— Канцэрт называецца “Я сэрца аддам Беларусі” — і гэтая назва, няцяжка зразумець, для вас невыпадковая.
— Канешне! Усе нашы песні — пра родную Беларусь. А ў гэты канцэрт я адбіраў сярод іх тыя, дзе ёсць слова “сэрца”, — такая вось канцэпцыя. Будзе многа прэм’ер — і народных апрацовак, і аўтарскіх песень. Сярод іншых цікавостак — выкарыстанне відэа, выхад артыстаў з глядзельнай залы, што не толькі прыязна ўспрымаецца публікай, але і сцірае мяжу паміж сцэнай і залай, як гэта ўласціва народнаму выканальніцтву. На канцэрт прыедуць вайскоўцы з Дзяржпагранкамітэта. Справа ў тым, што нашага баяніста Ігара Дзіўкова забралі ў войска. Але на гэты дзень яго адпусцяць, каб ён мог удзельнічаць у выступленні, і разам з ім прыедзе “група падтрымкі”.
— А хто быў у вашай “групе падтрымкі”, калі вы абралі менавіта фальклорны ўхіл, народную песню?
— Гэта закладалася з самага дзяцінства. Я просты хлопец, нарадзіўся на Лідчыне, на хутары непадалёк ад вёскі Рэпнікі. Маці добра спявала, бацька граў на барабанах, брат песні складаў. Дый у вёсцы без фальклору не абыходзілася. А колькі яго па радыё перадавалася! Памятаю, як мы ў школе танчылі — пад песню “Цячэ вада ў ярок”. Мне так усё гэта падабалася! Неяк маці запытвае: “Што падарыць табе на дзень народзінаў?” А я кажу: “Дыктафон”. — “Навошта? Што ты такое запісваць на яго збіраешся?” — “Буду твой голас запісваць, як ты спяваеш. І народныя песні — усе, што ад каго пачую”. Той дыктафон у мяне гадоў 15 быў, пакуль не разваліўся. Яшчэ я зборнікі народных песень шукаў, адтуль песні вучыў. І так мне цікава было, што адна і тая ж песня можа зусім па-рознаму спявацца — у тых ці іншых варыянтах, не гаворачы пра далейшыя разнастайныя апрацоўкі і пералажэнні. І колькі розных дыялектаў! Адны і тыя ж словы і так і гэтак вымаўляюцца, ледзь не кожная мясцовасць мае свае асаблівасці.
— Дык можна сказаць, вы ўжо ў дзяцінстве сталі апантаным этнографам, збіральнікам народных песень?
— Гэта перабольшванне. Але і сапраўды — для мяне тое было вельмі важна і цікава, я ўсім тым захапляўся. А значна пазней, у 1993-м, пазнаёміўся са знакамітым фалькларыстам Васілём Ліцвінкам. Адбылося неяк выпадкова.
— З вашым веданнем фальклору — і выпадкова? Лагічна было б, калі б вы самі яго знайшлі, маўляў, я ваш малодшы калега, давайце супрацоўнічаць.
— Не-не, я тады вельмі сціплы быў. Але менавіта фальклор мне і дапамог! Васіль Дзмітрыевіч выкладаў у БДУ, і адзін мой сябра папрасіў здаць залік — замест сябе. Я збянтэжыўся: “Мне што, грыміравацца трэба? Усё роўна ж заўважыць падмену”. — “Ды так атрымалася, што я ўсе яго заняткі прапусціў, ён мяне не бачыў. А з тваім веданнем фальклору дакладна ўсё добра будзе”. Карацей, атрымаў я той залік, нават пасябраваў з Ліцвінкам. Праўда, ён яшчэ доўга мяне Сашыкам называў і вельмі здзівіўся, калі потым высветлілася, што я Слава. Менавіта Ліцвінка мне падказаў, што ў ансамбль “Свята” патрабуецца саліст. Калектыву тады было 9 гадоў, але слава пра яго ўжо грымела па ўсёй краіне. Я прыйшоў у філармонію на праслухоўванне з нейкай трывогай, неспакоем, заблукаў у калідорах. Але стваральнік і тагачасны кіраўнік “Свята” Васіль Купрыяненка развеяў мае сумневы. Спачатку ён здзівіўся, маўляў, адкуль ты столькі песень ведаеш? А потым сказаў: “Ты ж гатовы артыст!”
— Але некаторы час вы ўсё ж вагаліся? Маючы акцёрскую адукацыю, пэўна, абіралі паміж песняй і тэатрам.
— Тыя ваганні куды раней пачаліся. У школе ў нас быў тэатральны гурток, мы ставілі “Паўлінку”, я іграў там пана Быкоўскага. А калі задумаўся, куды паступаць вучыцца далей, дык спачатку вырашыў ісці ў Лідскі музычны каледж. Але бацька адвёз мяне ў Мінск, прывёў у Купалаўскі тэатр — не ўвечары на спектакль, а днём, маўляў, паглядзіце майго хлопца. І нам пайшлі насустрач. Склалася гэткая імправізаваная камісія: рэжысёр Валерый Раеўскі, зоркі тэатра Аўгуст Мілаванаў, Лілія Давідовіч. Яны паслухалі мяне і накіравалі да Іллі Кургана ў Акадэмію мастацтваў. А той, у сваю чаргу, прапанаваў паступаць на акцёра. Бацькі прыкінулі: каледж — гэта сярэдняя адукацыя, Акадэмія мастацтваў — вышэйшая. Дый у сталіцы, што ні кажыце, перспектыў куды больш. Я паехаў у Мінск на ўступныя іспыты — і ў мяне атрымалася! Пасля заканчэння вучобы паўтары гады працаваў у ТЮГу, а потым усё ж любоў да песні перамагла.
— Але ж і тэатр аказаўся для вас не залішнім! Артыстызм яшчэ нікому не шкодзіў, а тым больш музыкантам. Невыпадкова гавораць, што песня — гэта міні-спектакль.
— Чым далей, тым больш разумею, што народная песня — маё жыццё. І гэта не проста высокія словы, усё так і ёсць. А “Свята” — гэта і ёсць сапраўднае свята, што напаўняе працоўныя будні. Гэта адчуванне, гэту любоў да роднай песні, мовы, да нашай роднай Беларусі мы і імкнёмся перадаць сваім гледачам і слухачам. Мяркуючы па апладысментах і колькасці выступленняў, што праходзяць з нязменным поспехам, — мабыць, атрымліваецца.