзіненкі і абмяркоўвалі за гарбатай патэнцыял маладога беларускага кіно на фоне кінарынку Еўропы і Азіі, які цяпер дынамічна развіваецца, а таксама выказалі свае эмоцыі і чаканні напярэдадні беларускага кінафоруму. Другая вечарына - 19-га - была прысвечана знаёмству з творчасцю беларускіх кінарэжысёраў-пачаткоўцаў - студэнтаў і выпускнікоў творчых ВНУ, удзельнікаў айчынных і міжнародных конкурсаў у сферы візуальных мастацтваў.
Змяніў сваё аблічча і афіцыйны сайт Мінскага міжнароднага. Замест старога дызайну, які з'явіўся два гады таму і быў прызнаны большасцю карыстальнікаў Сеціва не самым удалым, ён атрымаў новае, больш стыльнае афармленне.
Паводле інфармацыі дырэкцыі форуму, фарміраванне конкурсных і пазаконкурсных праграм амаль завершана. Іх дакладны выгляд будзе прадстаўлены грамадскасці на прэс-канферэнцыі 26 кастрычніка, якая пройдзе ў сталічным кінатэатры "Цэнтральны" - на галоўнай фестывальнай пляцоўцы "Лістапада2011". А першай стужкай, што ўпрыгожыць цырымонію адкрыцця форуму 5 лістапада, стане адна з самых нашумелых карцін гэтага года - "Алена" расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава, які разам са здымачнай групай, як мяркуецца, прадставіць фільм у Палацы Рэспублікі.
Атрымаўшы чарговы прэс-рэліз ад дырэкцыі фестывалю і звярнуўшы ўвагу на шматлікія лагатыпы спонсараў форуму, вырашылі пацікавіцца ў прадстаўнікоў гэтых кампаній прынцыпамі падтрымкі культурных мерапрыемстваў. Прынамсі, практычна кожны з партнёраў Мінскага міжнароднага так або інакш падтрымлівае шэраг іншых культівэнтаў. Сёння некалькі пытанняў мы адрасавалі начальніку ўпраўлення маркетынгу і продажаў РУП "Белтэлекам" Вользе ВІТКОЎСКАЙ.
- Як даўно развіваецца супрацоўніцтва з Міжнародным кінафестывалем "Лістапад"?
- Супрацоўніцтва кампаніі "Белтэлекам" з кінафестывалем пачалося шэсць гадоў таму, калі мы аб'ядналі свае намаганні, каб стварыць адзін з самых яркіх культурных праектаў краіны. Пазней мы заснавалі спецыяльны прыз "На сувязі з жыццём", які штогод уручаем рэжысёру ўпадабанай фестывальнай стужкі. Кампанія заўсёды з вялікай цікавасцю назірае за развіццём сітуацыі пад час конкурсных паказаў кінафоруму - усе фільмы годныя і ўнікальныя, - і з задавальненнем далучаецца да рашэння гледачоў і журы.
- Чаму менавіта "Лістапад"?
- Беларускі кінафорум - адна з самых значных культурных падзей міжнароднага маштабу ў нашай краіне. А кінематограф, як і тэлефон, мае больш чым стогадовую гісторыю развіцця і з'яўляецца адным з тых вынаходстваў, якое зрабіла чалавецтва духоўна развітым і, не пабаюся гэтага слова, шчаслівым. Зрэшты, мы здаўна імкнёмся падтрымліваць розныя культурныя мерапрыемствы, якія нясуць эстэтычную каштоўнасць і спрыяюць пранікненню духоўнасці ў жыццё кожнага чалавека.
- Такім чынам, ваша формула культурнага складніка паняцця "сацыяльная адказнасць бізнеса".
- Для нас сёння становіцца ўсё больш відавочным той факт, што поспех на рынку шмат у чым залежыць ад аб'ёму інвестыцый кампаніі ў сацыяльную сферу краіны. Як паказвае практыка, высокая карпаратыўная сацыяльная адказнасць дазваляе сфарміраваць станоўчы імідж прадпрыемства. У год "паўналецця" "Лістапада" кампанія "Белтэлекам" жадае ўсім гледачам прыемных праглядаў, журналістам - плённай і цікавай працы, арганізатарам фестывалю - поспехаў і росквіту!..
С.А., Д.А.