Для аўтара п’есы Андрэя Курэйчыка і рэжысёра-пастаноўшчыка Міхася Краснабаева (дарэчы, да яго юбілею і была прымеркавана новая работа коласаўцаў) гэтая фантастычная гісторыя набывае характар прыпавесці. Але калі ў драматурга адчуваецца хутчэй іранічны погляд на падзеі і ўсіх без выключэння герояў (уключаючы сюды і анёла), то рэжысёр глядзіць на гэта больш сур’ёзна, завастраючы праблематыку твора, драматызуючы матэрыял, адмаўляючы ці, ва ўсякім выпадку, мікшыруючы камедыйнасць. Гумар хоць і ёсць, ад яго немагчыма зусім адступіцца, але ён выяўляецца спакваля. У гэтым плане адчуваецца, што рэжысёр нават стрымлівае некаторых акцёраў, якія валодаюць яркай камедыйнасцю (напрыклад, таго ж Юрася Цвірку ў ролі айца Ганзага).
Галоўнымі героямі спектакля з’яўляюцца Пелаё (арт. Цімур Жусупаў) і яго жонка Элісэнда (арт. Тамара Краснабаева-Чарняк), на чый двор якраз і занесла Анёла (арт. Генадзь Гайдук). Гэта падзея прыводзіць іх у поўную збянтэжанасць. Калі жонка прапануе мужу забіць старога (які, як ёй здаецца, прыляцеў, каб забраць яе дзіця), той не можа на гэта рашыцца. Альбо з’яўляецца куды больш памяркоўным, чалавечным, хоць у наступным эпізодзе лёгка можа накінуцца на суседа, альбо (што хутчэй) пэўныя змены з ім адбываюцца пад уздзеяннем менавіта Анёла. І далей Пелаё праяўляе куды большае спачуванне, спагаду ў адносінах да Старога, чым жонка, больш прагматычная і прагная да грошай. Асабліва яе сутнасць праяўляецца бліжэй да фіналу, калі яна апантана адстойвае свае “правы” на Анёла нават перад узброенай суседкай.
Звычайна ў персанажаў прыпавесці вылучаецца нейкая адна рыса — станоўчая ці адмоўная. Напрыклад, прагнасць, хцівасць, альбо памяркоўнасць. Гэта дазваляе аўтару больш тыпізаваць персанажа, абагульніць той ці іншы мастацкі вобраз. Пелаё — больш няпросты, супярэчлівы персанаж. Такім ён пададзены ў спектаклі. Пэўная мужчынская брутальнасць спалучаецца ў ім з пяшчотай, спагадлівасцю, але разам з тым і падатлівасцю, памяркоўнасцю.
У вобразе Суседкі акцэнтуецца д’ябальская пажадлівасць, можа нават інфернальнасць. У яе вогненна-чорным адзенні, рухах, пластыцы ваўчыцы адчуваецца нешта вядзьмарскае. Але за ўсім гэтым — тое ж самалюбства, жаданне любой цаной авалодаць незямной істотай.
І яшчэ адзін вобраз, які іграе істотную ролю ў мастацкай сістэме спектакля. Гэта айцец Ганзага. Галоўная рыса — тая ж самаўлюбёнасць пры мізэрным аўтарытэце. Яго служэнне Богу — уяўнае. Насамрэч гэта служэнне царкве, сваім апекунам-заступнікам у сістэме царкоўнай іерархіі. Калі ён атрымлівае ліст з Рыма, то ў літаральным сэнсе кідаецца на калені і ледзь не гатовы расцалаваць гэты канверт. У фінале менавіта ён адпраўляе анёла падалей ад людзей. Хай усё застанецца, як і было. Так спакайней.
Хочацца звярнуць увагу на эпізадычных персанажаў, якімі густа населены новы спектакль. Гэта звычайныя, простыя людзі, дзіўныя і можа, прывабныя сваёй чалавечай непасрэднасцю і нейкай дзівакаватасцю. Вядома ж, яны любяць папляткарыць, і таму навіна пра з’яўленне Анёла разлятаецца ў адно імгненне. Анёл застаецца для іх істотай загадкавай і незразумелай, але гэта нагода зарабіць на ім і чакаць нейкіх нябачаных цудаў. Магчыма, нейкім кантрастам да іншых з’яўляецца Дачка суседа (арт. Раіса Грыбовіч) самая нягеглая дзяўчына ў мястэчку, з якой хочуць сасватаць прышэльца з крыламі і якой удаецца знайсці паразуменне з Анёлам, выйсці з ім на духоўны, душэўны кантакт. Аўтары спектакля праз гэты вобраз разважаюць аб сапраўднай, унутранай прыгажосці чалавека, да якой кожны з нас, відаць, павінен імкнуцца. Толькі тады мы зможам зразумець анёлаў. Выканаўца гэтай эпізадычнай ролі ўражвае сваёй унутранай змястоўнасцю. Яна вельмі дакладна перадае псіхалагічны стан сваёй гераіні, пераход (пад уздзеяннем Анёла, які ператварае яе слёзы ў бісер) ад нейкай гранічнай абыякавасці, застыласці, утрапёнасці да эмацыянальнай узрушанасці, бязмоўнага дыялогу. У другім эпізодзе яна ўжо з’явіцца, каб развітацца са Старым, якога памылкова аб’явілі памерлым. З’явіцца, каб гэтак жа моўчкі аддаць яму сваю даніну павагі і прызнанне ў каханні.
Філасофскі, метафарычны падтэкст мае ў спектаклі вобраз Жанчыны-павука (арт. Святлана Сухадолава), якая вымушана выступаць у нейкім вандроўным цырку. Рэжысёр акцэнтуе ўвагу не на яе знешняй вычварнасці, а хутчэй абвастрае яе асабістую, чалавечую драму. Сваю душу, свой унутраны боль яна раскрывае толькі Анёлу. Бо, відаць, у ім жанчына знаходзіць уласнае падабенства. Бо і ён таксама ў дадзеных варунках, замест таго, каб у нечым змяніць людзей, удыхнуць у іх нейкі жыццядайны струмень, наблізіць іх да Бога, вымушаны, быццам малпа ў цырку, забаўляць іх.
У вобразе Анёла выступіў Генадзь Гайдук, вядучы майстар коласаўскай сцэны. Роля таксама пазбаўлена тэксту, хоць герой знаходзіцца на сцэне цягам усяго спектакля. Але ён пераважна маўчыць. Яго незразумелае нікому маўленне перадаецца музычнай тэмай (здаецца, у ёй, гэтай мелодыі, таксама перасыпаецца бісер). Але вочы героя перадаюць значна большы змест, чым словы. Тут можа быць і пакорлівасць, і нязгода, і асуджэнне, і падзяка, і замілаванасць, і рашучасць.
Сцэнаграфія спектакля (аўтар мастацкага афармлення і касцюмаў — Наталля Лавіцкая-Ярмолава) дапамагае стварыць менавіта фантастычную гісторыю. Гэтая месячная дарога, куды Анёл сыходзіць і якая губляецца дзесьці далёка, гэтыя ідалы, быццам на востраве Пасхі, якія нібыта чакаюць прышэльцаў, — усё гэта стварае добрае ўражанне, мае філасофска-метафарычны змест. Колеравая гама касцюмаў, не прывязаных да нейкай канкрэтнай краіны альбо этнасу, у асноўным пабудавана на жоўтых, шэрых і сініх тонах. Усе яны нясуць пэўную сэнсавую нагрузку.
Спектакль завяршае не фінальная кропка, а хутчэй сэнсавае шматкроп’е. Анёл вырашае пакінуць Зямлю (бо ён не змог знайсці агульную мову з людзьмі), ён ужо ўздымае крылы, але раптоўны плач дзіцяці прымушае яго спыніцца і азірнуцца. Дзеці — гэта будучае. Ці ёсць будучыня ў чалавецтва? — задаюцца пытаннем стваральнікі спектакля. Галоўная яго думка палягае ў тым, што мы ў сваёй сумятэчы, сваёй паўсядзённай дробязнасці забываемся на вельмі важныя, істотныя рэчы. Таму не гатовы да духоўнага дыялогу з нейкай вышэйшай субстанцыяй. І толькі ў нейкай пагранічнай сітуацыі, на мяжы жыцця і смерці пачынаем задумвацца, аналізаваць сваё жыццё і разумець, што ёсць для нас самае галоўнае.
Юрый ІВАНОЎСКІ
Фота Наталлі ЛАВІЦКАЙ-ЯРМОЛАВАЙ