У Маладзечне ў пасляваенны час склаўся культурніцкі асяродак не горшы, чым у абласных цэнтрах. Тлумачэнне гэтаму феномену яшчэ трэба знайсці. Але сам досвед культурніцкага жыцця гэтага горада сведчыць, што мастацтва, ягоны стан і перспектывы не залежаць наўпрост ад геаграфічнага фактару. І ў невялікім горадзе можа быць паўнавартасны творчы асяродак, дзе будзе зручна і ўтульна людзям рознай цэхавай прыналежнасці — мастакам, артыстам, літаратарам…
Неяк Рыгор Сітніца сказаў, што ён адчувае сябе як дома ў любым горадзе, дзе ёсць мастакі і мастацтва. Прагучала гэта думка на вернісажы замежнага творцы, што прывёз у Мінск сваю выставу. Я люблю нашу сталіцу, пра што неаднойчы згадваю ў сваіх публікацыях, але і ў Маладзечне мне добра, бо там шмат сяброў сярод мастакоў. Дадам, мастакоў выдатных.
Мне падаецца, што нават праблема змены пакаленняў, што ў шэрагу рэгіянальных арганізацый Беларускага саюза мастакоў справакавала кадравы дэфіцыт, на Маладзечне не адбілася балюча. Захаванне здабыткаў, пераемнасць традыцый — вось тое, што характарызуе сённяшні стан мастацтва ў гэтым горадзе.
На выставе — найбольш знаныя асобы з ўсіх пакаленняў пасляваеннай культурніцкай гісторыі горада. Старэйшае пакаленне прадстаўлена творамі Ядвігі Радзялоўскай, Меера Аксельрода. Наступная генерацыя — Канстанцін Харашэвіч, Леанід Дударанка. Услед за імі прыйшлі ў мастацтва Аляксандр Пашкевіч, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Аляксандр Грышкевіч. Кожны з творцаў варты персаналіі.
Я не ўпэўнены, што можна гаварыць пра асобную, тым больш самадастатковую, маладзечанскую мастацкую школу. Але ў творчасці мастакоў гэтага рэгіёна ёсць рысы ўнікальнасці. І, бадай, галоўнае — гэта мастацтва, якое адпавядае ментальнай рэчаіснасці тых людзей, дзеля якіх па сутнасці і працуюць мастакі Маладзечанскага краю. А ў мастацтве яно так: калі патрэбны радзіме, дык і свету спатрэбішся. Гэта адносна малой радзімы…