З прыгодніцкім антуражам
Сустрэча з Таццянай Бандарчук адбываецца ў адным з невялічкіх домікаў-блокаў. Справа ад "кабінета дырэктара"- вялікі шацёр-шапіто, дзе сёння ладзяцца прадстаўленні, злева - невялічкая загародка, дзе апетытна штосьці жуе сімпатычны чорна-белы поні. Па шчырасці, у мяне ўзнікае адчуванне, што я знаходжуся ў старым добрым кіно пра цырк - у рамантычна-прыгодніцкім антуражы, з той толькі розніцай, што "цырк на колах" спыніўся ў самым цэнтры Мінску. "Вось у такіх палявых умовах мы зараз жывем, - распавядае заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, акадэмік Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Расіі, старшыня Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту,- але няхай нікога з гледачоў не засмучаюць вымушаныя нязручнасці. Разумею, што гледачам вельмі нялёгка рашыцца прыехаць не ў стацыянарны цырк, але дарэмна вагаюцца - у шапіто ёсць свая "разыначка", ды прадстаўленні ў нас - самыя-самыя".
Задаю галоўнае пытанне дырэктару цырка: на якім этапе рэканструкцыі зараз знаходзіцца галоўны будынак цырка? - Падкрэслю, сёння ў нашым славутым цырку рэканструкцыя вядзецца "па поўнай праграме". Можна сказаць, што, нягледзячы на ўсе клопаты з нашым "часовым становішчам", разумеем: зараз творыцца гісторыя цырка. І лічу, што гэта значная падзея ХХІ стагоддзя ў жыцці Мінска і не толькі - нараджэнне новага цырка. І справа нават не ў тым, што 51 год наш будынак -нестандартны, прыгожы - не рамантаваўся, а ў тым, што час дыктуе змены - і цыркавое мастацтва не стаіць на месцы. Развіваецца спорт, мастацтва, а цырк - гэта сінтэз усяго: музыкі, прыгажосці, тэхналогій, трукаў,- і выспела патрэба крочыць наперад. Новы будынак - гэта проста неабходная пляцоўка для нашага далейшага творчага развіцця. Мы - незалежная краіна, і нам патрэбна мець незалежны цырк. Сучасны, яскравы, высокатэхналагічны. Я шчыра дзякую ўсім, хто прымае ўдзел у гэтым.
18 метраў над арэнай
- Што сёння адбываецца на рэканструкцыі? Мы, дарэчы, ужо можам бачыць дах новага будынка за старым цыркам...
- Так, у нас з'явілася новая арэна- фактычна другі цырк. Што гэта за пабудова? Справа ў тым, што раней нам прыходзілася ўсё рабіць на адной цыркавойарэне - спалучаць рэпетыцыі, бягучыя праграмы, тыя праграмы, якія рыхтуюцца да гастроляў, падрыхтоўкі маладых выканаўцаў беларускага калектыву... Нарэшце, гэта праблема вырашана: зараз будуецца новы асобны рэпетыцыйны манеж, дах якога вы і маглі бачыць за цыркам. Арэну нашага галоўнага будынка мы пакінем для цыркавых прадстаўленняў. А новы манеж - для рэпетыцый. Тут нашы артысты будуць ствараць, нараджаць нумары. Што ж будзе цікавага ў новым будынку? Уласна, манеж з высокім (18 метраў) купалам - з магчымасцю падвескі для паветраных нумароў. Як кажа Таццяна Мікалаеўна, гэта для ўстановы вельмі важна. Новы будынак толькі трошачкі саступае старому. Яшчэ ў арэне прыгожым амфітэатрам размешчаны грымёркі, ёсць кафэ, трэнажорная зала, зручныя падсобныя памяшканні... Нарэшце, калектыў цырка зможа праводзіць рэпетыцыі, не перашкаджаючы праграме, якая будзе ў нас на гастролях. За межы асноўнага будынка вынесена білетнае бюро. Фактычна, гэта будзе інфармацыйны цэнтр установы, дзе можна знайсці ўсю неабходную інфармацыю пра цыркавыя прадстаўленні, артыстаў, натуральна, набыць білеты, у тым ліку і электронныя. Там жа адкрыецца і крама цыркавых тавараў. Запланавана і размяшчэнне ў білетным бюро манітораў, на якіх будуць дэманстравацца рэкламныя ролікі бягучых праграм. Што да асноўнага будынка, ён мадэрнізуецца максімальна. Акрамя таго, што фае цырка будзе ўпрыгожана фрэскамі, атрымае сваё мастацкае аздабленне і стане высокатэхналагічным галоўны манеж. У гмаху будуць чатыры зменныя арэны - эстрадная падлога, класічны манеж, танцавальны паркет, каб праводзіць міжнародныя спаборніцтвы па тых жа спартыўных танцах, музычныя шоу, і лядовая арэна. Распрацоўшчыкі праекта вельмі шмат працавалі над гэтым - і новыя тэхнічныя магчымасці ўражваюць. З'явіцца, скажам, басейн, які будзе падымацца і апускацца. Можна сказаць, пасля рэканструкцыі аналагаў падобнага цыркавога будынка не прыгадаю.
Колькі рэпетыцый праводзяць за дзень?
- Таццяна Мікалаеўна, але, як вы самі казалі, новыя тэхнічныя магчымасці - гэта неабходная пляцоўка для нараджэння новага цырка. Неабходная - але не вырашальная. Бо сам цырк ствараеццаартыстамі...
- Вядома! Мы яшчэ не паспелі атрымаць новы будынак, а зрабілі ўласны праект. Зараз наш асноўны калектыў знаходзіцца на гастролях у Карэі - у Сеуле. Прывезлі мы гэтай надзвычай дасведчанай у цыркавым мастацтве публіцы спектакль "Шчаўкунок". Гэта атамная сумесь балета, спорту, цырка пад музыку П. Чайкоўскага - усё з неверагодна прыгожай падачай. Аўтар сцэнарыя, пастаноўкі, прадзюсер шоу - Сяргей Бандарчук. Тут задзейнічаны артысты балета - навучэнцы Беларускага харэаграфічнага вучылішча, артысты беларускага цырка і нашы юныя зорачкі спорту. Прадстаўленне яскравае, чароўнае, сучаснае. Што, у рэшце рэшт, прапаноўвае сучасны сусветны цырк? Сёння ўсе гавораць пра канадскі цырк Дзю Салей. Ён дэманструе неверагодныя магчымасці чалавека. Гэта цырк, дзе няма жывёл, а ёсць толькі майстэрства асобы, прыгажосць, музыка. Ёсць шоу, заснаванае на найноўшых тэхналогіях і дасканалым валоданні целам. Гэта, можна сказаць, ужо цырк ХХІІ стагоддзя.
Такі падыход - стварэння яскравага шоу - мне заўжды быў вельмі блізкі. У нашым цырку - адным з першых - з'явілася харэаграфічная група, свой балет, які адначасова стварае дэкарацыю і дэманструе майстэрства. Мне заўжды падабалася эклектыка ў спектаклі: наша новае прадстаўленне зроблена з улікам сусветных тэндэнцый. Па сутнасці, для развіцця нам не хапала толькі сучасных тэхналогій. З рэканструкцыяй цырка гэтыя магчымасці становяцца ўсё большымі. Дарэчы, мне ўчора тэлефанаваў з Сеула Сяргей Бандарчук і казаў, што яны, рыхтуючыся да прэм'еры, робяць па 14 прагонаў на дзень. Уявіце! Не шкадуюць сябе, таму што разумеюць: гэтым спектаклем яны прадэманструюць новы ўзровень беларускага цырка, зробяць піар нашаму цыркавому мастацтву і краіне. Спадзяюся, што мы хутка пакажам "Шчаўкунка" ў Беларусі.
Да адкрыцця цырка засталося...
- Дык калі ж адкрыецца новы цырк?
- Будоўля зараз у самым разгары. І, як ні хочацца мне наблізіць час завяршэння рэканструкцыі, дакладна ўсведамляю: усё павінна быць зроблена "на выдатна". Мы карэктуем праектныя планы, бо мастацкае аздабленне павінна спалучацца з бяспекай. Калі не зрабіць крукі, танажнае мацаванне, падвеску верхнягакупала правільна - цырк ператворыцца ў проста прыгожы будынак. Хачу выказаць удзячнасць усёй праектнай групе, якая з павагай ставіцца да ўсіх нашых заўваг. Яшчэ ў планах цырка і ўзвядзенне гасцініцы для артыстаў, маладых талентаў, якіх абавязкова, мабыць, у межах пэўнага конкурсу, будзем шукаць па ўсёй рэспубліцы. А калі пераможцы прыедуць да нас - дзе ім жыць? Тут мы павінны пралічыць усё. Таму, вымушана вас расчараваць, адкрыццё новага цырка адбудзецца не раней чым праз год. Але калі цырк адкрыецца - гэта будзе новая старонка яго гісторыі.
На здымках: рэканструкцыя цырка ідзе поўным ходам.
Фота Юрыя ІВАНОВА