Па меркаваннях Сяргея Пешына, дырэктара выдавецтва “Беларусь”, кнігі пабачылі свет не толькі з нагоды 100-годдзя заключэння Рыжскага міру і не толькі таму, што ў краіне будуць святкаваць Год народнага адзінства, але і з прычыны, што беларуская грамадскасць саспела да таго, каб зірнуць на праблему раз’яднання нашага народа з 1921 па 1939 гады, не баючыся, урэшце, нікога пакрыўдзіць. Для стварэння прэзентуемых кніг на дадзеную тэму былі выкарыстаны матэрыялы з першакрыніц: Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага архіва КДБ РБ, фонду “Гістарычная памяць” (Масква). Задача была зрабіць кнігу для чытачоў даступнай і прапанаваць зірнуць на азначаную праблему ў цэлым.
Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў, што згодна з Рыжскім мірным дагаворам Польшча стала міжнацыянальнай краінай, значная частка якой, 36%, складалася з так званых нацыянальных меншасцей. Але ж заходнія беларусы ніколі не былі на сваёй зямлі нацыянальнай меншасцю. Пра тое можна было казаць толькі ў адносінах да ўласна ўсёй Польшчы. Тым не менш “на крэсах усходніх, як казалі за польскім часам, здзяйснялася палітыка асіміляцыі і паланізацыі, а ў коле польскіх эліт валадарыла канцэпцыя таго, што беларусы і ўкраінцы не паўнавартасныя народы. Дакументальнымі доказамі паказваецца справядлівасць уз’яднання Беларусі. Што тычыцца пакта Молатава — Рыбентропа, то дакументы дазваляюць казаць, што ён быў заключаны з прычыны немагчымасці дамовіцца пра калектыўную бяспеку ў Еўропе з аднаго боку Савецкім Саюзам, з іншага — Англіяй і Францыяй.
Сяргей Трэццяк асабіста прыкладаў руку да стварэння кнігі і выказаў думку, што дадзеныя навукова-публіцыстычныя работы, на жаль, не былі надрукаваны раней. Магчыма, іх з’яўленне зараз дапаможа не рабіць ілжывых высноў, што Германія была абаронцай інтарэсаў Еўропы ад СССР. З іншага боку, Польшча яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны прымала ўдзел у частковай акупацыі Чэхаславакіі (была акупавана Цешынская вобласць). Гэта сведчыць пра тое, што Польшча тых часоў не вельмі адпавядала краіне з устойлівай дэмакратыяй і вырашала перш за ўсё свае карысныя памкненні, грунтаваныя на ўласнай выгадзе. Таму тое, што СССР не ўступіла ў 1939 годзе ў баявыя дзеянні з Германіяй, можна назваць напружаным назіраннем і спробай асэнсаваць няпростыя падзеі ў міжваенны перыяд.
Пра ўсё гэта можна прачытаць у прэзентаваных кнігах. Яны ўжо паявіліся ў кнігарнях і, несумненна, паявяцца і ў бібліятэках краіны. Кнігі разлічаны на ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі азначанага часу, і будуць зразумелы як дарослым людзям, так і школьнікам.