Пётр Шарыпа. "Нясвіж"
Пётр Шарыпа — майстар пейзажнага жывапісу другой паловы XX стагоддзя. Ён быў сябрам Беларускага саюза мастакоў. Выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер Гімназія-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка). На выставе, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння мастака, паказана каля 80 карцін — прыкладна трэць яго спадчыны.
Падрыхтавала выставу дачка і творчая паслядоўніца Пятра Шарыпы Алена, таксама мастачка. “Амаль усе работы, якія тут паказаныя, — з нашага сямейнага збору. Дзве — з Мастацкага фонду: “Старыя дрэвы” і “Браслаўшчына”, — кажа Алена Пятроўна. — Некаторыя карціны экспануюцца ўпершыню. Я ўдзячная за дапамогу Беларускаму саюзу мастакоў і супрацоўнікам галерэі Міхаіла Савіцкага. Выставачная прастора арганізаваная вельмі цікава: па меры таго як глядач перамяшчаецца па залах, перад ягоным позіркам паўстаюць краявіды ў перспектыве, у нечаканых ракурсах”.
Пейзажы Пятра Шарыпы раскрываюцца, нібыта 3D-выявы, калі сузіраць іх на адлегласці. У творчым стылі мастака адчуваюцца вялікая жывапісная культура, тонкасць малюнка і колеравай перадачы. Шарыпа працягваў традыцыі рускага і беларускага пейзажнага жывапісу, яму падабаліся Бялыніцкі-Біруля, Жукоўскі, Рушчыц. Але ён пайшоў далей і глыбей за Рушчыца ў напрамку рэалістычнага пейзажа.
Адзін з частых матываў у творчасці Пятра Шарыпы — імклівая рачная плынь, вызваленая з ледзянога палону. “Тата вельмі любіў злавіць момант таяння снягоў, паводку, — успамінае Алена Пятроўна. — Прышвін называў гэтую пару “вясной святла”: калі сонейка ўжо дасылае зямлі цеплыню, але наўкол яшчэ багата снегу — вельмі светлыя, напоўненыя ззяннем дні. І эцюды таты прасякнутыя водбліскамі сонца, трыумфам вясны над зімой”.
Пётр Шарыпа шматкроць прыязджаў працаваць на сваю малую радзіму — Аршаншчыну, да маці, якая жыла ў некалькіх кіламетрах ад вёскі Арашкі, дзе ён з’явіўся на свет. Родныя лясы, вёсачкі, азёры натхнялі мастака ў юнацтве і сталасці. У экспазіцыі вылучаецца “Развітанне з роднай вёскай” — вялікае жанравае палатно, якое мае некалькі сэнсавых пластоў. У трох жаночых вобразах творца ўвасобіў уласных маці, жонку і дачку. Сюжэт, які чытаецца адразу, — бабуля развітваецца з роднымі, якія прыязджалі на лета адпачыць у вёсцы. І застаецца сам-насам з нялёгкімі ўспамінамі, старымі рэчамі, пажоўклымі франтавымі лістамі. Бацька мастака і яшчэ некалькі мужчын з яго роду загінулі на Вялікай Айчыннай вайне. Іх постаці на архіўных фотаздымках выступаюць з аблокаў над галавой бабулі. А яе 16-гадовая ўнучка ўжо ўглядаецца шырока раскрытымі вачыма ў сваю будучыню — у светлую далячынь.
Нямала летніх эцюдаў створаныя ў ваколіцах вёскі Чэхаўшчына Валожынскага раёна, у Івянцы, куды мастак-настаўнік вазіў на практыку сваіх вучняў. Пётр Шарыпа быў таксама актыўным удзельнікам пленэраў, якія ладзіліся па ўсёй Беларусі. У свае пейзажы ён арганічна ўключаў архітэктурныя помнікі Полацка, Нясвіжа, Гальшанаў…
“Тата пісаў з натуры досыць хутка: звычайна ён паспяваў завяршыць пейзаж за тры-чатыры гадзіны, — згадвае дачка мастака. — Спяшаўся, бо краявід ніколі не бывае статычным: праплываюць аблокі, мяняецца асветленасць. Ён умеў віртуозна перадаць свячэнне і бясконцую зменлівасць неба. Па маіх адчуваннях, з цягам часу яго працы ачысціліся ад уласцівага мастаку налёту смутку і сталі больш радаснымі. Гэтай радасцю, узнёсласцю, квеценню фарбаў я хацела падзяліцца з гледачамі, калі задумала бацькаву выставу”.
Святлана ІШЧАНКА