Калі ў 1995 годзе мне ўпершыню давялося рабіць інтэрв’ю для “К” з Эдуардам Сямёнавічам, яго “тэорыя хваляў” яшчэ толькі распрацоўвалася. За прамінулы час яна паспела займець сваю “доказную базу”, уласную тэрміналогію і... скандальны розгалас. Не так даўно пачынальнік “хвалязнаўства” завітаў у рэдакцыю “К”, каб прэзентаваць на наш суд чарговы прадукт сваёй працы — кнігу пад назвай “Пу-га-чоў-шчы-на. Дзесяць год пасля”.
Беларускі кампазітар стварыў бескампраміснае аўтарскае даследаванне працэсаў развіцця постсавецкай папулярнай музыкі, якое прачытваецца на адным дыханні і неўзабаве рызыкуе разысціся на цытаты. Напрыклад: “Галоўнае на эстрадзе — не голас, а імідж, а голасу трэба роўна столькі, каб гэты імідж не сапсаваць”.
Сутнасць “тэорыі хваляў” Эдуард Сямёнавіч таксама здолеў выразіць афарыстычна: “Кожнай зорцы рана ці позна прыходзіць Ханок”.
— Экскурс у творчасць Алы Пугачовай быў патрэбны мне, перадусім, для таго, каб зафіксаваць сваю тэорыю і прыцягнуць да яе ўвагу шырокай публікі, — прызнаецца даследчык. — Цяпер я пайшоў далей, ствараючы хваляграмы творчасці выбітных асобаў: ад Пушкіна да Таранціна. На сённяшні дзень іх у маім набытку ўжо больш за сотню.
— Цікава, што ж яднае аўтараў “Яўгенія Анегіна” і “Крымінальнага чытва”?— Тое, што яднае літаральна ўсіх творцаў. Увесь свет жыве і заўсёды жыў паводле “закону хваляў”. Вось яго вызначэнне, цытую па памяці: “Траекторыя творчага жыцця або яго часткі мае форму хвалі з пяццю фазамі: пад’ём, кульмінацыя, прамежкавы спад, спад канчатковы і астаткавы след”. Маё даследаванне засведчыла: схема гэтая універсальная. Так або іначай, яна праяўляецца ў біяграфіі кожнага! Варта толькі зірнуць на іх хваляграмы...
— Добра было б патлумачыць гэты тэрмін для нашых чытачоў...— Хваляграмы — гэта маё ноўхаў, своеасаблівы творчы рэнтген. На пачатку я вызначаю дамінантныя моманты творчага шляху. У шоу-бізнесе гэта знакавыя хіты, у класічнай музыцы — шэдэўры... Вось я напісаў “Малінаўку”, далей было “То ли ещё будет” і г. д. Яны і ўтварылі мне хвалю, якую можна адлюстраваць з дапамогай графіка. Але з часам любая хваля ідзе на спад. Нейкі час яшчэ можна трымацца за кошт былога — я называю гэта “астаткавай хваляй” — але ўрэшце...
— Чаму ж так адбываецца?— Талент — гэта здольнасць пераўтвараць пабачанае і пачутае ва ўласны творчы прадукт. Асоба назапашвае энергію, і калісьці, у адзін цудоўны момант, яна выплёскваецца вонкі, спараджаючы хвалю. Але запасы энергіі не вечныя. Ніводзін чалавек не можа працаваць да бясконцасці. Ёсць творцы, у жыцці якіх бывае не адна хваля, а дзве або нават тры. Але ж шоу-бізнесу апошняе не тычыцца. Тут, як і ў спорце, старэюць вельмі хутка. І пра гэта мусіць памятаць кожны.
— Але што рабіць артысту, калі ягоная хваля ўжо нібыта сышла, а душа спявае?— На здароўе, хай спявае! Для сябе, для сяброў або “калі папросяць”. Але не варта мець звышамбіцый. Іначай няздольнасць іх рэалізаваць выявіцца ў прыкрых выкідах негатыўнай энергіі. Я называю гэтую з’яву “комплексам Зідана”, у гонар выбітнага французскага футбаліста, які завяршыў сваю кар’еру скандалам. Калі ты не ведаеш закону хваляў, можаш пацярпець такое самае фіяска. І потым абвінавачваць у гэтым усіх, апрача сябе самога.
— А як жа гэтыя бясконцыя настальгічныя праекты: “Хіты 80-ых” і г. д.?— У тым і справа, што настальгічныя. Быў не так даўно на канцэрце Тухманава, і калі гучалі старыя песні, зала плакала. А вось новыя... У мяне ўзнікла адчуванне, што яны маглі б стаць папулярнымі год дваццаць таму. Сёння іншы час, і “ў яблычак” яны ўжо не трапляюць. Прафесія песенніка— прафесія часовых эмоцый, а час ляціць несупынна. Застаецца хіба настальгія.
— Абыходзячыся з эстрадай гэтак жорстка, вы пілуеце сук, на якім седзіце. Вас гэта не бянтэжыць?— Рэч у тым, што гэта не зусім мой сук. Я невыпадкова скончыў тэарэтыка-кампазітарскі факультэт Маскоўскай кансерваторыі. Унутры мяне заўсёды сумяшчаліся гэтыя два пачаткі. Як кампазітар, я ўжо ўсё сказаў. А вось як тэарэтык... Тут я толькі на пачатку шляху. Кампазітар — гэта мая прафесія. А даследчык — пакліканне! Не думаю, што Андрэй Макарэвіч стаў бы шчаслівым, калі б застаўся працаваць архітэктарам. У мяне бадай тое самае. За напісаннем шлягераў я ніколі не заседжваўся да пяці ранку.
Што да эстрады... Для мяне, з маёй класічнай адукацыяй, пісаць шлягеры было неяк... няёмка. Я заўсёды ставіўся да “папсавікоў” з пэўнай доляй пагарды. А цяпер, калі я прыходжу ў кансерваторыю і бачу там партрэты вялікіх, дык міжволі сабе прыгадваю: Чайкоўскі? Разабраны. Бах? Разабраны. Рымскі-Корсакаў? Пакуль пачакае.
— Ці думалі вы пра нейкае практычнае прымяненне сваёй тэорыі?— Ці думалі сярэднявечныя даследчыкі анатоміі чалавека, што калісьці медыкі здолеюць рабіць перасадку нырак? Адкрыцці здараюцца спантанна, па натхненні. А потым... Думаю, мая тэорыя прыдасца чалавецтву, і не абы-як прыдасца. Магчыма, праз пэўны час кожны з нас здолее замовіць сваю хваляграму і ацаніць уласны патэнцыял — які, дарэчы, далёка не заўсёды залежыць ад узросту...
— Існуюць два вечныя пытанні: ці ёсць у жыцці шчасце і што трэба зрабіць, каб стаць папулярным? Першае мы закранаць не будзем, а што гаворыць ваша тэорыя наконт другога?— Перш-наперш, трэба мець станоўчую энергетыку. Яна, у сваю чаргу, мае два складнікі: напор і зараджанасць. Напор можа быць вельмі моцным, але калі ты не здатны выпраменьваць флюіды, якія запальваюць залу, літаральна яе гіпнатызуюць, выніку не будзе. Ёсць такая з’ява, як “пустая энергетыка”. Ты крычыш з усяе моцы, са скуры вылузваешся, але... усё марна. Гледачы паціскаюць плячыма і пакідаюць залу. Магчыма, з цягам часу людзі навучацца зараджаць гэтыя флюіды. Гэта будзе рэвалюцыйнае адкрыццё!
— Сёння папулярнае меркаванне, што асоба артыста ў шоу-бізнесе мае другасную ролю, у адрозненне ад сувязей і проста грошай...— Сувязі, шаноўны, заўсёды адыгрывалі ролю, нават у савецкі час. Праўда, тады для раскруткі бездараў выкарыстоўваліся дзяржаўныя грошы, а цяпер — уласныя. Хочаш выкідаць свае крэўныя на сметнік — калі ласка, гэта тваё асабістае права! Прычым грошы сёння трацяцца зусім не для набыцця эфірнага часу. Усё гэта байкі: тэлемагнаты ў Расіі сталі настолькі багатымі, што іх вашы капейкі не цікавяць. Грошы патрэбныя дзеля таго, каб знайсці добрых прадзюсераў і выпускаць якасны прадукт. Калі ў вас ёсць лішні мільёнчык, знойдзецца нямала ахвотных дапамагчы вам яго “асвоіць”. Але...
— Але што?— Магу сказаць толькі адно: калі артыст мае пустую энергетыку, ён ніколі не запаліць залу, колькі б грошай у яго ні “ўбухвалі”. А той, хто здатны выпраменьваць гэтыя флюіды, патрабуе не так і шмат сродкаў на раскрутку. Напрыклад, Дзіма Калдун. Яму не спатрэбіліся шматмільённыя інвестыцыі.
— Раней прарыў у Расію быў для беларускага выканаўцы галоўным крытэрыем поспеху, але цяпер многія думаюць, што распрацоўваць гэты вектар зусім неабавязкова...— ... А ў Расіі, тым часам, вядуцца дыскусіі, ці трэба нашым артыстам шукаць шчасця на Захадзе. Адказ на абодва пытанні вельмі просты: там вас ніхто не чакае. Што да лакальнай папулярнасці... Ведаеце, кожны спартсмен хоча выйграць не толькі нацыянальны чэмпіянат, але і міжнародны. Зрэшты, магчыма, беларускія артысты здолеюць прабіцца на Захад напрасткі. Тым болей, ёсць досвед “Песняроў”, якія ўспрымаліся як свайго кшталту экзотыка.
Праблема, якая не дазваляе беларускім артыстам прабіцца ў Расію, а расійскім на Захад — адна і тая самая. Гэта тэхналагічнае адставанне. Ёсць два фактары поспеху: талент і тэхналогія. У савецкія часы наша эстрада варылася ва ўласным соку, і наступствы ўсё яшчэ адчувальныя. А цяпер, апынуўшыся ў адкрытым моры сусветнага шоу-бізнесу, рызыкуе там патануць, не вытрымаўшы канкурэнцыі. Параўнальна з заходнім узроўнем, тутэйшая поп-музыка — гэта прафесійная самадзейнасць. Бо для развіцця талентаў бракуе добрай тэхналагічнай базы. Прычым беларускай эстрады гэта датычыцца яшчэ больш, чым расійскай.
— Якой здаецца сённяшняя папулярная музыка яе ветэрану? Яна лепшая або горшая за тыя часы, калі вы былі “на грэбені хвалі”?— Музыка сёння не кепская і не добрая. Яна — сённяшняя.
P.S. Якога пытання бракавала ў гэтай гутарцы? Вядома, пра тое, наколькі дастасоўваецца бязлітасны “закон хваляў” да самога яго аўтара — кампазітара і чалавека. Якой выглядае ягоная ўласная хваляграма? Задаць гэтае пытанне я, па шчырасці, не наважыўся. Але ж Эдуард Ханок, здаецца, і без таго даў на яго адказ.
Ілля СВІРЫН
Фота Пятра ОВАДА