Як паведаміла карэспандэнту "К" прэссакратар тэлеканала АНТ Таццяна Курбат, перанос даты правядзення фінальнай цырымоніі ўзнагароджання не паўплывае на якасць будучага шоу. "Весці фінал будуць сем пар вядучых, - увяла ў падрабязнасці дзеі Таццяна Курбат,- і ўпершыню ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання будзе пачынацца з дэфіле тэлевізійных зорак па "чырвонай дарожцы".
Што да непасрэдна плёну дзейнасці беларускіх тэлевізійшчыкаў, то сёлета на ўдзел у вядомым конкурсе было пададзена 228 заяў ад 47 тэлерадыёарганізацый. У фінал прайшлі 84. Па словах Таццяны Курбат, найвялікшую інтрыгу ў вызначэнні лепшых трымаюць намінацыі "Лепшая музычна-забаўляльная праграма", "Лепшы тэлевізійны дакументальны фільм", "Лепшы рэпарцёр", "Лепшы тэлевізійны прадзюсар". "Апошняя намінацыя, - удакладняе прэс-сакратар АНТ,- была ўведзена ў конкурс толькі летась, але яна ўсё больш "набірае абароты" з-за актуальнасці і запатрабаванасці гэтай прафесіі.
Не абыдзецца сёлетняе шоу і без намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый". Кожны тэлеканал вылучыў па два прэтэндэнты. За іх прагаласуе глядач.
А кульмінацыяй імпрэзы, натуральна, мусіць стаць выбар уладальніка Гран-пры- прызнанне "Лепшага тэлевізійнага праекта года". Пройдзе ж фінал "Тэлевяршыні" ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі.