— П’есу мне прынесла Тамара Міронава, якая будзе граць Грэйс, — распавёў рэжысёр Данііл Філіповіч. — Ціхенька так падклала ў грымёрку і чакала маёй рэакцыі. Хай іншыя рэжысёры жывуць паводле схемы — я ж імкліва рэагую на сітуацыю, мне важны сам працэс. У спектаклі чакайце шмат нечаканага, мы вас заблытаем і агаломшым, будзе нават некалькі фіналаў, мноства спасылак на іншыя творы, уключаючы “Гамлета”. Думаю, усе звярнулі ўвагу на змену назвы — гэта спасылка на раман амерыканскага пісьменніка Фоера і зняты па ім фільм. Партрэт Тамары Міронавай на афішы да спектакля — з вачыма Зінаіды Зубковай, якая сыграе ролю Жанчыны ў акенцы. Я ўвогуле люблю падобныя спасылкі, цытаты, спалучэнні. Назіральнікамі ж у нас будуць усе — і гледачы, якіх мы пасадзім па абодва бакі сцэны за вокнамі (спасылка на трылер Хічкока “Акно у двор”), і камера, што здымае падзеі, і залатая рыбка, якой у п’есе няма, а ў нас яна будзе ўпісана ў дзеянне як асобны персанаж. Яшчэ я прыдумаў і дапісаў Жонку Кэмпа, каб больш падрабязна прасачыць гісторыю гэтага героя, яе сыграе Таццяна Гулевіч. Жонка ўвесь час сыходзіць — і гэта перайначаная цытата стужкі Кіры Муратавай “Вечнае вяртанне”. Я рады, што склалася добрая каманда, бо гэта той выпадак, калі не караля грае світа, а ўсё наадварот — галоўны герой задае імпульс астатнім удзельнікам спектакля. Вельмі цікавая музыка, кампазітар Андрэй Цалко
— Над намі Бог лунае, — дадала народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова. — Бо дасылае нам артыстаў, за якіх не сорамна. Аднаўлялі “Паўлінку” — з’явілася Настасся Варанкова. У “Жаніцьбе” ў цэнтры апынуўся Ілья Крук. На гэты раз Гасподзь даслаў нам Сяргея Бірульчыка, які грае цэнтральную ролю Кэмпа. Нам Бог дапамагае, я ў гэта веру.
— Я заўжды хацеў патрапіць у калектыў, дзе ёсць узроставыя акцёры, — падзяліўся думкамі Сяргей Бірульчык. Дагэтуль артыст працаваў у Палескім драмтэатры ў Пінску, і на VII Міжнародным тэатральным фестывалі “Смаленскі каўчэг” яго Хама ў спектаклі “Вій”, пастаўленым Паўлам Марынічам, быў адзначаны як лепшая мужчынская роля першага плана. — Але глядзеў у бок Масквы, бо мой кумір — рэжысёр Рымас Тумінас, які цяпер з’яўляецца мастацкім кіраўніком тэатра імя Вахтангава. Пакуль не даведаўся пра кастынг, Купалаўскім тэатрам увогуле не цікавіўся...
12 лютага тэатр пабываў на гастролях у Бабруйску. Паспяхова!
— Можа, хто прыйшоў паглядзець, як мы правалімся, — узгадалі ўдзельнікі паездкі. — Але пасля “Жаніцьбы” ўсе былі ў захапленні. Гаварылі, такое ўражанне, быццам тэатр з Масквы прыехаў. А зранку пасля “Шакаладнага дрэва” дзеці пабеглі на сцэну рабіць фота, асабліва з Медузамі. Гэта вельмі важна, бо дзеці, якія прыходзяць на казку, потым прыйдуць на дарослыя спектаклі.
Што ж да цяперашняй прэм’еры, дык спектакль “Чакана гучна і да болю блізка” пажадана паглядзець як мінімум двойчы, прыдбаўшы квіткі на розныя бакі глядацкай часткі. Як запэўніў рэжысёр, гэта будуць два розныя спектаклі, бо з кожнага ракурсу бачна штосьці іншае, што змяняе ўражанне і нават абмалёўку герояў.