Уводзіны
Гісторыя гэтых мясцін даўняя і цікавая. Калісьці тут жылі крывічы, ад якіх да нашага часу засталіся курганы і велізарны каменны крыж на беразе возера. Пазней тут атабарыўся род князёў Друцкіх. А ў ХІХ стагоддзі ад гаспадароў Лускінаў маёнтак перайшоў да Цюндзявіцкіх. Менавіта дзякуючы ім аграмаёнтак пераўтварыўся ў моцны прамысловы вузел і атрымаў назву “Беларускага Манчэстэра”, які нават згадвалі ў СМІ напачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, ведаў гаспадароў маёнтка і, магчыма, бываў у Галошава вядомы філамат, паэт і геолаг Тамаш Зан (жыў у адносна недалёкім Какоўчына, пахаваны ў Смалянах, — вось і турыстычны маршрут). Пасля вайны ў Галошава была школа, а калі школу закрылі, у сядзібу прыйшлі абыякавыя людзі альбо вандалы. Яны, на жаль, доўга не пакідалі сядзібу “без увагі”, нягледзячы на розгалас, узняты ў СМІ. Гэта вынікае з фотаздымка, зробленага вясной, на якім бачна, што з левага крыла будынка 1897 года пабудовы цалкам (!) знік дах. Хаця зімой частка даха (з кроквамі і шыферам) яшчэ была. А вясной 2019 года, за месяц да нашага першага візіту, чатыры цагляныя калоны параднага ганку былі знесены гаспадарчай групай Талачынскага райвыканкама. Без асаблівай на тое прычыны (калоны былі ў ідэальным стане). Ну, калон ужо не вярнуць. Трэба захаваць, што засталося. А засталося нямала.
Рашэнне
Вестка аб тым, што пытанне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці вырашана станоўча, маланкай абляцела Беларусь каля тыдня таму. Але перад тым як паведаміць важную навіну, мы вырашылі пачакаць афіцыйнага пацвярджэння. Цяпер мы можам спаслацца на дакумент, якім з намі падзяліўся старшыня ГА “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” спадар Антон Астаповіч:
“Рашэнне Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 23 чэрвеня 2021 г. № 328 Аб наданні статусу і катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
…
2. надаць нерухомай матэрыяльнай каштоўнасці “Сядзібна-паркавы комплекс Цюндзявіцкіх: рэшткі сядзібнага дома, рэшткі флігеля і дзвюх гаспадарчых пабудоў, фрагменты парку” (датаванне каштоўнасці — канец ХІХ ст.), размешчанай ў Талачынскім раёне ў в. Галошава на вул. Школьнай, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і катэгорыю “3”.
3. Талачынскіму раённаму выканаўчаму камітэту ў месячны тэрмін:
3.1. арганізаваць падпісанне ахоўных абавязацельстваў;
3.2.забяспечыць падрыхтоўку пашпартоў на дадзеныя гісторыка-культурныя каштоўнасці.
4. Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскласці на начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта”.
У законе Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” маецца такое азначэнне катэгорыі “3” — “гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь”. Бясспрэчна, Галошава ўсім гэтым вартасцям адпавядае і значнасць мае.
Апрача сядзібна-паркавага комплексу Галошава згодна з тым жа рашэннем статус помніка “3” катэгорыі атрымаў “Помнік Я.П. Кульнёву”, размешчаны ў Полацкім раёне, на левым беразе ракі Дрыса на месцы былой Сівошынскай пераправы. Якаў Кульнёў быў генерал-маёрам расійскага войска. Загінуў на гэтым месцы ў 1812 годзе. У 1834 годзе быў перапахаваны ў маёнтку яго брата (сёння Латвія).
Што далей?
Думаем, што без чарговага выезда на аб’ект “К” не абыйсціся. Хацелася б пачуць адносна гэтага рашэння меркаванні мясцовых жыхароў, якіх, на вялікі жаль, у вёсцы засталося не так і шмат. Трэба ж было б і паразмаўляць адносна лёсу гісторыка-культурнай каштоўнасці “3 катэгорыі” з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі ў Галошава, ля сцен сядзібы, якая сёлета мусіла пераўтварыцца ў гару будаўнічага смецця (гл. “К” № 13 , 2021).
Магчыма, мы заспеем у Галошава якую-небудзь талаку энтузіястаў, да якой з ахвотай далучымся. Бо, як вынікае з публікацый у сацыяльных сетках, ёсць шмат грамадзян нашай краіны, якім Галошава не абыякава. Бывае там і немалая колькасць турыстаў, асабліва ў апошні час, калі імя сядзібы пастаянна на слыху. І колькасць іх будзе толькі павялічвацца. Таму, адначасова з распрацоўкай пашпартоў аб’екта, хацелася б, каб мясцовая адміністрацыя падумала пра інфармацыйныя стэнды з гісторыяй Галошава. Як гэта робіцца там, дзе да сваёй спадчыны ставяцца з павагай.